Беларускія навукоўцы стварылі праграму для смартфона, якая прадухіляе алкагольную залежнасць
12- 20.12.2022, 20:00
- 7,420
Такі метад зацвердзілі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Распрацоўку, якая здольная прадухіліць развіццё рознага кшталту залежнасцяў, прэзентавалі віцебскія навукоўцы, пішуць vitvesti.by.
Вынаходства навукоўцаў ВДМУ, якое прапанаваў старшы выкладнік кафедры псіхіятрыі і наркалогіі Віцебскага медуніверсітэта Глеб Усялёнак, перамагло на Рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў – 2022. Размова ідзе пра распрацоўку валідацыі і ацэнкі праграмнага комплексу нейрапсіхалагічнай дыягностыкі.
Паводле эфектыўнасці новую распрацоўку можна параўнаць з МРТ. Толькі скануе яна нейрапсіхалагічны профіль чалавека. Для гэтага ў мабільным дадатку на Android пацыент за невялікі час праходзіць тэсты ў простай, гульнявой і інтуіцыйна зразумелай форме. Далей адказы аналізуюцца. Сама дыягностыка займае 25 хвілінаў, навучанне спецыяліста – усяго гадзіну.
З звесткамі свайго нейрапсіхалагічнага профілю чалавеку варта пайсці да лекара, каб ён паставіў канчатковы дыягназ.
– Пры гэтым нашы тэсты могуць дапамагчы ў вызначэнні даволі спецыфічных уласцівасцяў псіхікі нервовай сістэмы, – падкрэсліў навуковец.
Цяпер віцебскія навукоўцы ўжо зацвердзілі ў Міністэрстве аховы здароўя свой метад дыягностыкі алкагольнай залежнасці.
– Методыка вызначае наяўнасць алкагольнай залежнасці лепш, чым скрынінгавыя даследаванні. Наша распрацоўка – гэта імпартазамяшчэнне. І дарэчы, праект ужо выбраны для камерцыялізацыі, – сказаў на заканчэнне Глеб Усялёнак.