23 красавiка 2024, aўторак, 22:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былому следчаму, які адмовіўся ўдзельнічаць у рэпрэсіях, далі сем гадоў калоніі

23
Былому следчаму, які адмовіўся ўдзельнічаць у рэпрэсіях, далі сем гадоў калоніі
МІКІТА СТАРАЖЭНКА

У 2020-м годзе Мікіта Старажэнка звольніўся на знак пратэсту.

У Менскім гарадскім судзе 2 снежня быў абвешчаны прысуд палітвязню былому следчаму Мікіту Старажэнку – сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, піша «Вясна».

З 2017 года Мікіта працаваў следчым у райаддзеле сталічнага Следчага камітэта. Са словаў былога сукамерніка палітвязня, менавіта Старажэнка быў прызначаны ў 2020 годзе весці справу супраць 16-гадовага збітага сілавікамі хлопца (верагодна, гаворка ідзе пра Цімура Міцкевіча) – тады Мікіта звольніўся са следчых органаў. Яго абвінавацілі ў «зліве» кантактаў сілавікоў «пратэставым каналам» (верагодна, яго судзілі паводле «справы ЧКБ») паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («распальванне іншай сацыяльнай варожасці») і паводле ч. 1 арт. 179 КК («незаконны збор і распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці»). Былы сукамернік Старажэнкі з ізалятара часовага ўтрымання на Акрэсціна расказаў, што былога следчага даставілі туды моцна збітым.

З 2017 года Мікіта Старажэнка працаваў у Следчым камітэце: следчым у Партызанскім райаддзеле сталічнага СК. Ён звольніўся са следчых органаў пасля прэзідэнцкіх выбараў і паведаміў пра гэта 17 жніўня 2020 года на сваёй старонцы ў Instagram:

– Да сёння я быў супрацоўнікам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

У апошні час у маю галаву пачалі закрадвацца сумневы: ці служу я народу, ці не? Я прыйшоў да высновы, што не.

Я спрабаваў звольніцца яшчэ да выбараў, але атрымаў адмову.

Звальняцца было цяжка, разумеючы, што чакае велізарная пазыка за навучанне і ёсць сям'я, але выконваць тое, што супярэчыць сумленню яшчэ цяжэй. Я не хачу дасылаць у архіў матэрыялы праверак, якія павінны быць крымінальнымі справамі. Сумленных супрацоўнікаў у нашых органах шмат, але яны заціснутыя рамкамі загадаў і пазык перад дзяржавай. Калегі, калі чытаеце гэта, адкажыце сабе на адно пытанне: ці зможаце вы сказаць "Гонар маю". Я змог, маё сумленне чыстае».

Пасля звальнення 28-гадовы Мікіта працаваў юрыстам. На сваёй старонцы ў Instagram ён прапаноўваў бясплатную юрыдычную дапамогу «ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася ў нашай краіне».

4 траўня 2021 года Старажэнка, як і іншыя сілавікі, якія звольніліся на знак пратэсту, быў пазбаўлены Лукашэнкам звання старшага лейтэнанта юстыцыі запасу.

Палітвязень Мікіта Старажэнка быў брутальна затрыманы 1 лютага 2022 года ў Менску ў гандлёвым цэнтры. На відэа, апублікаваным у праўладным тэлеграм-канале, ён гаворыць, што перадаў кантакты двух супрацоўнікаў ГУБАЗіКа і намесніка кіраўніка СК у Менску аднаму з «пратэставых тэлеграм-каналаў».

На відэа, якое апублікаваў праўладны тэлеграм-канал, Мікіта Старажэнка выглядае вельмі напалоханым, а на твары бачныя ранкі. Яго сапраўды збівалі пасля затрымання – гэта пацвердзіў ягоны сукамернік.

Сукамернік Старажэнкі таксама стаў сведкам размовы Мікіты з кіраўніком ІЧУ на Акрэсціна, падчас якой былы следчы расказаў пра прычыну свайго звальнення са следчых органаў. Як успамінаў былы арыштант, кіраўнік ІЧУ спрабаваў яго напалохаць. Тады Мікіта яму выказаўся ў адказ:

– Паводле ягоных словаў, пасля выбараў яго прызначылі расследаваць справу 16-гадовага хлопца. Мікіта паехаў да яго ў лякарню і ўбачыў, што на ім няма жывога месца. Пасля гэтага ў следчага «ўсё перавярнулася» і ён звольніўся са следчых органаў.

– Мікіта расказваў, што білі нагамі, дубінкамі, намотвалі анучу на галаву, – сукамернік пра затрыманага экс-следчага Старажэнку

У чым абвінавацілі былога следчага?

Паводле версіі абвінавачання, Старажэнка не пазней за жнівень 2020 года, знаходзячыся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшча, «дзейнічаючы з матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці ў складзе арганізаванай злачыннай групы, незаконна сабраў з розных крыніцаў персанальныя звесткі і іншую інфармацыю пра прафесійную дзейнасць больш як 16 тысячаў службовых асобаў дзяржаўных органаў, супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, суддзяў і вайскоўцаў Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь».

Потым, з мэтай «распальвання сацыяльнай варожасці паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасці абвінавачаны нібыта размясціў персанальныя звесткі ды іншую інфармацыю аб прафесійнай дзейнасці больш як 300 суддзяў на адным з дэструктыўных інфармацыйных рэсурсаў для агляду нявызначаным колам асобаў. Пры гэтым ён даў доступ да звестак, у тым ліку ў дачыненні да дзевяці супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, сябрам групы, якая адміністравала іншыя дэструкцыйныя Telegram-каналы», – гаворыцца ў абвінавачанні.

Суд пачаўся 15 лістапада і праходзіў у адкрытым рэжыме. Пракурор запытаў для былога следчага сем гадоў зняволення. Пастанову суддзя Анжэла Касцюкевіч павінна была агучыць 21 лістапада, але замест гэтага аднавіла судовае следства (прычыны праваабаронцам невядомыя). У выніку 2 снежня пасля двух судовых паседжанняў Старажэнку прызначылі такі тэрмін, які і запытваў пракурор – сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама яго абавязалі выплаціць пяць тысячаў рублёў «маральнай кампенсацыі» супрацоўнікам, звесткі якіх паводле абвінавачання ён «зліў».

Падтрымаць палітвязня пасылкамі, грашовымі пераводамі і лістамі можна на адрас: СІЗА-1, 220030, Менск, Валадарскага, 2, Мікіта Ігаравіч Старажэнка.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках