18 красавiка 2024, Чацвер, 22:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: 2023 год будзе пераломным

2
Андрэй Саннікаў: 2023 год будзе пераломным
Андрэй Саннікаў

Полк Каліноўскага выклікае ў Лукашэнкі жывёльны страх.

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў даў вялікае інтэрв'ю ўкраінскаму Youtube-каналу UKRLIFE.TV. Галоўныя тэмы - вайна ва Украіне і вызваленне Беларусі. Сайт Charter97.org абраў самыя цікавыя моманты размовы.

«2023 будзе пераломным. У чым ён будзе пераломным? Украіна можа задаваць свой парадак дня і мяняць песімістычныя прагнозы. Давайце ўзгадаем: «узяцце Украіны за тры дні», «узяцце Кіева». Заходнікі, якія былі больш аптымістычнымі, давалі Украіне два-тры тыдні. Увогуле, ніхто не чакаў, што ўвесь украінскі народ падымецца на святую вайну за сваю свабоду і незалежнасць, перакуліўшы ўсе прагнозы», - мяркуе лідар «Еўрапейскай Беларусі».

Андрэй Саннікаў адзначыў, што да зімы Украіна падышла са значнымі поспехамі на фронце:

- Умацавалася жаданне і магчымасці перамагчы Расею (інакш гэтая вайна ніколі не скончыцца) і з'явіўся дастаткова канкрэтны мірны план, які прэзідэнт Зяленскі агучыў на «вялікай дваццатцы». Там, вядома, ёсць крыху ідэалістычныя пункты, якія тычацца, да прыкладу, ідэалогіі (мяркую, што гэта не зусім да часу), але ёсць дакладныя ўстаноўкі, што трэба рабіць і як.

Гэты план быў станоўча прыняты краінамі G7, больш за тое - «сямёрка» пацвердзіла свой намер дапамагаць Украіне столькі, колькі гэта будзе трэба, а таксама свой намер судзіць вайсковых злачынцаў.

Мяркую, што гэтая тэндэнцыя працягнецца налета. Украіна будзе мяняць парадак дня, каб абараніць сябе і гэта аб'ектыўна адпавядацьме нашым інтарэсам. Таму што два роднасныя рэжымы — пуцінскі і лукашэнкаўскі — павінны абодва сядзець на лаве падсудных і стаць аб'ектамі міжнароднага трыбуналу за злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы.

Буду аптымістам, але асцярожным. Не магу сказаць, што налета вайна скончыцца, але вельмі хачу на гэта спадзявацца. Аднак тое, што будзе пералом, што Расея будзе яшчэ больш аслабленая і значыць, што можна будзе наносіць вызначальны ўдар, - я ў гэтым упэўнены.

«Полк Каліноўскага выклікае ў Лукашэнкі жывёльны страх»

У размове пра Беларусь Андрэй Саннікаў звяртае ўвагу на тое, што калі б не вайна, рэжыму Лукашэнкі, магчыма, ужо не было б:

- Толькі Пуцін дапамагаў захоўваць гэты рэжым і ён, як мы бачым, быў патрэбны яму для пачатку ўварвання ва Украіну. Калі б у 2020 годзе Лукашэнка з дапамогай Крамля не ўтрымаў уладу, нападу на Украіну б не было. Бо Беларусь вельмі важны плацдарм. Калі мы пачалі з таго, што Расея разлічвала ўзяць «Кіева за тры дні», то гэты плацдарм і быў прызначаны для ўзяцця ўкраінскай сталіцы.

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» ў аналізе сітуацыю ў краіне прыходзіць да высновы, што рэжым Лукашэнкі знаходзіцца ў катастрафічным становішчы:

- Адбываецца далейшы распад эканомікі, яна становіцца абсалютна некіравальнай. Лукашэнка імкнецца дзейнічаць сваімі ранейшымі метадамі: загадвае «малаку даіцца», а «смятане і маслу - узбівацца». Нічога не адбываецца: разбураная і немадэрнізаваная эканоміка, а яшчэ ён спрабуе саджаць тых, каго ўважае нелаяльнымі з ліку мэнэджараў, дырэктараў прадпрыемстваў, простых працаўнікоў.

Усё абрынаецца, налета ён змушаны падняць выдаткі на сілавыя структуры - у бюджэце закладзены рост на сорак адсоткаў. Лукашэнка спрабуе ўтрымліваць уладу толькі сілай.

Кожны дзень у нас адбываюцца арышты, адбываюцца суды. Вядома, сітуацыя жахлівая, людзі жывуць у моцным страху, але гэта паказчык наймацнейшага страху Лукашэнкі. Адсюль гэтыя штодзённыя арышты - гэта жывёльны страх. Ён не ведае, каго пайсці арыштоўваць.

Тым больш, ідзе сталы ціск з боку Расеі, каб была нейкая мабілізацыя. Ідзе прыхаваная мабілізацыя, кожны дзень адбываюцца нейкія вайсковыя дзеянні: то яны абвяшчаюць манеўры, то Лукашэнка абвяшчае праверку боегатоўнасці. Зразумела, што гэта робіцца на загад Крамля, каб трымаць у напружанні Украіну і паўночны фронт.

Таксама Андрэй Саннікаў кажа пра страх Лукашэнкі перад беларускімі добраахвотнікамі, якія ваююць ва Украіне:

- Зразумела, што лукашэнкаўскае войска проста небаяздольнае. Полк Каліноўскага, які ваюе ва Украіне, выклікае ў іх дзікі страх і яны ледзь не кожны дзень гавораць пра беларускіх добраахвотнікаў на тэлевізіі.

Іх прадстаўляюць «бандытамі, якія рыхтуюцца да ўварвання ў Беларусь, узброенага захопу ўлады». Зразумела, што гэта праз страх і тое, чаго Лукашэнка сапраўды баіцца — упершыню ў Беларусі з'явілася ўзброенае фармаванне, якое кажа, што «мы з гэтым рэжымам мірыцца не будзем».

Яны ваююць за Украіну, але гэта правобраз нашага будучага войска, будучых узброеных сіл. Пазіцыя палка Каліноўскага выбудаваная абсалютна на нацыянальна-дэмакратычнай аснове, яны не прызнаюць ніякага крамлёўскага ўплыву. Нездарма беларускія добраахвотнікі носяць імя нашага героя Кастуся Каліноўскага, які ўзняў паўстанне супраць расейскай імперыі за Беларусь, якога шануюць у народзе, які са зброяй у руках бараніў незалежнасць.

«Стасункі Пуціна і Лукашэнкі - гэта крымінальны свет»

Андрэй Саннікаў мяркуе, што Захаду ўсё ж давядзецца развязваць пытанне рэжыму Лукашэнкі:

- У дэмакратычных дзяржаў няма іншага выбару. У дыктатарскіх рэжымах хаваецца небяспека. Так, ёсць больш-менш аўтарытарныя рэжымы, але дыктатура ў спалучэнні з таталітарным кантролем за грамадствам непазбежна вядзе да вайны. Бо гэта пажыўны булён для такіх дыктатур, як пуцінская і лукашэнкаўская. Яны ваююць са сваім народам унутры краіны: саджаюць усіх, рэпрэсіі дзікія развязваюць, а потым - удыхнулі кроў, ноздры пашырыліся - трэба ісці далей. Яны ніколі не спыняцца, калі іх не спыніць.

Я гавару, што мы ніколі не мелі такой спрыяльнай сітуацыі: за нас, за еўрапейскую будучыню Украіны і Беларусі, сёння ваюе мінімум сорак мільёнаў украінцаў. Ваююць са злом, ваююць з дыктатурай, ваююць за вызваленне ўсяго рэгіёна, бо Еўропа не можа быць без Украіны і не можа быць поўнай без Беларусі.

Таксама лідар «Еўрапейскай Беларусі» адзначае памылкі, дапушчаныя заходнімі палітыкамі ў стаўленні да нашай краіны. Сярод іх - скасаванне санкцый і кантакты з рэжымам Лукашэнкі:

- Такой чароды візіцёраў, якая была ў 2017-м, 18-м і 19-м гадах, Беларусь даўно не бачыла. Уключаючы дзяржсакратара ЗША, уключаючы высокапастаўленых асоб, у тым ліку ўдзельнікаў Мюнхенскай канферэнцыі, якія, калі паглядзець, усе былі эталонамі дэмакратаў. Прыехалі на паклон да дыктатара і ўгаворвалі яго не сябраваць з Пуціным. Яны мяркуюць, што тут ёсць нейкія палітычныя, сапраўдныя міжнародныя стасункі. Але ж гэта стасункі бандытаў, стасункі крымінальнага свету. Як злодзей у законе можа пайсці супраць такога ж злодзея ў законе, ды яшчэ і таго, які касу трымае. Гэта проста немагчыма.

Андрэй Саннікаў выказаў некалькі меркаванняў, навошта Пуціну ўсё яшчэ патрэбны Лукашэнка:

- Можа, таму, што той выступае ў ролі такога «празорцы». Паглядзіць на Пуціна і пачынае казаць, што, як падаецца Лукашэнку, той хоча сказаць сам. Часам трапляе, тады Пуцін менш тузае нагамі і «скача», часам не трапляе — тады Пуцін яму прылюдна выгаворвае.

Можа, ён патрэбны ў ролі псіхатэрапеўта, бо Лукашэнка кажа, які «Пуцін вялікі», а пра гэта ніхто не кажа, нават уласная чэлядзь пачынае выступаць супраць.

Цэнтральная Азія, якая была дастаткова пакорлівай і залежыць ад Расеі, пачынае выказваць сваю пагарду да гаспадара Крамля, а ён вельмі балюча ставіцца да парушэння іерархіі. Лукашэнка ж, які салодка спявае, каб атрымаць сваю капейку, патрэбен яму ў такой ролі.

Але калі прыйдзе момант пайсці ва-банк, то Пуцін, вядома, можа аддаць загад прыбраць Лукашэнку і анэксаваць Беларусь. Але ж гэта азначае, што вайна не скончыцца. Тады не толькі Украіне, але і ўсёй Еўропе будзе пагражаць небяспека. Бо беларускі плацдарм не толькі супраць Кіева, але гэта яшчэ і самая магчымая пагроза Сувалкскаму калідору - пагроза Польшчы і Літве, пагроза танкавага прарыву на Калінінград, за якім рушыць услед іншая тэхніка. Гэта не голыя словы, не тэорыя, гэта ўжо адпрацоўвалася падчас праславутых манеўраў «Захад», якія праходзілі на тэрыторыі Беларусі. Гэта будзе азначаць сусветную вайну. Будуць адкінутыя ўсе прыстойнасці, усе межы, усе чырвоныя лініі будуць перасягнутыя.

«Рэвалюцыя не скончылася»

Падчас размовы Андрэй Саннікаў назваў некалькі трыгераў, якія могуць паслужыць пачаткам паўстання ў Беларусі:

- Трыгер можа быць звязаны са зменай сітуацыі на фронце, з падыходам вайны да мяжы, а, можа, пераходам мяжы Беларусі. Бо калі расейскае войска будзе размяшчацца на мяжы з Украінай і рыхтавацца зноў да паходу на Кіеў, яно стане легітымнай цэллю для УСУ.

Больш за тое, скажу, што нянавісць да гэтага рэжыму толькі ўзрасла. Настолькі відавочна, што Лукашэнка не можа кантраляваць краіну так, як павінен кантраляваць хаця б нармальны мэнэджар, бо ўсё развальваецца. Ён, вядома, крыкам і рэпрэсіямі спрабуе загнаць усё ў нейкае звыклае для сябе рэчышча, але жыццё толькі пагаршаецца.

У сілавікоў, вядома, заробкі ўдвая большыя, чым у настаўнікаў, у іх ільготныя крэдыты, жыллё, але яны не жывуць у «беспаветранай прасторы». Калі падчас пратэстаў 2020 года іх трымалі ў казармах і падсілкоўвалі нечым «натхняльным», то сёння яны прыходзяць да сем'яў, прыходзяць да суседзяў і любові там ніколі не ўбачаць, з'яўляючыся карнікамі.

Рэвалюцыя, якая пачалася ў 2020 годзе, не скончылася. Мабілізацыйныя сілы, людзі, рухаючыя сілы, якія былі - эканоміка, адсутнасць сацыяльнай справядлівасці - у кожны момант выйдуць зноў вонкі. На вуліцы, фабрыкі, заводы - гэта адбудзецца.

Ці гатовыя сілавікі здаць дыктатара Крамлю? Андрэй Саннікаў упэўнены, што ў Лукашэнкі няма падтрымкі з боку вайскоўцаў:

- З радасцю здадуць. Верхавіна беларускіх сілавікоў разам з Хрэніным, сакратаром Савета бяспекі Вальфовічам падпарадкоўваюцца загадам з Крамля. Яны расейцы, з расейскіх сем'яў, з расейскага свету. Для іх Лукашэнка на сёння - старэйшы па званні, але іх галоўнакамандуючы знаходзіцца ў Крамлі. Раз яны ўдзельнічаюць у вайне, выступаюць з публічнымі заявамі аб падтрымцы гэтай вайны, то лагічна, што яны будуць падпарадкоўвацца загадам аб працягу вайны, якія паступаюць з Крамля. Тут у Лукашэнкі няма падтрымкі.

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» мяркуе, што Лукашэнка страціў сваю суб'ектнасць, а магчымы загад аб наступленні беларускага войска ва Украіну будуць аддаваць у Крамлі. Аднак апазіцыйны палітык адзначыў, што беларусы могуць выступіць зусім у іншым накірунку:

- Не думаю, што Лукашэнку паведамлялі 24 лютага, калі з тэрыторыі Беларусі былі нанесеныя ўдары, яму не паведамлялі пра варварскія абстрэлы інфраструктуры і цывільных аб'ектаў. Не думаю, што ён нешта ведаў. Лукашэнку выкарыстоўваюць, каб ён усхваляў сілу састарэлай расейскай зброі. Больш ні для чаго ён не патрэбен.

Нездарма ж, паглядзіце, прыязджаў Шайгу і да гэтага гучалі заявы, што будзе стварацца супольная групоўка - гэта прадугледжана ў вайсковых дактрынах Лукашэнкі і Пуціна. Думаю, што Шайгу прыязджаў і сказаў Лукашэнку, што гэтая групоўка будзе пад камандаваннем Генеральнага штаба расейскага войска.

Таму Лукашэнка, мусіць, патрэбен у якасці рэтранслятара. Крэмль аддасць загад, а Лукашэнка будзе яго рэтрансляваць. Але яму, вядома, страшна. Тут сапраўды ён не хоча, каб такі загад паступіў, бо гэта будзе хуткі канец для яго.

Глядзіце, мы казалі аб пратэстах 2020 года. Беларускае войска — гэта частка грамадства, больш за тое, у ім цяпер служаць па закліку тыя, хто ўдзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе. Вось аддае ён загад, а людзі з пратэстаў са зброяй пойдуць пакорліва забіваць украінцаў, якіх яны падтрымліваюць? Ці павернуць зброю супраць рэжыму? Думаю, другое больш магчымае.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках