24 красавiка 2024, Серада, 5:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Размары Томас: Ёсць сведчанні пра незадаволенасць у беларускім войску

11
Размары Томас: Ёсць сведчанні пра незадаволенасць у беларускім войску
РАЗМАРЫ ТОМАС

Рызыкоўная авантура паставіць пад пагрозу рэжым Лукашэнкі.

Размары Томас пакінула пасаду амбасадаркі Вялікабрытаніі ў Беларусі ў 2012 годзе, але працягвае пільна сачыць за сітуацыяй у нашай краіна. У інтэрв'ю сайту Charter97.org брытанская дыпламатка расказала, чаму Захад недастаткова рэагаваў на злачынствы Лукашэнкі, ці павернуць беларускія войскі зброю супраць дыктатара і як Нобэлеўская прэмія Алеся Бяляцкага натхняе людзей ва ўсім свеце.

- Якая імавернасць таго, што Лукашэнка аддасць загад аб уварванні ва Украіну беларускіх войскаў?

- Мяркую, занадта шмат можна страціць, калі з боку Беларусі будзе спроба ўварвання ва Украіну. Так што, я думаю, гэта застаецца, хутчэй, малаверагодным сцэнаром, чым верагодным.

Ёсць цэлы шэраг практычных прычын, якія робяць такую спробу рызыкоўнай. Складаная мясцовасць - зараз яна выключна добра абароненая. Няясна, ці ёсць ва Узброеных сілах Беларусі дастатковая колькасць кваліфікаваных баяздольных падраздзяленняў для разгортвання з мэтай вядзення баявых дзеянняў. Нарэшце, магчыма, ёсць яшчэ некаторыя пытанні што да тэхнікі.

Далей, ёсць палітычны бок. Такая рызыкоўная авантура паставіла б пад пагрозу гэты незаконны рэжым. Нягледзячы на тое, што з боку ён выглядае моцным, унутрана ён нестабільны - і гэта відавочна. Так што, калі ён увяжацца ў наземную ваенную аперацыю ва Украіне, калі пераважная большасць беларусаў відавочна супраць вайны, ён пойдзе на вялікую рызыку: не варта выключаць нейкія дэманстрацыі, калі верыць паведамленням, то ў шэрагах Узброеных Сіл Беларусі ўжо назіраецца дастаткова высокі ўзровень незадаволенасці.

Нарэшце, што б ён зрабіў, калі б Украіна нанесла зваротны ўдар? Мы ўжо маем справу з даволі нестабільнай сітуацыяй. Украіна дагэтуль дэманстравала выдатнае цярпенне, не рэагуючы на тое, што з Беларусі ў іх бок запускаюцца ракеты. Калі цярпенне скончыцца і Украіна надумае нанесці ўдар у адказ, то з улікам таго, што насельніцтва і так супраць вайны, гэта будзе вельмі дрэнна ўспрынята і, думаю, у Лукашэнкі будуць сапраўдныя праблемы.

Такім чынам, з усіх гэтых прычын я думаю, што стаўкі проста занадта высокія. Мяркую, што ў Лукашэнкі з Пуціным магло быць нейкае абмеркаванне праблем, якія могуць узнікнуць пры прымусе беларускіх войскаў да адпраўкі ва Украіну.

- Ці ёсць сярод гэтых прычын рэалістычны сцэнар таго, што беларускія войскі павернуць зброю супраць рэжыму?

- Я не магу ацаніць дакладную імавернасць у адсотках такой падзеі, але не думаю, што варта было б цалкам гэта выключаць. Паўтаруся, былі некаторыя сведчанні (у тым ліку - з украінскага боку) таго, што ў беларускім войскі ёсць пэўная незадаволенасць тым, як развіваюцца падзеі.

- Дзявяты пакет санкцый ЕЗ за агрэсію ва Украіне закранае Расею, але не тычыцца Беларусі. Ці думаеце вы, што Захад павінен быць больш жорсткім у дачыненні да суагрэсару?

- Хацелася б, каб ЕЗ, а таксама Вялікабрытанія, былі больш жорсткімі ў выкарыстанні далейшых санкцый да Беларусі. Падтрымка, якую Лукашэнка надае пуцінскай кампаніі агрэсіі, дастаткова высокая. Мне б хацелася бачыць, каб адказам былі адпаведныя жорсткія санкцыі.

Тым не менш, думаю, што гэта самыя строгія санкцыі, якія калі-небудзь прымяняліся супраць Беларусі. Збольшага, раней былі праблемы з паўмерамі - гэта было крыху нерашуча.

Злачынствы - вельмі цяжкія, злачынствы, учыненыя не толькі ўнутры Беларусі, злачынствы супраць яе суседзяў - гэта падтрымка, якую Лукашэнка надае непрыкрытай агрэсіўнай вайне супраць Украіны. Але калі ЕЗ, калі Вялікабрытанія, не змогуць знайсці спосабы зрабіць санкцыі больш жорсткімі, то, прынамсі, яны могуць паспрабаваць закрыць існыя шчыліны. Яны маглі б разгледзець другасныя санкцыі. Я ведаю, што гэта вельмі складана, але мне хацелася б гэта ўбачыць.

У той жа час, людзям у Беларусі даводзіцца жыць ва ўмовах пагаршэння ў эканоміцы, якое адбываецца на фоне дзеяння санкцыйных пакетаў. Таму праглядаецца неабходнасць захавання балансу, але, мяркую, магчыма, ёсць прастора як мінімум для закрыцця шчылін і недапушчэння таго, каб Лукашэнка дапамагаў Расеі ўхіляцца ад некаторых наступстваў санкцый, што ўводзяцца супраць самой Расеі.

- Калі рэзюмаваць, хоць санкцыі і не ідэальныя, але яны найлепшае, што ў нас ёсць на сённяшні дзень?

- Думаю так. У самым пачатку ўсіх гэтых жудасных падзей, я была настроеная песімістычна ў плане магчымасці ўвядзення санкцый супраць Беларусі.

Я была ўражаная тым, што ЕЗ змог прадэманстраваць даволі высокую ступень салідарнасці пры ўвядзенні пакетаў санкцый супраць Беларусі: былі супольныя дзеянні з ЗША, былі супольныя дзеянні з Вялікабрытаніяй. Агулам, атрымалася лепш, чым я баялася.

- Азіраючыся назад, да поўнамаштабнай вайны ва Украіне, чаму ЕЗ і Захад, здавалася, выяўлялі слабасць у адказ на зверствы рэжыму Лукашэнкі нават пасля 2020 года?

- Я думаю, што санкцыйныя пакеты - гэта цяжкая справа. Вельмі складана захоўваць салідарнасць. Мне падаецца (хоць гэтая выснова гучыць жорстка), рэч у тым, што Беларусь проста не была прыярытэтам дастаткова высокага ўзроўню. Гэта нездавальняючая сітуацыя, але магу меркаваць, што ў гэтым прычына таго, чаму не ўдалося знайсці больш жорсткія санкцыі. Але санкцыі самі па сабе ніколі не стануць чароўным сродкам - яны з'яўляюцца часткай меню.

Калі вы не прымаеце санкцыі, вы кажаце: «Ну, гэта нармальна. Такія вашы паводзіны - гэта нармальна». Павінна быць нейкая дэманстрацыя з боку іншых краін, што такія паводзіны ненармальныя, і, такім чынам, павінны быць санкцыі. Мы былі гэтай сітуацыі, калі санкцыі былі палавіністымі. Але зусім поўная адсутнасць якіх-небудзь санкцый, мяркую, была б яшчэ горшым сігналам.

- Праваабаронца Алесь Бяляцкі быў уганараваны Нобэлеўскай прэміі міру. Вы ведаеце Алеся асабіста. Якія пачуцці вы адчулі з гэтай нагоды?

- Горкая радасць. Было цудоўна паслухаць прамову, якую ад імя Алеся прамовіла ягоная жонка Наталля Пінчук.

Змест, я думаю, вельмі добра адлюстроўваў асобу Алеся. Было цудоўна паслухаць, як упершыню на такой цырымоніі размаўляюць на беларускай мове. У той жа час - і так горка.

Я ведаю, што Алесь не навічок у турэмнай камеры, аднак гэта напамін пра тое, што цяпер за кратамі сядзяць больш за 1400, магчыма, самых таленавітых і кваліфікаваных людзей Беларусі. Гэта людзі, якія неабходны Беларусі для поўнай рэалізацыі свайго патэнцыялу. Проста жудасна, сумная сітуацыя.

Думаю, што Алесь увасабляе ў сабе ўсё найлепшае, што ёсць у Беларусі: ён смелы, ён прынцыповы, ён вельмі ўстойлівы. А яшчэ ён такі людскі. Тое, як яму ўдавалася стрымліваць сябе, замест таго, каб раззлавацца і расчаравацца, ён проста спрабаваў захаваць надзею - я знаходжу ўсё гэта неверагодна кранальным. Мы так па ім сумуем. Мы з нецярпеннем чакаем яго выхаду на волю.

У ягонай прамове было так шмат вартага абмеркавання, але я думаю, што галоўным пасылам было «не бойся». Ён цытаваў Папу Яна Паўла ІІ падчас яго візіту ў Польшчу ў камуністычную эпоху ў васьмідзясятых гадах. Гэтае пасланне простае, але неверагодна моцнае. Гэта нагадвае мне адну з маіх уласных гераінь тут, у Вялікабрытаніі, Мілісэнт Фасет. Яна была суфражысткай і грамадскай дзеячкай у 20-м стагоддзі. Ёсць выдатная статуя на плошчы перад парламентам: яна трымае транспарант з надпісам: «Мужнасць заклікае да адвагі паўсюль».

І менавіта такое пачуццё выклікаў у мяне выступ Алеся, калі я яго слухала: вельмі горка, але вельмі радасна чуць, як ён нясе гэтае важнае пасланне свету, павышаючы пазнавальнасць беларускіх праваабаронцаў. Упэўнена, многія-многія людзі былі натхнёныя.

- Што б вы хацелі сказаць людзям, якія выступаюць супраць рэжыму і пацярпелі ад рэпрэсій?

- Той жа пасыл, што і ў Алеся: не адчайвайцеся. Калі надыходзіць поўная цемра, трэба працягваць спадзявацца на змену гэтай жахлівай сітуацыі.

Я хачу верыць, таксама як і Алесь, што гэтая сітуацыя не будзе працягвацца бясконца. Беларусь зараз знаходзіцца ў такім складаным становішчы. Думаю, Алесь меў рацыю, кажучы, што Пуцін хоча навязаць Украіне залежную дыктатуру - а гэта менавіта той кут, у які Лукашэнка зараз загнаў Беларусь. Для таго, каб утрымацца ва ўладзе, ён навязаў Беларусі квазі-акупацыю, дазваляючы Пуціну правесці квазі-анэксію.

Сітуацыя нестабільная. Таму ўсім трэба рыхтавацца. Трэба падтрымліваць максімальна магчымую салідарнасць, таму што для таго, каб Беларусь вярнула сабе поўны суверэнітэт і незалежнасць, шмат якія карты павінны выпасці як трэба.

Беларусы павінны зрабіць усё магчымае, каб у выпадку ўзнікнення спрыяльных умоў, яны змаглі дзейнічаць. Гэта азначае салідарнасць і падрыхтоўку ва ўсіх слаях грамадства, каб мець магчымасць прадумваць сцэнары таго, як выкарыстоўваць больш спрыяльныя ўмовы, калі яны ўзнікнуць.

Нельга здавацца, трэба працягваць змагацца за нешта лепшае. І я спадзяюся, што менавіта так і будзе з Беларуссю.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках