Карыстальнікі Twitter прагаласавалі за сыход Маска
18- 19.12.2022, 19:08
- 8,700
Апытанне праводзіў сам Ілан Маск.
Большасць – 57% – прагаласавалых у твітэры Ілана Маска выказаліся за тое, каб мільярдэр сышоў з кіроўнай пасады ў сацсетцы. На момант заканчэння галасавання ў апытанні ўдзельнічалі 17,5 млн карыстальнікаў.
Should I step down as head of Twitter? I will abide by the results of this poll.
— Elon Musk (@elonmusk) December 18, 2022
Маск раней паабяцаў «кіравацца вынікамі гэтага апытання». «Як кажуць, будзьце асцярожныя са сваімі жаданнямі, яны могуць спраўдзіцца», – напісаў ён, запусціўшы апытанне. Пасля заканчэння апытання ён напісаў: «Тыя, хто хоча ўлады, менш за ўсё яе заслугоўваюць». Невядома, ці мае намер Маск сапраўды сысці з пасады кіраўніка Twitter.
Those who want power are the ones who least deserve it
— Elon Musk (@elonmusk) December 19, 2022
Маск узначальвае Twitter два з невялікім месяцы і за гэты час паспеў настроіць супраць сябе частку карыстальнікаў, супрацоўнікаў і рэкламадаўцаў. Ён скараціў штат кампаніі, скасаваў дыстанцыйны рэжым працы і прапанаваў рэшце супрацоўнікаў падпісаць анлайн-абавязальніцтва працаваць доўга ды інтэнсіўна.
Пры Маску змянілася палітыка мадэрацыі кантэнту. Сярод іншага, ён разбаніў старонку экс-прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, папярэдне правёўшы галасаванне. 51,8 адсотка ўдзельнікаў падтрымалі разблакаванне.
«Народ выказаўся. Трамп будзе адноўлены ў правах. Vox populi vox Dei ("Голас народа – голас Бога")», – пракаментаваў Маск. Гэтаксама Маск правёў «амністыю» карыстальнікаў, якія парушылі правілы сацсеткі, але пры гэтым не парушалі закон і не празмерна спамілі.
Should Twitter offer a general amnesty to suspended accounts, provided that they have not broken the law or engaged in egregious spam?
— Elon Musk (@elonmusk) November 23, 2022
У суботу, 17 снежня, Twitter заблакаваў старонкі некалькіх журналістаў такіх выданняў, як CNN, The Washington Post, The New York Times і Mashable. Пасля хвалі крытыкі кампанія паабяцала аднавіць старонкі. Перад гэтым Twitter забаніў старонку карыстальніка, які выкладваў каардынаты самалёта Маска, узятыя з адкрытых крыніцаў. Пры гэтым Маск, які называе сябе «прыхільнікам абсалютнай свабоды слова» раней абяцаў не чапаць ягоны ўліковы запіс.
My commitment to free speech extends even to not banning the account following my plane, even though that is a direct personal safety risk
— Elon Musk (@elonmusk) November 7, 2022
У нядзелю Twitter таксама заявіла, што больш не будзе дазваляць «вольнае прасоўванне некаторых сацыяльных сетак». У сэрвісе нельга было публікаваць спасылкі на шэраг сацсетак, а старонкі, якія выкарыстоўваліся для пераадрасацыі на іншыя пляцоўкі, пагражалі заблакаваць. Гэты крок раскрытыкаваў сузаснавальнік і былы CEO Twitter Джэк Дорсей. «Не мае сэнсу», – напісаў ён.
У адказ Маск скасаваў толькі што ўведзены захад, прынёс прабачэнні і анансаваў чарговае галасаванне, якое развяжа пытанне змены правілаў.
Going forward, there will be a vote for major policy changes. My apologies. Won’t happen again.
— Elon Musk (@elonmusk) December 18, 2022
На момант публікацыі матэрыялу ў Twitter нельга было выкласці спасылкі на канкурэнтны сэрвіс мікраблогаў Mastodon. «Мы не можам выканаць гэты запыт, паколькі Twitter або нашы партнёры вызначылі гэтую спасылку як патэнцыйна небяспечную», – гаворыцца ў паведамленні платформы.