25 красавiка 2024, Чацвер, 5:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На волю выйшла ІП з Полацку Таццяна Шастак

4
На волю выйшла ІП з Полацку Таццяна Шастак
ТАЦЦЯНА ШАСТАК

Яна адбыла 30 дзён адміністратыўнага арышту.

У канцы лістапада на волю выйшла прадпрымальніца з Полацку Тацяна Шастак, якую затрымалі, калі яна збіралася з калегамі несці зварот у райвыканкам. Жанчына адсядзела 30 дзён, выйшла на волю і ўжо вярнулася на працу, паведамілі «Зеркалу» блізкія знаёмыя сям'і. Яны расказалі журналістам, як Таццяна адбывала свой адміністрацыйны арышт.

З самой Таццянай пагаварыць не ўдалося, пра варункі, у якіх яна правяла 30 дзён, расказвае знаёмы яе сям'і — Арцём.

«Ці падпісваеце пратакол, ці напішам, што супраціўляліся, сарвалі пагон і плюнулі супрацоўніку ў твар»

Таццяну Шастак затрымалі ў канцы кастрычніка, калі яна збіралася з калегамі-прадпрымальнікамі несці ў райвыканкам калектыўны зварот з просьбай, каб улады распавялі, як бізнэсу працаваць у новых умовах ці закрыць сваю справу. Жанчыне тады далі 30 дзён за аватарку ў сацсетках, а сам дакумент з подпісамі канфіскавалі. Арцём расказвае, што яе асудзілі паводле двух адміністрацыйных артыкулаў — за аватарку і «нейкі дадатак», які нібыта знайшлі ў яе тэлефоне:

- Таня казала, што ніякага такога дадатку ў яе там не было, але ёй сказалі: «Або падпісваеце тое, што мы ў пратаколе паказалі, або напішам, што вы супраціўляліся, сарвалі пагон, плюнулі супрацоўніку ў твар, і вам будзе пагражаць да двух гадоў». Вы самі разумееце, выбар паміж 30 днямі і двума гадамі відавочны, таму пад ціскам яна ўсё падпісала.

Супрацоўнікі КДБ з ёй праводзілі «размову». Прынеслі справу, Таня казала, сантыметраў на восем таўшчынёй. Яна ж актыўная заўсёды была - можа, усе гады збіралі на яе, дзе і ў чым удзельнічала. Але падрабязнасці, што пра што менавіта яны яе распытвалі, я не ўдакладняў.

Адразу пасля затрымання жанчына знаходзілася ў полацкім ІЧУ. Калі адбыўся суд, яе перавялі ў віцебскае СІЗА, куды з райцэнтра адпраўляюць адбываць пакаранне «парушальнікаў» паводле адміністрацыйных артыкулаў.

- Распавядала, што ў яе часта змяняліся сукамерніцы. І людзей кідаюць з камеры ў камеру. Сядзелі з ёй арыштаваныя паводле розных артыкулаў. Неяк на калідоры яна бачыла Вольгу Брыцікаву, - пераказвае мужчына.

«Паднялі азадкі, прыбралі матрацы, селі на жалеза і сядзіце»

Таццяна расказвала, што палітычных у следчым ізалятары па-ранейшаму будзяць некалькі разоў па начах, а днём не дазваляюць карыстацца матрацамі і коўдрамі.

- Ветліва з імі, вядома, ніхто не размаўляў - усё па-блатнаму: «Паднялі азадкі, прыбралі матрацы, селі на жалеза і сядзіце!» Таня казала, неяк у яе схапіла спіну, яны адразу здзекліва: «Ой, Шастак, а што гэта з вамі — захварэлі? - Не дачакаецеся. - А, ну-ну. Будзем мацавацца?! У такім духу ідзе размова.

Наколькі ў камерах цёпла ці холадна, я не ведаю, але Таня сама па сабе цеплалюбівая, нават дома, калі мы прыходзілі да іх у госці, заўсёды была цёпла адзетая. Таму там яна ўвесь час спала ў цёплым спартовым гарнітуры і пухавіку, які ёй змог перадаць муж. Хоць каптур ноччу ёй надзяваць не давалі - спі пры святле.

Таксама паводле слоў знаёмага, Таццяне не аддавалі перадачы ад родных, нават медыкаменты, якія прынёс муж. А пасля выхаду з СІЗА ёй вярнулі не ўсе асабістыя рэчы, якія былі ў гэтых перадачах:

- Ведаю, што ёй адпраўлялі дзве пасылкі, і адна з іх наогул не дайшла - дзесьці знікла. А перадачы прыносяць як: у спісе, напрыклад, 14 пазіцый, а выдаюць толькі чатыры. І кажуць: «Падпісвай, ці нічога не атрымаеш наогул». Таня расказвала, што ёй аддалі прадметы асабістай гігіены — мыла і шампунь, зубная шчотка і паста ў яе былі. Медыкаменты, сказалі, на патрабаванне будуць выдаваць. Але як ты іх папросіш, калі табе кажуць, што нічога няма?

«Чаму я павінна з'язджаць? Я тут жыву»

Прадпрымальніца выйшла на волю 25 лістапада. Яе знаёмы расказвае, што жанчына стойка перанесла адміністрацыйны арышт. Цяпер яна ўжо вярнулася на працу і займаецца хатнімі справамі.

- Таня - кандыдат у майстры спорту ў лыжах, фізічна моцны чалавек. Вядома, псіхалагічна затрыманне і гэта ўсё дае ведаць пра сябе, але Таня - баец, зламаць яе цяжка, - тлумачыць Арцём і дадае, што цяпер жанчыну пазнаюць у ГЦ, дзе яна працуе. - Разумееце, у нас жа горад невялікі, іх сям'я ўсё жыццё з дробным бізнэсам звязана, таму Таню яшчэ да затрымання і артыкулаў пра яе многія ведалі. Ну, а зараз часта людзі спыняюцца, нехта абдыме, падтрымае. Я пытаўся, ці збіраецца яна з'язджаць, адказ быў простым: «Чаму я павінна з'язджаць?! Я тут жыву». У Танінай мамы яшчэ мама ў лякарні - клопатаў у іх зараз шмат.

Таня казала, што яе здзівіла, які цяпер вал прэсінгу - можа, і ў 2020-м такога не было, як зараз! Людзей прывозілі ўвесь час. Тыя расказвалі, што сілавікі маглі зайсці ў арганізацыю, сабраць ва ўсіх тэлефоны і праверыць. Калі ў некага нешта знайшлі — адразу забіраюць, праз дзве гадзіны суд і на арышт. Некаторыя як былі ў спадніцы і блузачцы ў офісе за кампутарам, так і прыязджалі ў ІЧУ ці СІЗА, - пераказвае Арцём словы Таццяны. - І вы ведаеце, у маіх сяброў, у якіх ёсць свая грамадзянская пазіцыя, і ў мяне ў тым ліку, на ўсялякі выпадак дома стаіць сабраны пакет з цёплымі рэчамі. Каб, калі раптам прыйдуць, пакет у рукі - і паехаў. Вось так мы зараз жывём.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках