18 красавiка 2024, Чацвер, 16:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Беларусы паўстануць, калі Лукашэнка адправіць войска ва Украіну

33
Наталля Радзіна: Беларусы паўстануць, калі Лукашэнка адправіць войска ва Украіну
Наталля Радзіна

Нянавісць да рэжыму нарастае.

19 снежня 2010 года ў Беларусі адбыліся так званыя прэзідэнцкія выбары. Пасля закрыцця выбарчых участкаў дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на вуліцы пратэставаць супраць фальсіфікацыі іх вынікаў.

Тэлеканал «Белсат» узгадвае падзеі з галоўнай рэдактаркай сайта Charter97.org Наталляй Радзінай.

- Наталля, калі мы ўспамінаем 2020 год, то кажам, што экспэрты прадказвалі, што ён апынецца звычайным. Калі ўзгадваем 2010-ты, то што тады казалі?

- Не ведаю, пра якіх экспэртаў вы цяпер кажаце, бо я заўсёды казала, што ў 2020 годзе будзе рэвалюцыя. Я заўжды верыла ў беларускі народ і ведала, што людзі не будуць больш трываць гэтую дыктатуру і выйдуць на вуліцы.

Што тычыцца 2010-га года, то я вось цяпер бачыла ў эфіры кадры з Плошчы - і слёзы на вачах. Гэта гістарычны дзень, які змяніў і маё жыццё. Тады 50 тысяч чалавек, нягледзячы на пагрозы, выйшлі на вуліцы пратэставаць супраць фальсіфікацыі вынікаў «прэзідэнцкіх выбараў». Беларусы паказалі ўсяму свету сваю сілу, паказалі, што не хочуць мірыцца з дыктатурай, і гэта была насамрэч гістарычная падзея.

- Калі параўноўваць з 2020 годам, то тады пратэставалі сотні тысяч, а тут, усё ж, дзясяткі. Чаму на той момант гатовы былі выйсці дзясяткі тысяч?

- Імаверна, у 2010 годзе, грамадства яшчэ не саспела. Хаця, беларусы ненавідзелі Лукашэнку таксама, як і ў 2020-м. Але, можа, не прыйшло яшчэ да ўсіх разуменне, што трэба пратэставаць і выходзіць на вуліцы, бо інакш мы не зможам змяніць сітуацыю.

Варта адзначыць, што ў 2010 годзе людзі змаглі выйсці на вуліцы толькі на адзін дзень. Ужо ўвечары 19 снежня Плошчу разагналі і арыштавалі амаль усіх незалежных кандыдатаў у прэзідэнты, у тым ліку — Андрэя Саннікава, які быў наймацнейшым кандыдатам і выходзіў у другі тур разам з Лукашэнкам. Тады ўсю ноч, з 19 да 20 снежня, ішлі арышты па ўсёй краіне. Мяне і журналістаў сайта «Хартыя-97» таксама арыштавалі, разграмілі ўсю рэдакцыю.

Ужо на наступны дзень пратэстаў не было, у гэтым і была праблема. Калі мы сядзелі ў турме, то, вядома, марылі, што людзі працягваюць барацьбу, але не знайшлося палітыкаў, якія б заклікалі выходзіць на вуліцы, ды і самі беларусы крыху разгубіліся.

У 2020-м мы ўбачылі, што была магчымасць выходзіць амаль два месяцы - у жніўні і верасні, але не было стратэгіі апазіцыі. Праблема ў тым, што сапраўдных лідараў яшчэ летам пасадзілі ў турмы, а лідары, якія з'явіліся на хвалі пратэстаў, выявіліся занадта слабымі.

- Уласна, мы папрасілі і Андрэя Саннікава, кандыдата ў прэзідэнты ў 2010 годзе, узгадаць Плошчу. Пасля тых «прэзідэнцкіх выбараў» яго асудзілі на пяць гадоў калоніі. Рэжым вызваліў яго датэрмінова - у 2012 годзе пад ціскам міжнароднага грамадства. Андрэй Саннікаў уважае рэвалюцыю 2020 года за лагічны працяг папярэдніх акцый пратэсту, у тым ліку - і Плошчы-2010. Давайце яго паслухаем і вернемся да размовы.

Андрэй Саннікаў: Рэвалюцыя была падрыхтаваная ўсімі акцыямі пратэсту, усёй дзейнасцю апазіцыі, грамадзянскай супольнасці. Я заўсёды кажу, што ў 2010-м годзе ў нас было паўстанне, а ў 2020-м - сапраўдная рэвалюцыя.

Гэта прывяло б да перамогі, я ў гэтым упэўнены, бо гэта тое, чаго не выстарчыла ў 2010-м - людзей і рашучасці. У 2020-м была рашучасць і людзі, а лідараў не было, дагэтуль нашы лідары ў турмах.

- Працягваем размову з Наталляй Радзінай. Лідараў не было і дагэтуль яны ў турмах. Ці з'явяцца?

- Упэўненая, што з'явяцца. Яны і цяпер ёсць - гэта беларусы, якія ваююць ва Украіне. Думаю, што беларускія добраахвотнікі - гэта сапраўдныя лідары. Яны ахвяруюць сваім жыццём дзеля незалежнасці Украіны і свабоды Беларусі.

Байцы палка Каліноўскага і беларусы, якія служаць у розных частках Узброеных сіл Украіны, заяўляюць аб гатоўнасці вызваляць Беларусь. Яны і ёсць лідары.

- На ваш погляд, яны могуць аб'яднаць беларусаў? Ці не падаецца вам, што добраахвотнікі існуюць у сваім свеце, а большасць беларусаў, якія жывуць у Беларусі, у сваім?

- Я гляджу на апытанні, якія час ад часу праводзяць у інтэрнэце, і бачу, што полк Каліноўскага - гэта сёння самая папулярная палітычная сіла. Хаця, фактычна, яны яшчэ не палітычная сіла, а толькі цяпер нешта ствараюць. Гэта найперш вайсковае падраздзяленне. Тое, што яны гавораць аб вызваленні Беларусі ад дыктатуры і расейскіх акупантаў, дае людзям надзею і мы бачым, што людзі з імі звязваюць вялікія чаканні.

- Вяртаючыся да 2010 года. Традыцыйна тых, хто спрабаваў перамагчы Лукашэнку, адправілі ў турму, але міжнародны ціск дапамог гэтым людзям выйсці.

— Высновы пасля 2010 года не былі зробленыя ні Захадам, ні беларускім грамадствам. Таму мы атрымалі 2020 год. Першая выснова – не трэба было спыняцца, калі ў турмы патрапілі лідары. Трэба было працягваць барацьбу. Але ў часткі грамадства тады ўзнікла ілюзія, што, можа быць, мы перацерпім, можа, яшчэ можна жыць за Лукашэнкам.

З'явіліся нібыта апазіцыйныя арганізацыі і структуры, якія сталі казаць, што будзе «мяккая лібералізацыя», нейкія «рэформы», «мы паціху нешта з гэтым людаедскім рэжымам зробім». Але нічога не зрабілі і атрымалі 2020 год. Калі мы кажам, што ў 2010-м людзей катавалі (я сама прайшла праз катаванні ў турме КДБ, як і ўсе палітвязні), то ў 2020-м годзе маштаб рэпрэсій быў у 20 разоў большы, бо нельга было трываць. Калі была магчымасць, трэба было пратэставаць. Да 2020-га года магчымасцей было яшчэ даволі шмат.

Гэта першае - рабіць высновы і не спыняцца. Чаго цяпер чакае частка апазіцыі з розных каардынацыйных радаў і «кабінетаў»? Наступных выбараў. Але якія выбары?! Сёння людзі ў турмах паміраюць!

Па-другое, якія высновы зрабіў Захад? Я спадзяюся, што цяпер яны разумеюць. На сайце Charter97.org учора было вельмі добрае інтэрв'ю з экс-амбасадаркай Вялікай Брытаніі ў Беларусі Размары Томас і яна прызнала, што еўрапейцы памыляліся ў 2015 годзе, калі здымалі санкцыі з Лукашэнкі, думаючы, што з ім можна дамовіцца, што будуць нейкія рэформы. Захад зняў санкцыі і атрымаў у Беларусі 2020 год і вайну ў 2022-м.

- Цяпер такіх думак няма?

- Спадзяюся, што не, але, вядома, насцярожвае, што ў дзявятым пакеце санкцый ЕЗ няма Беларусі. Яны спадзяюцца, што гэта нейкім чынам прымусіць Лукашэнку не ўступіць у вайну ва Украіне? Дык Лукашэнка цяпер нічога ў Беларусі не вызначае. Калі Пуцін захоча, то яны ўвойдуць. Цяпер усё вышэйшае кіраўніцтва Украіны кажа, што ў студзені-лютым можа быць напад на Украіну з Беларусі. Таму трэба толькі ўзмацняць санкцыі, іншага выйсця няма.

— Вы згадвалі пра сітуацыю «ператрываць Лукашэнку», якая была ў 2010-м, цяпер яна ўвогуле прымальная?

- Абсалютна непрымальная. Мы бачым, што гэта немагчыма. Сітуацыя ў Беларусі толькі пагаршаецца. Рэпрэсіі не спыняюцца ўжо больш за два гады. Больш за тое, з пачаткам вайны яны ўзмацніліся. Людзей арыштоўваюць кожны дзень і таму сітуацыя не палепшыцца. Зразумела, што Лукашэнка не давярае беларусам. Ён ведае, што людзі яго ненавідзяць, лепей не будзе і трэба думаць, як нам ратаваць людзей, краіну. Акрамя барацьбы, у нас нічога іншага няма. Толькі змагацца.

- Што павінна рабіць апазіцыя, якая цяпер за мяжой?

- Што мы можам рабіць? На мой погляд, гэта інфармацыйная праца. Вельмі важна, каб незалежныя медыі працавалі на краіну. Каб было як мага больш інфармацыйных праектаў, накіраваных на Беларусь, каб людзі ведалі праўду аб тым, што адбываецца і ў іх краіне, і ва Украіне.

Неабходна дапамагаць сем'ям палітвязняў. Цяпер гэтай дапамогі вельмі бракуе. Людзі засталіся ў Беларусі без дапамогі. Трэба дапамагаць і бежанцам. Вельмі шмат людзей з'ехала і ім вельмі цяжка выжыць у чужых краінах.

Трэба дапамагаць і беларускім добраахвотнікам ва Украіне. Бо ўсё больш і больш беларусаў будуць ехаць ва Украіну, бо разумеюць: ва ўмовах вайны, магчыма, адзіны шлях вызваліць краіну - ваенны.

- Цяпер апазіцыйныя лідары сядзяць у турмах. Ці магчыма прагназаваць новае паўстанне, рэвалюцыю, аб'яднанне людзей?

- Магчыма. Мы бачым, што сітуацыя ў Беларусі вельмі цяжкая. Пратэст нікуды не знік. Ён проста збіраецца і людзі чакаюць, калі ім выйсці на вуліцы. Але выйсці трэба не тады, калі сітуацыя яшчэ не саспела. Думаю, што будуць вельмі сур'ёзныя трыгеры, да прыкладу - уваходжанне беларускага войска ва Украіну. Бо нават калі зойдзе толькі расейскае войска з Беларусі, то будзе нанесены ўдар украінскаму войску па вайсковых аб'ектах у Беларусі. Гэта, я думаю, стане тым трыгерам, праз які Беларусь можа зноў паўстаць.

- Гісторыя не мае зваротнага ходу. Тым не менш, калі б вы маглі сёння звярнуцца да палітыкаў 2010-га года, дык што б вы ім сказалі?

- Што яны героі, яны малайцы. Тыя, хто быў на Плошчы, рызыкаваў, пайшоў у турмы. Тыя, хто рабіў максімум для таго, каб змяніць сітуацыю ў сваёй краіне і тыя, хто папярэджваў беларусаў, што трэба змагацца супраць дыктатуры, інакш будзе горш. Нізкі паклон гэтым людзям і вялікая павага.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках