29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зыбіцкая хоча вярнуцца

50
Зыбіцкая хоча вярнуцца
АНДРЭЙ САННІКАЎ

Не вер вачам сваім.

З цяжкасцю паверыў сваім вачам, убачыўшы заблукалы на маю старонку пост лукашысцкай прапагандысткі Інгі Хрушчовай. Высвятляецца, яна асела недзе ў Нямеччыне і нават стала дзяячкай у асяроддзі пратэставай беларускай дыяспары. Нядаўна вось арганізавала музычнае мерапрыемства з творчымі людзьмі, якія з'ехалі з Беларусі, і яшчэ плануе калядныя канцэрты з беларускімі музыкамі.

Больш за ўсё мяне здзівіла (мякка кажучы) колькасць прыстойных нібыта людзей і нібыта антырэжымна настроеных, там згаданых, якія замілавальна-радасна адзначыліся пад гэтым пастом: музыкаў, журналістаў (як бы незалежных) і іншых.

Як на маё суб'ектыўнае разуменне, то такім адыёзным асобам шлях у «еўропы» ўвогуле павінен быць закрыты. Яна ж стварала гэты рэжым, узнімаючы калгас як мадэль лепшага, чым у «бруднай Еўропе», жыцця.

Хрушчова была вельмі шматвектарная ў сваёй прапагандзе: і лукашысцкую лыжню апявала, і ягоныя ж «выбары», уваходзіла ў пул гаспадара і нават узначальвала аддзел палітычных аглядальнікаў Агенцтва тэлевізійных навінаў, г.зн. галоўны прапагандысцкі рупар дыктатара.

І працавала яна як прапагандыстка і як кіраўніца прапагандыстаў у той самы перыяд, калі Лукашэнка знішчаў Канстытуцыю, фальсіфікаваў выбары, а самае галоўнае – яна выдатна пачувалася і толькі прасоўвалася па рэжымных службовых усходах пасля забойства апанентаў Лукашэнкі.

Я яе запомніў, як вельмі цынічную асобу, якая аддана служыла гаспадару і з асаблівай асалодай мазала брудам апазіцыю і проста нелаяльных да Лукашэнкі грамадзянаў, падобных да тых, хто сёння стаіць у яе ў «сябрах».

У гэтай гісторыі палохае тэндэнцыя прабачэння халуёў рэжыму, якія заслугоўваюць прынамсі судовага разбору, напрыклад за ўдзел у фальсіфікацыі выбараў.

Здавалася б, чорт з ёй, з Хрушчовай. Ну, перафарбавалася, не яна адна. Але яна то ў Бабарыкі свяцілася ў прэс-службе, і там гэта меркавалі ў парадку рэчаў, то вось у Нямеччыне з лёгкасцю ўлілася ў шэрагі тых, каго раней ганьбіла. А тое, што яе ўспрымаюць і падтрымліваюць удзельнікі пратэстаў, насцярожвае найбольш.

Вельмі доўга заўсёднікі аграгламурных установаў Менска, той самай Зыбіцкай меркавалі, што пры Лукашэнку жыць цалкам можна. Падумаеш, некалькі чалавек пасадзілі, дробязі. Гэта не з нашай вуліцы. І забілі ж усяго з дзясятак, не Паўночная Карэя, маўляў.

У 2020 годзе адбылося тое, што павінна было адбыцца: народ паўстаў і ўвабраў у сябе Зыбіцкую. І ўсе сталі адзіныя. І гэта было выдатна.

А цяпер ізноў сталі з'яўляцца прыкметы настальгіі па аграгламуры, па колішніх выспачках гульні ў Еўропу пры дыктатуры, па «лібералізацыі». Зразумець гэта можна. Неўладкаванасць у эміграцыі, нуда па звыклым жыцці прымушае воляй-няволяй думаць, што ўсё можа нейкім чынам наладзіцца, а, можа, і памяняцца.

І гэта страшна.

Бо не наладзіцца.

І будзе ўсё горш і горш.

Пасля кожнага ўдару рэжыму па пратэстах, па людзях, цэлых сем'ях, дзецях, і ўдару не фігуральнага, а цалкам сабе фізічнага і калецкага, пачыналіся танцы з «лібералізацыяй», якія давалі Лукашэнку неабходную перадышку. Успыхвалі новыя пратэсты, якія адпачылы Лукашэнка душыў з яшчэ большай жорсткасцю, і так не адзін раз, пакуль ён не дайшоў да 20-га года і не перайшоў усе чырвоныя лініі, а пасля яшчэ і ўблытаў Беларусь у вайну з Украінай.

Пасля кожнай «лібералізацыі», якая пачынаецца з дапушчэння часткай грамадства яе магчымасці, ахвяраў станавілася невымерна больш, чым пасля папярэдняй.

Дараваць мы ўмеем, але апраўданне злачынцаў – гэта не дараванне, а суўдзел.

Дараваць будзем пасля вайны і пасля Лукашэнкі.

А цяпер успрымаць будаўнікоў рэжыму як змагароў з ім жа – гэта нават не абсурд, гэта спроба знішчыць пратэставы дух і дапамагчы карнікам панаваць.

Яны асуджаныя і павінны ведаць, што гісторыя іх злачынстваў будзе ісці за імі, нават калі яны здолеюць схавацца за мяжой.

Шлях выкуплення ім таксама вядомы, і знаходзіцца ён у Беларусі, і заключаецца ён у тым, каб дапамагчы ад гэтага рэжыму пазбавіцца.

І будзе тады ім прабачэнне.

Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках