28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гэтая прэмія — узнагарода мільёнам беларускіх грамадзян»

5
«Гэтая прэмія — узнагарода мільёнам беларускіх грамадзян»

У Осла на ўручэнні Нобелеўскай прэміі міру выступіла жонка Алеся Бяляцкага.

10 снежня а 15:00 паводле менскага часу ў Осла пачалася цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі міру. Яе лаўрэатамі сёлета сталі расейскі фонд «Мемарыял», украінскі «Цэнтр грамадзянскіх свабод» і заснавальнік беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі. Ад імя беларускага праваабаронцы, які ўжо 17 месяцаў знаходзіцца ў СІЗА, на ўручэнні прэміі выступіла ягоная жонка Наталля Пінчук, піша zerkalo.io.

Старшыня Нарвежскага Нобелеўскага камітэта Берыт Рэйс-Андэрсан у сваім уступным слове адзначыла, што Альфрэд Нобель падтрымліваў навукі, літаратуру і мір.

- У аснове яго бачання было перакананне, што таленавітыя і ўпартыя людзі, могуць змяніць свет, - сказала спікерка.

Яна падкрэсліла, што ўсе тры лаўрэаты змагаліся за захаванне правоў чалавека, дэмакратыю, свабоду слова, сходаў і вяршэнства закона, дакументавалі ваенныя злачынствы, каб аддаць даніну памяці пацярпелым і не дапусціць таго, каб такое паўтарылася ў будучым.

- Беларускія ўлады гадамі спрабавалі зрабіць так, каб ён замоўк, - сказала спікерка пра Алеся Бяляцкага. - Больш за 20 гадоў «Вясна» (заснаваная Бяляцкім – Заўв.) дакументавала рэпрэсіі ў дачыненні да актывістаў і палітычных апанентаў беларускага рэжыму. (…) Сёння мы ў думках з усімі вязнямі сумлення Беларусі і з Алесем Бяляцкім. Алесь, ты не адзін, мы разам з табой.

Спікерка падкрэсліла, Нобелеўскі камітэт шчыра верыць, што ўсе тры лаўрэаты прадстаўляюць жыццёва важную ролю, якую адыгрывае грамадзянская супольнасць у дасягненні і захаванні міру.

- Мы сустракаемся ў той час, калі дэмакратыя і свабода знаходзяцца ў глабальным заняпадзе. (…) Перад абліччам цяперашніх выклікаў свету патрэбныя адданыя навуцы навукоўцы і людзі, якія шукаюць праўду і пашыраюць межы нашых ведаў. Свету патрэбныя людзі, якія коштам велізарных уласных ахвяр кідаюць выклік рэпрэсіўным уладам і супрацьстаяць агрэсіі, - сказала Берыт Рэйс-Андэрсан.

Першай нобелеўскую прамову зачытала Наталля Пінчук. Яна выступіла на беларускай мове.

Поўны тэкст прамовы Наталлі Пінчук:

«Вашы Каралеўскія Міласці, Вашы Каралеўскія Высокасці, Шаноўныя сябры Нобелеўскага камітэту, шаноўнае спадарства.

З вялікім хваляваннем выпадае мне гонар выступіць тут на ўшанаванні лаўрэатаў прэміі Міру за 2022 год. Сярод іх і мой муж Алесь Бяляцкі. На жаль, ён не можа прыняць узнагароду асабіста. Ён за кратамі ў Беларусі. Таму я стаю за гэтай трыбунай.

Хачу выказаць вялікую падзяку Нарвежскаму Нобелеўскаму камітэту, пастанова якога ўмацавала Алеся ў гатоўнасці стаяць у сваёй праўдзе і дае надзею ўсім беларусам, што можна разлічваць на дэмакратычную салідарнасць у барацьбе за свае правы. Дзякуй усім, хто падтрымліваў Алеся, яго сяброў і яго справу ўсе гэтыя гады і падтрымлівае цяпер.

Шчыра віншую Цэнтр грамадзянскіх свабод і Міжнароднае таварыства «Мемарыял» з заслужанай узнагародай. Алесь і ўсе мы ўсведамляем, наколькі важна і рызыкоўна выконваць місію праваабаронцаў, асабліва ў трагічны час агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Не толькі Алесь у турме — тысячы беларусаў, дзясяткі тысяч рэпрэсаваных, зняволеных за сваю грамадзянскую пазіцыю знаходзяцца там. Сотні тысяч вымушаны ўцякаць з краіны толькі таму, што хацелі жыць у дэмакратычнай дзяржаве. У Беларусі, на жаль, ужо гадамі працягваецца вайна ўлады супраць уласнага народу, мовы, гісторыі, супраць дэмакратычных каштоўнасцяў. Пра гэта гавару тут з болем і перасцярогай, бо сённяшнія палітычныя і ваенныя падзеі пагражаюць Беларусі стратаю дзяржаўнасці і незалежнасці.

На жаль, улада з грамадствам размаўляе толькі пры дапамозе сілы — гранатаў, дубінак, электрашокераў, бясконцых арыштаў і катаванняў. Пра нацыянальны кампраміс або дыялог няма размовы. Пераследуюць дзяўчат і хлопцаў, жанчын і мужчын, непаўналетніх і людзей сталага веку. У беларускіх турмах уладарыць нечалавечае аблічча сістэмы, асабліва для тых, хто марыў быць свабоднымі людзьмі!

У такой сітуацыі невыпадкова, што за дэмакратычныя перакананні і праваабарончую

дзейнасць улады арыштавалі Алеся і яго паплечнікаў з Праваабарончага цэнтру «Вясна»:

у вязніцах Марфа Рабкова, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Леанід Судаленка, Андрэй Чапюк і іншыя праваабаронцы. Другія цяпер яшчэ пад следствам і пракурорскімі абвінавачваннямі, трэція вымушаныя былі эміграваць за мяжу. Але створанага звыш дваццаці пяці гадоў таму Алесем і яго аднадумцамі Праваабарончага цэнтра «Вясна-96» — не разбіць, не спыніць, не стрымаць!

Алесь не мог перадаць на волю тэкст свайго выступу, ён паспеў сказаць мне літаральна пару сказаў. Таму падзялюся з вамі ягонымі думкамі — і гэтымі, і запісанымі раней. Гэта фрагменты яго ранейшых выказванняў, твораў, разваг. Тут яго думкі аб мінулым і будучыні Беларусі, аб правах чалавека, аб лёсах свету і свабоды.

То перадаю слова Алесю.

Так бывае, што людзі, якія найбольш цэняць свабоду, часта пазбаўленыя яе. Я ўспамінаю сваіх сяброў — праваабаронцаў з Кубы, Азербайджану, Узбекістану, я ўспамінаю сваю духоўную сястру Насрын Сатудэ́ з Ірану. Я захапляюся кардыналам Язэпам Чэнем (Joseph Zen) з Ганконгу. Зараз у Беларусі тысячы людзей знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах, і яны ўсе мае браты і сёстры. Нішто не можа спыніць прагу людзей да волі.

Тут зараз у турме ўся Беларусь. Сядзяць журналісты, палітолагі, прафсаюзныя лідары, сярод іх багата маіх знаёмых і сяброў… Суды працуюць як канвеер, асуджаных развозяць па калоніях, а новыя хвалі палітзняволеных займаюць іх месца…

Гэтая прэмія належыць усім маім сябрам-праваабаронцам, усім грамадскім актывістам, дзясяткам тысяч беларусаў, якія прайшлі праз збіццё, катаванні, арышты, турму.

Гэтая прэмія — узнагарода мільёнам беларускіх грамадзян, якія выступілі ў абарону сваіх грамадзянскіх правоў. Яна падкрэслівае тую драматычную сітуацыю, якая склалася з правамі чалавека ў краіне.

Нядаўна ў мяне адбыўся кароткі дыялог.

— Калі на волю? - спыталіся ў мяне.

— А я і так вольны, у душы, — адказаў я.

Мой вольны дух лунае па-над вязніцай і над кляновым лістом абрысаў Беларусі.

Я зазіраю сабе ў сярэдзіну, і здаецца, што мае ідэалы не змяніліся, не страцілі каштоўнасць, не згаслі. Яны заўжды са мной, і я ахоўваю іх, як магу. Яны — як адлітыя з золата, і іх не бярэ іржа.

Мы хочам уладкаваць нашае грамадства як больш гарманічнае, справядлівае і спагаднае. Дабіцца незалежнай, дэмакратычнай Беларусі. Марым, каб яна была ўтульнай і прывабнай для жыцця. Гэтая ідэя высакародная, сугучная агульным для свету цывілізацыйным уяўленням. Мы ж не марым пра штосьці надзвычайнае, мы хочам усяго толькі «людзьмі звацца», як сказаў наш класік Янка Купала. Тут — і павага да сябе саміх, і да іншых, тут і правы чалавека, дэмакратычны лад жыцця, беларуская мова і нашая гісторыя.

Я рана пачаў ставіцца крытычна да савецкай рэчаіснасці. Сярод іншага, сутыкнуўся з рэзкім абмежаваннем ужывання беларускае мовы, з палітыкай дэбеларусізацыі, якая праводзілася тады — дый праводзіцца і цяпер. Ранейшая каланіяльная залежнасць Беларусі засталася. А ў выніку — пагроза для існавання беларусаў як народу.

Драматычная памылка — аддзяляць правы чалавека ад каштоўнасцяў ідэнтычнасці і Незалежнасці. У незалежніцкім падпольным руху я з 1982 года, фактычна з 20-ці гадоў.

Яго задача — дабіцца дэмакратычнай незалежнай Беларусі, у якой бы паважаліся правы чалавека. Не можа быць Беларусі без дэмакратыі і не можа быць правоў чалавека без незалежнай Беларусі. А грамадзянская супольнасць павінна валодаць такой ступенню незалежнасці, якая гарантуе бяспеку асобы ад злоўжыванняў улады дзяржавы.

Я веру, бо ведаю, што мінае ноч і надыходзіць ранак. Я ведаю, што нас няўтомна штурхае наперад, дык гэта надзея і мара.

Марцін Лютэр Кінг заплаціў за сваю мару жыццём, яго застрэлілі. Мая плата за маю мару меншая, але ўсё адно за яе даводзіцца плаціць. Я не шкадую ні кроплі. Бо мая мара вартая гэтага. Мае ідэалы сугучныя з ідэаламі маіх старэйшых сяброў і духоўных настаўнікаў чэха Вацлава Гавела і беларуса Васіля Быкава. Абодва яны прайшлі праз вялікія жыццёвыя выпрабаванні, абодва багата чаго зрабілі для сваіх народаў і культуры, абодва змагаліся за дэмакратыю і правы чалавека да апошніх хвілінаў свайго жыцця.

Немагчыма, каб на пустым полі адразу вырас добры ўраджай. Поле трэба добра ўгнойваць, камяні выбіраць… А тое, што пакінула ў Беларусі камуністычная ўлада за 70 гадоў, можна назваць выпаленай зямлёй…

Былі часы ў канцы 80-х гадоў, калі мы літаральна ведалі адзін аднаго ў твар… Але на пачатку 90-х з’явіліся тысячы і дзясяткі тысяч…

9 жніўня 2020 году ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Масавыя фальсіфікацыі прывялі да таго, што людзі выйшлі на вуліцу. У двубоі сышліся Дабро і Зло. Зло — добра ўзброенае. А з боку Дабра — толькі нечуваныя для краіны мірныя масавыя пратэсты, якія збіралі сотні тысяч людзей.

Улады напоўніцу запусцілі рэпрэсіўны механізм катаванняў і забойстваў — Рамана Бандарэнкі, Вітольда Ашурка і многіх іншых. Гэта найвышэйшы і нечуваны па сваёй жорсткасці ўзровень рэпрэсіяў. Людзі праходзяць праз неймаверныя катаванні і пакуты. Камеры і турмы больш нагадваюць савецкія грамадскія прыбіральні, дзе людзей трымаюць месяцамі і гадамі. Я абсалютна супраць таго, каб жанчыны знаходзіліся ў турме, а ўявіце, як ім даводзіцца ў турме Беларусі — у гэтым філіяле пекла на зямлі!

Выказванні Лукашэнкі пацвярджаюць, што выканаўцам дадзены карт-бланш, каб праз страх спыніць людзей. Але грамадзяне Беларусі патрабуюць справядлівасці. Яны патрабуюць, каб тыя, хто ўчыняў масавыя злачынствы, былі пакараныя. Патрабуюць свабодных выбараў. Ніколі ўжо Беларусь і беларускае грамадства не будуць ранейшымі, калі былі цалкам звязаныя па руках і нагах. Людзі прачнуліся…

Зараз перманентная барацьба дабра і зла разгарнулася ледзь не ў чыстым выглядзе ўва ўсім рэгіёне. Халодная сцюжа з Усходу сутыкнулася з цяплом еўрапейскага рэнесансу. Мала быць адукаваным і дэмакратычным, мала быць гуманным і міласэрным. Трэба ўмець бараніць свой набытак і сваю Айчыну. Недарэмна ў сярэднявеччы паняцце Айчыны было тоесным паняццю свабоды. Я дакладна ведаю, якая Украіна задавальняла б Расею і Пуціна — несамастойная дыктатура. Такая, як сённяшняя Беларусь, дзе не чуваць голасу прыдушанага народу. Расейскія вайсковыя базы, велічэзная эканамічная залежнасць, культурная і моўная русіфікацыя — вось адказ, на чыім баку Лукашэнка. Улады Беларусі незалежныя толькі ў той ступені, у якой ім дазваляе Пуцін. І таму трэба змагацца супраць «інтэрнацыяналу дыктатураў».

Я праваабаронца і таму прыхільнік негвалтоўнага супраціву. Я — не агрэсіўны па натуры чалавек, імкнуся гэтак заўсёды паводзіць сябе. Аднак я таксама добра разумею, што дабро і праўда павінны ўмець абараняць сябе.

Як магу, трымаю мір у маёй душы, рашчу яго, як далікатную кветку, адганяю злосць. І малюся, каб рэчаіснасць не прымусіла мяне адкапаць даўно закапаную сякеру і бараніць праўду з сякерай у руках. Мір. Няхай мір застанецца ў маёй душы.

А 10 снежня мне хочацца паўтарыць для ўсіх: «Не бойцеся!» Гэта тое, што сказаў у 80-я папа Ян Павел II, калі прыехаў у камуністычную Польшчу. Больш ён нічога тады не сказаў, але хапіла. Я веру, бо ведаю, што пасля зімы наступае вясна.

Я цытавала Алеся Бяляцкага. І скончу выступ воклічамі ягонай душы:

Свабоду беларускаму народу! Свабоду «Вясне!» Жыве Беларусь!».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках