19 красавiка 2024, Пятніца, 9:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыслаў Бэрэза: Найлепшы варыянт для Лукашэнкі – суіцыд

30
Барыслаў Бэрэза: Найлепшы варыянт для Лукашэнкі – суіцыд
Барыслаў Бэрэза

Наступны год стане пераломным.

Экс-дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны і сябра ўкраінскай дэлегацыі ў ПАРСЕ Барыслаў Бэрэза разам з сайтам Charter97.org падрахаваў вынікі гэтага года.

- Якія галоўныя падзеі для Украіны Вы можаце адзначыць?

- Самая галоўная падзея, якое адбылася, на жаль, мае негатыўную палярнасць - гэта ўварванне Расеі ва Украіну. Яна кардынальна змяніла жыццё украінцаў, памяняла хаду падзей, працэсаў і стаўленне да Украіны саміх грамадзян. Таму падзея нумар адзін - гэта, вядома ж, уварванне. Падзея нумар два - гэта абарона і контратака Украіны. А падзея нумар тры — атрыманне заходняй зброі, дзякуючы якой мы фактычна цяпер супрацьстаім Расеі. Як ні дзіўна, усе тры падзеі звязаныя з адным і тым жа - з вайной.

- Хто для Вас галоўныя героі і антыгероі гэтага года?

- Для мяне галоўны герой года нумар адзін - гэта, вядома, народ Украіны, бо УСУ - гэта адлюстровак нашага народа. Дзякуючы таму, што народ абараняе краіну, Украіна яшчэ існуе. Гэта адзін.

Другі герой для мяне - гэта кіраўнік УСУ Валерый Залужны, дзякуючы генію якога была створаная стратэгія абароны і контратакі, а таксама дасягнутыя вынікі, якія мы бачым. Каля Кіева ўжо няма расейцаў, Херсон вернуты Украіне, расейскае войска выбілі на Харкаўскім кірунку, на Данецкам іх таксама пагналі, Луганскі кірунак вызваляецца. Мы бачым пералом у вайне, яна яшчэ не скончылася і будзе доўжыцца далей, але Залужны, ужываючы нестандартную стратэгію і тактыку, дасягае максімальных вынікаў як у абароне, так і ў нападзе.

Нашы заходнія партнёры кажуць, што гэта адзіны ў свеце генерал, які валодае такім досведам паспяховых разнапланавых аперацый у наш час. Нам з ім пашанцавала, таму для мяне гэта герой нумар два пасля народа Украіны.

Ну а герой нумар тры - гэта, безумоўна, узброеныя сілы Украіны. УСУ складаюцца з шматлікіх частак, туды ўваходзяць не толькі вайсковыя падраздзяленні - ТРА, Служба бяспекі Украіны, памежнікі, Нацгвардыя, ахвотніцкія злучэнні. Мы бачым досыць вялікую колькасць людзей, якія «пад шапкай» УСУ аб'яднаныя толькі адным - супрацьстаяннем Расеі і вызваленнем Украіны ад захопнікаў. І яны ўпраўляюцца з гэтым цудоўна, таму яны героі.

Самы галоўны антыгерой гэтага года, вядома, Пуцін. Тут пытанняў няма - гэта проста эталонная брыдота. Антыгерой нумар два — гэта Лукашэнка, такі смуродны нікчэмнік, мікрапуцін. Антыгерой нумар тры для мяне - гэта Орбан, які фактычна далей падыгрывае Пуціну і сабатуе ўсе працэсы, якія звязаныя ў Еўропе з Украінай. Мы бачым, што ён спрабуе сабатаваць не толькі еўрапейскія працэсы, але і інтэграцыю Украіны ў NATO або правядзенне ўсякіх супольных акцый, у якіх Украіна магла б быць больш актыўнай ды інтэграванай у сістэму Альянсу. Вось тры нягоднікі, тры антыгероі гэтага года.

- Вы надоечы пісалі аб Татарстане, у якім пачалі з'яўляцца сігналы сэпаратызму. Ці працягнуцца такія тэндэнцыі ў РФ? Хто можа быць наступным?

- Такіх аб'ектаў вельмі шмат: рэспубліка Саха, Татарстан, Дагестан, пры пэўных збегах абставін, калі людзі змогуць супрацьстаяць прыватнай арміі Кадырава, то і Ічкерыя. Мы можам убачыць, як шугане Каўказ, усё гэта мы можам убачыць. Але Татарстан - гэта вельмі цікавы сігнал. Рэч у тым, што гэта ўжо не першая гісторыя, на пачатку 90-х гэткая гісторыя ўжо была, але тады Шайміева купілі фактычна за нафту. Дзякуючы гэтаму ягоная сям'я цяпер уваходзіць у топ-3 найбагацейшых сем'яў Расеі.

Мабыць, Крэмль будзе спрабаваць купіць мясцовыя эліты, але эліты бачаць слабасць Масквы, паспрабуюць згуляць самастойную гульню. Замест таго, каб быць васаламі Крамля, яны жадаюць самі быць сюзерэнамі і кіраваць сваім жыццём.

У Татарстане ідуць вельмі цікавыя працэсы, яны непублічныя. Тое, што часам выскоквае ў публічную сфэру, наўмысна ўкідваецца дзеля таго, каб людзі разумелі, што не ўсё так проста. Мабыць, ідзе торг, але трэба не забываць, што зазвычай такія гульні заканчваюцца тэктанічнымі зменамі. Прыкладна такое ж пачыналася ў Савецкім Саюзе, калі лёгкія гульні з гэтымі малымі незалежнасцямі або суверэнітэтамі ўнутры СССР прычыніліся да раскідання. Таму рана альбо позна мы можам убачыць такое і ў Расеі, пачнецца гэта, мусібыць, з Татарстана, а вось далей ужо паглядзім.

Нельга забываць пра ўнутраныя канфлікты, бо мы бачым, якія цяпер адбываюцца ўнутраныя міжэтнічныя канфлікты паміж расейцамі і прадстаўнікамі каўказскіх рэспублік, прадстаўнікамі мусульманскіх народаў. Той самы расстрэл у Белгарадскай вобласці мабілізаваных адбыўся на фоне этнічнага канфлікту. І гэта вельмі добрая гісторыя, бо ўсё, што аслабляе Расею, падштурхоўвае вайну да канца. Таму ўсякія ўнутраныя канфлікты можна толькі вітаць і спадзявацца, што іх будзе болей. Чым больш будзе канфліктаў, тым хутчэй гэтая заганная імперыя адыдзе ў нябыт.

- Які прагноз на наступны год Вы б далі для Украіны, Беларусі і РФ?

- Наступны год будзе пераломным. Мяркую, што ёсць імавернасць заканчэння вайны налета ў выпадку адхілення Пуціна ад улады або ў выпадку нейкіх тэктанічных змен у Расеі.

У гэтым выпадку заканчэнне вайны будзе выгаднае ўсім, бо фактычна гэта будзе спыненнем часткі санкцый супраць Расеі, дасць магчымасць мясцовым элітам зарабляць ізноў вялікія грошы. Давайце шчыра казаць - яны меркантыльныя, яны разглядаюць служэнне дзяржаве праз служэнне сваёй кішэні, таму для іх гэта вельмі важны момант. І гэты варыянт для іх будзе магчымы, калі Пуцін будзе адхілены.

Калі Пуцін не адхілены, можам уявіць вобраз сфэрычнага каня ў вакууме, тады дапускаем, што міжнародныя партнёры разам з Украінай даціснуць Расею, і Пуцін выведзе войскі з Украіны і Крыма. Але я, шчыра кажучы, у гэта веру мала, нават не веру наогул.

Таму вайскова-дыпламатычным шляхам мы будзем выбіваць расейцаў, атрымліваць усё больш новай зброі. Рана або позна мы атрымаем і "Тамагаўкі", і сучасныя танкі, і ўсё астатняе. Галоўнае, каб як мага менш украінцаў плаціла жыццём за гэтае чаканне, бо напраўду мы плацім страшную цану. Налета ў нас будзе пералом, я б вельмі хацеў спадзявацца на перамогу ў наступным годзе, але толькі час пакажа, адбудзецца гэта або не.

Для Беларусі я магу сказаць толькі адно - падзенне рэжыму Пуціна будзе аўтаматычным падзеннем рэжыму Лукашэнкі, бо ён не ўседзіць самастойна. Цяпер ён сядзіць на штыхах сваёй карнай сістэмы, грошах і танным газе, якія дае яму Пуцін. Як толькі гэта заканчваецца - для яго пачынаецца катастрофа. Акрамя таго, ніхто не забыўся, як ён дапамагаў Пуціну забіваць украінцаў, як ён дапамагаў і датычны да ўварвання ва Украіну 24 лютага, як ён стаў тым, хто даў аэрадромы для ўзлёту самалётаў, якія потым бамбавалі або скідалі ракеты на Украіну. Ён фактычна даў Пуціну і зброю, і баявыя прыпасы. Таму Лукашэнку чакае асобная гісторыя, для яго ідэальны варыянт — гэта суіцыд, інакш ён будзе доўга і нудна недзе гнісці.

У найгоршым выпадку, калі ён паспее ўцячы, будзе хавацца недзе ў Кітаі або Паўночнай Карэі. Гэта таксама варыянт. Але ў кожным выпадку ўсе працэсы мусяць ініцыяваць самі беларусы.

Калі беларусы не захочуць узнімаць галаву, то Лукашэнка будзе кіраваць імі і надалей. А пасля Лукашэнка будзе кіраваць Міколка, а гэтая традыцыя ўладарання не скончыцца датуль, пакуль беларусы не ўсвядомяць, што за сваю свабоду трэба змагацца.

Украіне ўсё прарочылі «пяць дзён супраць Расеі», ужо дзясяты месяц ідзе «захоп Кіева за тры дні». Мы давялі ўсім, што за сябе можна пастаяць, што можна перамагаць нават вельмі моцнага супраціўніка. Беларусы могуць атрымаць сваю заслужаную свабоду, могуць атрымаць права свабодна жыць у сваёй краіне, могуць атрымаць права размаўляць на сваёй мове, могуць атрымаць права не баяцца выказваць сваё меркаванне аб уладзе і могуць жыць як цывілізаваныя еўрапейцы. Для гэтага ім трэба мяняць уладу і выбіраць нармальную, вартую і годную. Усё залежыць ад беларусаў.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках