29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Фрыдман пра візіт Пуціна: Нам пакажуць двухпланавую выяву

4
Аляксандр Фрыдман пра візіт Пуціна: Нам пакажуць двухпланавую выяву

Навошта кіраўніку Крамля ў Менску спатрэбіліся Шойгу і Лаўроў?

У Беларусь прыляцелі ПуцінУ Беларусь прыляцелі Пуцін, кіраўнік Мінабароны РФ Сяргей Шойгу і расейскі міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў. Навошта Расеі спатрэбілася такая прадстаўнічая дэлегацыя? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з доктарам філасофіі, выкладчыкам універсітэта імя Гайнрыха Гайнэ (Дусэльдорф) і Заарландскага ўніверсітэта (Заарбрукен) Аляксандрам Фрыдманам.

- Гэта добрае пытанне, на яго не так проста адказаць без спробы рабіць спекуляцыі. Давайце пачнем парадкам. Візіт Шойгу сведчыць аб тым, што асноўнай тэмай візіту з'яўляецца ўкраінская тэма і ўсё звязанае з Украінай.

Акрамя таго, Шойгу надоечы быў у Беларусі і, здавалася б, усё падрыхтаваў. А тут выяўляецца, што ягонай падрыхтоўкі было мала, што неабходная і асабовая прысутнасць. Гэты візіт, з майго пункту гледжання, яшчэ раз паказвае, што гаварыць яны будуць пра Украіну. Хаця потым у сваіх заявах будуць рабіць так, каб Украіны было як мага менш.

Што да Лаўрова, то яго таксама ўключылі, вядома ж, для самавітасці, каб паказаць, што дэлегацыя "зусім самавітая". Думаю, што ў пэўнай ступені прыезд Лаўрова - гэта такія агледзіны, якія ладзяцца для новага кіраўніка МЗС Алейніка. Алейнік мае сябе паказаць, і Лаўроў, мусіць, хоча скласці сабе ўяўленне аб тым, кім той з’яўляецца. Не думаю, што Лаўроў вельмі шчыльна з Алейнікам даўней кантактаваў, але хоча спраўдзіць, вядома, замежную палітыку.

Ёсць таксама гіпотэзы, хоць я стаўлюся да іх вельмі скептычна, што могуць быць нейкія перамовы праз Ватыкан. Алейнік - чалавек з вельмі добрымі кантактамі ў Ватыкане, які ўвесь час займаўся наладжваннем гэтай лініі. Магчыма, калі там ідуць нейкія перамовы або кансультацыі аб перамовах пры пасярэдніцтве Ватыкана, то, магчыма, гэта адыгрывае нейкую пэўную ролю ў прыездзе Лаўрова.

Дэлегацыя, вядома, як ніколі прадстаўнічая. Ёсць такое пачуццё, што яны паспрабуюць стварыць выяву таго, што ў Менску будзе адбывацца нешта вельмі важнае і лёсавызначальнае. Думаю, што выява будзе такая двухпланавая. З аднаго боку - што было за кулісамі, мы дакладна не даведаемся, калі не адбудуцца нейкія наўмысныя выцекі з расейскай або беларускай стараны.

Нам будуць паказваць, што сустрэча Пуціна і Лукашэнкі была планавая і галоўным чынам тычылася пытанняў інтэграцыі і эканамічнага супрацоўніцтва. Але тым, што яны звозяць так шмат людзей, а сур'ёзнай інфармацыі аб выніках не будзе, яны хочуць нарабіць гуку, каб пра гэта думалі, каб пра гэта гаварылі, каб украінская старана, Захад і, магчыма, расейская публіка грунтаваліся на тыv, што цяпер на беларускім кірунку ў бок Украіны рыхтуецца нешта вельмі сур'ёзнае.

- Якіх рэальных вынікаў можна чакаць ад гэтай сустрэчы?

— Лукашэнку неабходныя эканамічныя прэферэнцыі, яму неабходны яшчэ таннейшы газ, яму неабходная падтрымка беларускай эканомікі. Ён будзе спрабаваць выціскаць як мага больш, пагатоў ад санкцый Беларусь цярпіць больш, прынамсі - паводле макраэканамічных паказчыкаў. Лукашэнку гэтая эканамічная падтрымка патрэбная, і ён будзе на гэта рабіць акцэнт, каб паспрабаваць нечага большага дамагчыся: больш нізкай цаны газу, магчыма — крэдытаў і гэтак далей. Ён займаецца гэтым з 1994-га года, нічога новага, уласна кажучы, няма.

Расею ж Лукашэнку цікавіць, вядома ж, як мяжа з Украінай і як хаўруснік, а таксама патэнцыйны актыўны ўдзельнік гэтай вайны. Рэжым ужо ўдзельнік, але мэта Расеі - уцягнуць як мага далей, як мага глыбей. Тут гаворка можа ісці і аб кантролі над беларускім войскам, і аб кантролі над беларускім ВПК, і аб размяшчэнні дадатковай, можа быць, неабмежаванай колькасці расейскіх жаўнераў у кожны час, каб Лукашэнка проста выдаў ім карт-бланш на гэта. Тут размова можа ісці і аб перадачы мяжы з Украінай у кіраванне Расеяй. Мы можам і надалей фантазіяваць, аж да ўдзелу беларускага войска ў вайсковай аперацыі і поўнае падпарадкаванне Беларусі эканамічна і палітычна патрэбам гэтай вайны. Вось гэта іх, уласна кажучы, цікавіць прынцыпова.

Але тут рэч такая - праблема для іх у тым, што з Лукашэнкам трэба вызначаць усё з сёння на заўтра, бо калі ты з ім нешта доўгатэрміновае плануеш, ён раздумаецца.

Калі мы паглядзім рацыянальна, усе заходнія эксперты і ўкраінскія эксперты кажуць, што патэнцыйна на гэтым кірунку магчымыя нейкія акцыі, магчымы наступ, але на гэты момант няма перадумоў для паспяховай аперацыі.

Рацыянальна - так. Але калі мы адкінем чыннік рацыянальнасці, то хто яго ведае, можа быць, яны нават у сённяшнім выглядзе рызыкнуць раптам узяць і наўздагад зрабіць марш-кідок на Кіеў.

Цяпер перадумовы для гэтага дрэнныя, усе міжнародныя вайсковыя эксперты кажуць, што шанцаў на прарыў і паспяховае прасоўванне Расея нават з дапамогай беларускага войска не мае. Рацыянальна тое, што гэта неразумна цяпер рабіць. Але хто ж сказаў, што Пуцін будзе дзейнічаць рацыянальна?

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках