20 красавiка 2024, Субота, 7:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Магчымы транзіт збожжа - здрада беларускаму народу з боку ўрадаў Літвы і Украіны»

111
«Магчымы транзіт збожжа - здрада беларускаму народу з боку ўрадаў Літвы і Украіны»

Хто надумаў выратаваць рэжым Лукашэнкі?

Стала вядома, што рэжым Лукашэнкі пагадзіўся на транзіт збожжа з Украіны праз сваю тэрыторыю ў літоўскія парты. Пра гэта паведаміў прадстаўнік генеральнага сакратара ААН Стэфан Дзюжарык. Як беларускі рэжым можа выкарыстоўваць гэтую сітуацыю для скасавання санкцый? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітром Бандарэнкам.

- З аднаго боку, Украіна і Захад узмацняюць жорсткасць санкцый супраць рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна, а з другога – разглядаюць як магчымы транзіт збожжа праз Беларусь. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа назваў прапанову беларускага рэжыму пасткай, а кіраўнік літоўскага МЗС Габрыэлюс Ландсбэргіс прымае гэты варыянт як «камерцыйна магчымы». Чаму такія супярэчлівыя пазіцыі?

- Мы назіраем падобную злачынную дыялектыку на працягу многіх гадоў. Менавіта дзякуючы такой непаслядоўнай і супярэчлівай палітыцы краін Захаду і ўкраінскага кіраўніцтва, у тым ліку «дэмакратаў» усіх масцяў, рэжым Лукашэнкі і існуе.

Нядаўна стала вядома аб карупцыйным скандале ў Еўрапарламенце, дзе лабіявалі інтарэсы дзяржавы Катар. Мы ж ведаем пра лорда Бэлу і іншых адбельвальнікаў рэжыму Лукашэнкі, бо злачынны бізнэс існуе многія дзесяцігоддзі. Людзі, якія займаліся брудным бізнэсам з Лукашэнкам у кіраўніцтве Украіны, нікуды не зніклі. Для іх ён партнёр у бізнэсе.

Не адбылося разбору палётаў чаму, як паведамлялі брытанскія аналітычныя цэнтры, расейскія войскі, наступаючы на Кіеў, мелі перавагу 12 да 1. Тлумачэнне з боку кіраўнікоў адміністрацыі Зяленскага і спецслужбаў Украіны аб тым, што «ва ўсім вінаваты міністр абароны Беларусі Хрэнін, які іх падмануў», не вытрымлівае ніякай крытыкі.

Відаць, імкненне зарабіць ва ўмовах вайны застаецца ў бізнэсоўцаў і палітыкаў на Захадзе і ва Украіне.

У гэтай сітуацыі мудрасць прэзідэнта Літвы выклікае павагу. Спадзяюся, што ўсё ж такі пастанова аб транзіце неканчатковая. Літва ўжо мела досвед лабіявання інтарэсаў Лукашэнкі дзеля зразумелых гандлёвых стасункаў, але скончылася ўсё будаўніцтвам небяспечнай атамнай станцыі за пару дзясяткаў кіламетраў ад Вільні.

Кіраўніку МЗС Літвы Ландсбэргісу я б параіў не забывацца, што Сувалцкі калідор да Калінінграда праходзіць, у тым ліку, праз тэрыторыю Літвы. Вільні нельга паўтарыць памылку Украіны, калі ў 21-м годзе гандаль з Лукашэнкам дасягнуў рэкорднага ўзроўню, а ўжо ў пачатку 22-га года на Кіеў з тэрыторыі Беларусі рушылі расейскія танкавыя калоны. Украіна - вялікая, змагла выстаяць, а што будзе з Літвой, калі яна будзе падтрымліваць суагрэсара, невядома.

- Як з практычнага пункту гледжання Лукашэнка можа абысці санкцыі, выкарыстоўваючы транзіт збожжа?

- Гучаць цікавыя рэчы. Некаторыя таварышы ўжо заявілі, што «збожжа не належыць да санкцыйных тавараў». Я скажу, што і ўгнаенні да іх не належаць. Расеі дазваляюць гандляваць угнаеннямі. У гэтай сітуацыі Лукашэнка кажа: «А чым я горшы за Расею?» Натуральна, што будуць знятыя санкцыі на калій, азотныя ўгнаенні і шмат іншага. Чарговы раз рэжым Лукашэнкі можа быць выратаваны, а пакуты беларускага народа працягнутыя на многія гады.

Цяпер украінцы разумеюць, што нельга даваць перадых Пуціну, бо ён перадыхне і будзе новая вайна. Таксама нельга зараз даваць перадых і рэжыму Лукашэнкі. Сітуацыя ў эканоміцы катастрафічная, навошта яго ратаваць? Выратаванне рэжыму Лукашэнкі - гэта наданне дапамогі Пуціну.

Натуральна, не ідзе размова аб тым, што Лукашэнка - гуманіст і думае аб афрыканскіх дзецях. Ён бліжэйшы сваім псіхатыпам да савецкіх серыйных забойцаў Чыкацілы і Міхасевіча. Зняцце санкцый на транзіт, буду называць рэчы сваімі імёнамі, гэта як узнагароджанне Лукашэнкі ганаровай граматай і буйной грашовай прэміяй. Гэта тое самае, што ўзнагародзіць Чыкацілу і Міхасевіча, якія, дарэчы, былі сябрамі КПСС і моцнымі савецкімі грамадзянамі, а ў вольны час ад грамадзянскай актыўнасці гвалтавалі і забівалі людзей.

Спадзяюся, што ўключыцца грамадская думка Літвы, Украіны, Беларусі і нахабным гандлярам растлумачаць, што зусім не пра дзяцей Афрыкі ў гэтай сітуацыі ідзе гаворка. Тут будзе спроба зняць санкцыі з усяго спектра тавараў. Мы гэта не раз ужо бачылі, на жаль, у нашай трагічнай беларускай гісторыі.

- Чаму фактычнае скасаванне санкцый вітае офіс Ціханоўскай, які нібыта выступаў за іх увядзенне?

- Гэта акурат крывадушнасць. Таварыш Франак Вячорка правільна сказаў, што фармальна збожжа не з'яўляецца санкцыйным прадуктам, але, як гаварылася вышэй, угнаенні ім таксама не з'яўляецца. Гэта адназначна вядзе да зняцця санкцый з беларускага калію, а яго ж трэба неяк везці - будуць знятыя санкцыі і з нафтапрадуктаў, вырабленых з крывавай расейскай нафты.

Дзеля гэтага і патрэбная Ціханоўская ў Літве разам са сваім офісам. З аднаго боку - Ціханоўская знаходзіцца ў Вільні, а з другога - Літва стала галоўным гандлёвым партнёрам рэжыму Лукашэнкі на Захадзе. Усе задаволеныя, усе смяюцца, толькі ніхто не думае пра беларускіх палітвязняў і ўвогуле пра беларускіх людзей. Нагадаю, што Лукашэнка зусім нядаўна пашырыў дзеянне смяротнага пакарання на вельмі шырокае кола асоб - дзясяткі тысяч чыноўнікаў і вайскоўцаў, каб не падала дысцыпліна. І вось такі падаруначак яму ідзе ад кіраўніцтва Украіны і Літвы.

Абсалютна зразумела, што крывавы транзіт - гэта здрада інтарэсам беларускага народа і правакаванне рэжыму Лукашэнкі да новай агрэсіі. Смешна думаць, што гэта не ўзгоднена з Пуціным. Дарэчы, некалькі месяцаў таму былі заявы пуцінскіх чыноўнікаў аб тым, што добра, каб гэты транзіт быў праз Беларусь. Гэта для аналітыкаў, якія будуць тлумачыць, што гэтая ўгода накіраваная супраць Масквы. Напраўду, гэта не так.

Напісаць каментар 111

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках