«Плачу $51 за месяц, каб падцяпліць ваду»
14- 21.12.2022, 10:49
- 5,978
Як паменшыць тарыф за святло, калі ў кватэры электрабойлеры.
У рэдакцыю «Кур’ера» звярнулася Марына Лявончык, жыхарка Грэска. Яна жыве ў шматкватэрным доме з выгодамі, дзе, аднак, няма гарачай вады. Жыхары карыстаюцца электранагравальнікамі і, як вынік, плацяць за электраэнэргію больш, чым звычайна.
«У нас у доме 24 кватэры, – сказала Марына. – Вады гарачай у нашым доме няма. Амаль ва ўсіх, за выключэннем трох кватэраў, стаяць электрычныя бойлеры. У тым ліку і ў нас. Я плачу 600–700 кілаватаў на месяц, бо бойлер увесь час грэецца: трэба і дзяцей мыць, і самой мыцца, машынка круціцца кожны дзень.
Вось і атрымліваецца, што за святло мы плацім вялізныя грошы. Канкрэтна я плачу за халодную ваду 30 рублёў плюс яшчэ 130 рублёў ($51,40) – за святло, каб яе падцяпліць. Гэта залішне.
Мы з іншымі жыхарамі хочам некуды звярнуцца, таму што сёння гэта немаленькія сумы. Хацелася б проста прачытаць, як правільна зрабіць – напісаць некуды скаргу або зварот?
Мы плацім за святло паводле такога самага тарыфу, як людзі, якія жывуць у Слуцку ў кватэрах з гарачай вадой. Мне падаецца, гэта крыху несправядліва, таму што ў людзей ёсць гарачая вада і яны плацяць паводле лічыльнікаў за 100–200 кілаватаў электраэнэргіі».
Паніжальны каэфіцыент і як на яго перайсці
Міністэрства энэргетыкі Беларусі на сваім сайце тлумачыць, што грамадзяне, якія (як Марына) жывуць у шматкватэрных дамах з цэнтралізаваным ацяпленнем і газавымі плітамі, але без гарачай вады і індывідуальных газавых награвальнікаў, згодна з пунктам 44 «Палажэння аб парадку разлікаў і ўнясення платы…», плацяць за электраэнэргію з паніжальным каэфіцыентам 0,85.
Парадак разлікаў з ужываннем каэфіцыента 0,85 выкарыстоўваецца энэргазабеспячальнай арганізацыяй:
– паводле выяўленчага прынцыпу ў адпаведнасці з інфармацыяй, прадстаўленай гор- або райвыканкамамі,
– і паводле заяўнага прынцыпу – у выпадку звароту грамадзяніна і наяўнасці ў яго неабходных дакументаў.
Калі ў дакументах няма неабходных звестак, неабходна звярнуцца ў мясцовы выканаўчы орган «улады» для прывядзення дакументаў у адпаведнасць з дзейным заканадаўствам.
Пасля атрымання дакументаў трэба звярнуцца ў энэргазабеспячальную арганізацыю на месцы жыхарства для пераходу на аплату за спажытую электраэнэргію паводле субсідаванага тарыфу з ужываннем каэфіцыента 0,85.
Такім чынам, каб перайсці на гэты тарыф, трэба звярнуцца з запытам у энэргазабеспячальную арганізацыю.