16 красавiка 2024, aўторак, 22:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рабаванне працоўных «Гродна Азота»

30
Рабаванне працоўных «Гродна Азота»

Тэхналогія перамагае лукашысцкіх халуёў.

2 верасня 2022 года на ААТ «Гродна Азот» адбылася аварыя, праз якую пацярпела дарагая калона галандскай вытворчасці. Падчас рамонту або абследавання не была адкрытая спецыяльная арматура – так званыя паветранікі – і калону сціснула вакуумам. Паламаныя талеркі і футароўка, унутранае абліцоўванне калоны.

Калону спачатку спрабавалі адрамантаваць, што выклікала яшчэ адзін няшчасны выпадак. Два супрацоўнікі, якія спусціліся ў калону для рамонтных працаў, пацярпелі ад аміяку, які застаўся там. Афіцыйны адказ завода ўказваў на тое, што супрацоўнікі палезлі ў калону без належнага дакумента (нарада-допуску), не ўзгадніўшы гэта з цэхам. Прыгадваючы працу на прадпрыемстве, мне цяжка ўявіць, што падрадная арганізацыя пачне працаваць без адпаведных дакументаў. Мала хто з іх нават пальчаткі надзене і возьмецца за інструмент, пакуль не будзе афіцыйнага дакумента пра гатоўнасць абсталявання. Па-першае, гэта іх асноўнае пытанне тэхнікі бяспекі, а па-другое, элементарная лянота, бо папяровая валтузня займае той час, у які можна спакойна «паліць».

Пасля няўдалага рамонту калону замянілі. Як паведамілі працоўныя, знайшлі недзе ў Расеі аналагічную, прывезлі і ўстанавілі. Аднак па заводзе павольна папаўзлі чуткі, што частку выдаткаў, якія пайшлі на яе набыццё і мантаж, знімуць з супрацоўнікаў.

У пачатку снежня чуткі пацвердзіліся. Працоўных кожнага цэха пазбавяць 400 рублёў з заробку. Гэты крадзеж з боку лукашыстаў збіраюцца прыкрыць выплатай трынаццатага заробку, яго збіраюцца адразу ж забраць на карысць прадпрыемства. Гэта смела можна называць афёрай ці махінацыяй, бо працоўных абавязваюць падпісваць азнаямленчую паперу, што яны згаджаюцца на вылік іх афіцыйнага 13-га заробку.

Згодна з Працоўным кодэксам выплата 13 заробку не рэгламентаваная заканадаўствам аб працы, таму яна не з'яўляецца абавязковай для працадаўцаў (ч. 1 арт. 63, ч. 1 і 2 арт. 196), адпаведна, асаблівага загаду або азнаямлення не патрабуе. Тады навошта прымушаць працоўных самастойна ад яго адмаўляцца? Адказ просты: любое налічэнне прэміяльных сродкаў на рахункі працоўных суправаджаецца вылікам падаткаў – гэта на прафзвяз, у пенсійны фонд і непасрэдна сам падаходны. Па цэхах адправяць азнаямленчы ліст, у якім указана, што працоўныя абавязаныя пагадзіцца на вылік законна належных ім грошай. У выпадку адмовы вялікая верагоднасць патрапіць на прафілактычныя гутаркі з наменклатурнікамі, якія акупавалі завод.

Прычына такіх паломак зразумелая практычна кожнаму на прадпрыемстве – нястача кваліфікаванага персаналу. Кіраўніцтва прадпрыемства асуджанае ўвесь час разбірацца з наступствамі свайго кіравання. Прычына кожнай паломкі, кожнага пазапланавага прыпынення – выключна ў непісьменным мэнэджмэнце прызначэнцаў. Іх папярэджвалі пра праблемы і нарастанне паломак, калі яны бязлітасна звальнялі прафесіяналаў за нелаяльнасць да рэжыму. А тых, каго яны прызначылі на вольныя месцы, нават сярэднія кіраўнікі ў цэхах палохаюць сваёй некампетэнтнасцю. Недахоп якасна падрыхтаваных спецыялістаў цяпер пагражае не толькі прадпрыемству, але і ўсяму гораду.

Спроба ўмяшаць палітыку ў тэхналагічны працэс асуджаная на поўны крах. Альбо тэхналогія перамагае халуёў, альбо раствараецца ў палітыцы, а, як вядома, ніводнае прадпрыемства не выжыве без пісьменных тэхнолагаў, якіх «Азот» страчвае дзень за днём. На іх месца прыходзяць гаваркія галовы, якія здольныя толькі поўзаць.

Арцём Чэрнікаў, спецыяльна для Telegram-канала «Баста!»

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках