16 красавiка 2024, aўторак, 14:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзяніс «Кіт»: Мы сустрэнем лукашэнкаўскае войска ў першых шэрагах

39
Дзяніс «Кіт»: Мы сустрэнем лукашэнкаўскае войска ў першых шэрагах
ДЗЯНІС «КІТ» ПРОХАРАЎ

Інтэрв'ю з гераічным камандзірам палка Каліноўскага.

Для многіх беларусаў галоўнымі героямі гэтага года сталі байцы палка Кастуся Каліноўскага, якія сёння абараняюць Украіну. На чале "каліноўцаў" стаіць не толькі першакласны камандзір, але і дасведчаны ваяр Дзяніс "Кіт" Прохараў. У свае 26 гадоў ён пабываў у самых гарачых мясцінах вайны ва Украіне, навучаў будучых абаронцаў "Азоўсталі", якія сталі вядомымі на ўвесь свет.

У інтэрв'ю з сайтам Charter97.org Дзяніс “Кіт” распавёў пра гераічны бой у Бучы, як рыхтуюць байцоў палка Каліноўскага, а таксама пра планы беларускіх добраахвотнікаў для вызвалення Беларусі.

"Беларусы і ўкраінцы павінны аб'яднацца, каб абараняць адзін аднаго"

- Вы паехалі ваяваць ва Украіну, калі вам было 18 гадоў. Раскажыце, як прынялі такую пастанову?

- Рэч у тым, што я вельмі сачыў за Майданам. Беларуская моладзь у той час ужо была развітая і ведала, што такое інтэрнэт.

На той момант я разумеў, што беларусам не стае гэтага імкнення да свабоды. У 16-17 год бачыў, што такое дыктатура і рэжым Лукашэнкі, чытаў некаторыя кнігі, нават стараўся ў мамы пытацца пра 90-я гады, пра БНР і гэтак далей. Аднак зразумеў, што прапаганда Лукашэнкі вельмі моцна папрацавала і ўсе забыліся на тыя часы.

Калі пачаўся Майдан, мне адразу хацелася прыехаць, аднак не атрымалася, бо трэба было скончыць адпрацоўку пасля ліцэю. Як усе ведаюць, у нас у краіне абавязковая адпрацоўка ці табе выпішуць вялікі штраф.

Калі яна скончылася, адбылася анэксія Крыма і я зразумеў, што паеду не на Майдан, а да сваіх сяброў у баявое падраздзяленне, вазьму зброю ў рукі і буду ваяваць. Мне была не абыякавая гісторыя беларускага народа, а таксама і ўкраінскага. На той момант я ўжо думаў, што Расейская імпэрыя зноў робіць сваю чорную справу і нашыя народы павінны аб'яднацца, каб абараняць адзін аднаго. З гэтымі думкамі я ўзяў білет у адзін канец.

- Вы пачыналі свой шлях у палку “Азоў”. Чаму расейцы так баяцца гэтага падраздзялення?

- Ведаеце, “Азоў” - гэта вялікая сям'я, асноўная ідэя якой - ідэя самой украінскай нацыі, яе культурнага і моўнага аспекту. Яны заўжды памятаюць сваіх нацыянальных герояў. Гэта такія сучасныя казакі, якія абараняюць сваю тэрыторыю, абараняюць сваю нацыю ад маскалёў. Гісторыя "Азова" пачалася ў 2014 годзе і полк працягвае загартоўвацца ўвесь гэты час.

У гэтай ідэі нацыі няма нейкіх шавіністычных схільнасцяў. Яна пра тое, што Украіна - гэта свабодная краіна, свабодная ад Расеі, на гэтым усё грунтуецца.

Для мяне “Азоў” стаў домам, які даў пачуццё, што ты свой у гэтай краіне, бо “азоўцы” - людзі, якія адзін за аднаго будуць трымацца, будуць помсціць за кожнага, хто сыходзіць, гераічна гіне. Усё гэта адчуваецца, калі ў калектыве.

Абарона “Азоўсталі” паказала ваенную мужнасць, гэты казацкі дух. Цяпер ужо ўвесь свет не імкнецца крычаць на іх: "нацысты". Усе зразумелі іх ідэю нацыі, яны баранілі сваю краіну да апошняга.

Для мяне, скажу так, “Азоў” - гэта сэрца ўкраінскага войска. Ідэя "Азова" выхавала не адну сотню першакласных ваяроў. Ідэя гэтага выхавання - дысцыпліна, культурныя і гістарычныя аспекты, а таксама матывацыя.

Для мяне “Азоўсталь” - гэта спроба ўкалоць у самае сэрца Украіны. Не ведаю, што яшчэ сказаць пра "Азоў", бо ў мяне толькі цёплыя думкі. Гэтае падраздзяленне было створанае паводле стандартаў NАТО яшчэ ў 2015 годзе. Легендарны полк ужо ўвайшоў у нашу сучасную гісторыю, а бой на "Азоўсталі", наколькі мне вядома, уключаны ў новы кодэкс "Бусідо" як прыклад мужнасці і адвагі.

“Гэта быў апошні момант, калі я бачыў Іллю “Ліцвіна” жывым”

- Вы ўспомнілі гераічную абарону “Азоўcталі”. У пачатку вайны была проста неверагодная гісторыя, калі ў Бучы вы біліся з расейскімі войскамі і нават прыйшлося выклікаць агонь артылерыі на сябе. Можаце расказаць пра гэты бой?

- Усё пачалося з падраздзялення ТРА “Азоў”. У ім былі былыя "азоўцы", ветэраны, з батальёна яшчэ былі хлопцы. І на гэтай базе ў Кіеве аб'ядналіся розныя групы, задача якіх была ездзіць па Кіеве і вобласці, удзельнічаць у баях і выбіваць ворага. У такую групу трапілі і мы, беларускія добраахвотнікі: я, Ілля “Ліцвін”, Лёша “Псіхолаг”.

І мы, 30-40 чалавек, паехалі спачатку на адну місію, потым на іншую і ўжо трэцяя місія была абарона Бучы. Са звестак, якія атрымала нашая група, мы павінны былі прыйсці ў Бучу пешшу і замацавацца, каб сустрэць тэхніку ворага і не даць ёй магчымасць паехаць далей.

Нашы дзве групы замацаваліся на двух кірунках, дзе, як мы думалі, пойдзе тэхніка. Усё адбылося ў адзін момант, але не на той дарозе, на якой чакалі. Расейцы паехалі паміж цывільнымі дамамі, каб нашым хлопцам было цяжка весці бой.

Бой пачаўся недзе а 13 ці 14 гадзіне 3 сакавіка. Стала зразумела, што ў іх тэхнікі больш, чым мы разлічвалі, а ў нас блізу 30-40 чалавек пяхоты і максімум, што ў нас ёсць - гэта аўтаматы, кулямёты і пару разлікаў РПГ.

Побач з гэтым месцам стаяў гатэльны комплекс, віла “Сан Марына” і так атрымалася, што калі пачаўся бой, пачаліся прылёты з варожага боку, мы там замацаваліся.

Было тры варыянты: выбягаць на адкрытае поле, якое прастрэльваецца, другі варыянт - спрабаваць перабегчы дарогу там, дзе была тэхніка, а трэці - замацавацца ў гатэльным комплексе і прыняць бой, спадзеючыся на падтрымку і эвакуацыю нашай групы. Эвакуацыя чакала нас, але яна была дастаткова далёка.

Пачаўся бой і прылёты. Быў цяжка паранены ў нагу Аляксей з пазыўным “Псіхолаг”.

Было пачуццё, што ты знаходзішся ў правільным месцы, знаходзішся з тымі хлопцамі, на якіх можаш спадзявацца стоадсоткава. Гэта давала пэўную ўпэўненасць у баі.

Мы з Іллём “Ліцвінам” былі разлікам РПГ. Ілля пасля выкананага першага стрэлу забег на перазарадку, перазарадзіў набой і выбег на двор зноў. Гэта быў апошні момант, калі я бачыў яго жывым.

Стаяла некалькі нашых цывільных машын, на якіх прыехалі хлопцы з аэравыведкі, яшчэ нехта. І ў гэтыя машыны мы напіхалі бітком усіх цяжка параненых. Яны цудам выехалі, пакуль вораг пераключыў увагу на нас.

Некаторы час мы сядзелі ў гэтым будынку вілы, а потым нам сказалі, што ёсць сховішча. Гэта бойлерная ў сутарэнні басейна. Там ужо працавалі нашы парамедыкі.

Я ўключыўся ў дапамогу парамедыкам, імкнуся дапамагчы аднаму, другому, трэцяму. Тады разумею, што ў мяне ўвесь гэты час адна думка ў галаве: "Дзе зараз "Ліцвін"?" Я адпрасіўся ў свайго камандзіра групы, сказаў, што хачу знайсці "Ліцвіна". Увесь гэты час, трэба разумець, адусюль ляцяць набоі вялікага калібру, прылёты РПГ, танк страляе проста па гэтым комплексе. І ў такіх умовах хлопцы ляжаць, ім перавязваюць раны, а я бегаю па комплексе і крычу: "Ліцвін, ты дзе?".

Дагэтуль ўжо гарэў дах комплексу, верхні паверх згарэў, у мяне чамусьці былі думкі, што ён тамака. Я пабег на другі паверх, забег крыху ў полымя, рукой неяк прыкрыўся, крычаў: “Ліцвін, Ліцвін”, але нічога не пачуў у адказ і пабег шукаць далей.

І ўжо калі выбягаў, на зваротным шляху ўбачыў, што нехта ляжыць побач з будынкам. Гэта быў Ілля. У першыя секунды былі эмоцыі, але не такія, што ўсё кінуў і крычаў. Я схапіўся за галаву, бо не мог паверыць, што гэта адбылося. У нас з 2014 года хлопцы былі і ў Ілавайску, шмат яшчэ якія гарачыя мясціны праходзілі, але было заўсёды ўнутранае адчуванне, што нас абміне смерць, нічога не адбудзецца. Тады я стаяў побач з Іллём і проста не мог паверыць у тое, што ўбачыў. Затым я распачаў неабходныя меры і зразумеў, што Ілля - "двухсоты".

Цела трэба было аднесці да нашых параненых хлопцаў, каб іх забралі разам на эвакуацыі. Я папрасіў двух таварышаў мне дапамагчы, мы перанеслі яго да нашых параненых і чакалі далей.

"Мы проста выклікалі агонь артылерыі на сябе"

Потым мне сказалі заняць пазіцыі бліжэй да краю вілы "Сан Марына", у адным з домікаў я назіраў за кірункам з Бучы. Я выглянуў у акно і ўбачыў тэхніку з надпісам "V" на борце, якая ўжо проста падыходзіць да краю комплексу, каб узяць нас у кольца.

Увесь гэты час мы чакалі эвакуацыю і тут па рацыі прыходзіць паведамленне, што яна немагчымая "У нас - "200-я", мы ўварваліся ў бой і не можам вас забраць, канец сувязі".

Тады мы разумеем, што застаёмся самі з сабой. Хлопцы, якія мяне атачаюць, магчыма, апошнія, каго я бачу. Ва ўсіх такая думка ў галаве, што мы, хутчэй за ўсё, тут гінем.

Калі мы занялі пазіцыі, пачалася спроба нас выціснуць. Я пачуў, як паранілі майго вельмі добрага знаёмага з Украіны, з якім я таксама доўгі час быў знаёмы, працаваў разам - Жэня “Стралок”.

Чую, як ён кажа: “Хлопцы, мяне зачапіла. Я – 200-ты”. Ён не пераблытаў лічбу, а проста ахарактарызаваў сваё раненне, яно было вельмі цяжкае - раненне пахвіннай вобласці, там вялікая артэрыя і чалавек можа "выцячы" за 30 секунд. Жэня спецыяльна сказаў, што ён "200-ы", каб наш парамедык на яго не марнаваў свае сілы. Але наш парамедык зрабіў усё магчымае, каб стабілізаваць яго стан, а затым накрыў "Стралка" медыцынскім покрывам. Ён быў стабільны ўвесь час, пакуль мы вялі бой.

Мы ўжо дамовіліся ўвогуле не размаўляць, толькі жэстамі, каб ворагі падумалі, што мы загінулі. Увесь гэты час наш камандзір групы станавіўся бліжэй да выхаду, каб лавіла рацыя і выклікаў артылерыйскі агонь на нас, таму што была інфармацыя, што мы ў коле і акружаныя, вакол нас ворагі, гул тэхнікі ўжо проста паўсюль. Мы проста выклікалі агонь артылерыі на тую кропку, дзе знаходзіліся: "Біце проста туды - не пудлуйце, тут паўсюль ворагі".

Мы працягваем бой, трымаем сектары, заходзіць наш старэйшы і кажа, што ёсць добрыя навіны. Падымаем галаву, думаем, што за навіны, а ён казаў: “Я выклікаў артабстрэл на нас, усё добра. Трымаемся”. І на той момант, верыце ці не, гэта былі рэальна вельмі добрыя навіны, бо тое пекла, якое там адбывалася, не магло памяняцца на нешта горшае.

Па будынку стралялі супрацьтанкавымі ракетамі, абрынулася 80% будынка, ён проста быў разбураны і гарэла ўсё, акрамя кухні, у якой мы сядзелі.

Памятаю, як адзін з нашых стаяў і цераз сцяну ў ягоную галаву трапляе вялікі калібр. Галава проста як кавун лопаецца. Там усе гэтыя рэшткі ляжаць, а мы трымаем бой. І ты чакаеш, пакуль "арта" пачне працаваць. Твой лепшы сябар загінуў. Адзін, дзякуй багам, з'ехаў. І застаецца проста трымаць сектары і ўсё.

У адзін момант я адпрацаваў і мне трэба было памяняць магазін: саджуся на калена, мяняю, пачынаю ўставаць, а ў гэты самы момант на адлегласці 5-7 ці 10 метраў прылятае нешта. Я паспеў адхіліцца ў правы бок і прымаю ў левую руку тры аскепкі.

Не зразумеў адразу, што паранены, быў адрэналін: падымаю кіцель і бачу, што ў мяне цячэ кроў. Саджуся, кажу: “Хлопцы, я – “300-ы” і пачынаю сабе накладваць турнікет, закручваю.

Першы турнікет быў кітайскім, ён лопаецца, я вымушаны ўзяць другі турнікет. Накладваю ніжэй, заматаў руку. Не магу ахарактарызаваць раненне, але кажу што "лёгкі" і далей сяджу, адной рукой грубіяню сектар.

Побач са мной ляжыць паранены хлопец. Пазней я даведаўся, што яго пазыўны - "Юджын". Наш парамедык зрабіў усё магчымае. Я праверыў турнікеты, але адчуваў, што кроў усё роўна недзе выцякае. Ужо сцямнела, мы ўвесь час чакалі "арту". Я прасіў “Юджына” сціскаць маю руку, мы ўвесь час размаўлялі, каб ён быў у прытомнасці. З часам хватка яго пачала слабець, я вырашыў падтрымаць яго маральна. Падзякаваў, што ён быў з намі. Сказаў, што вельмі ганаруся, што знаёмы з ім, хаця яго нават і не ведаў. Імкнуўся яго супакоіць. Праз нейкі час ён памёр на маіх руках.

"У вачах кожнага чыталася, што мы ўжо загінулі"

Потым пачала працаваць артылерыя. Былі спробы расейскай тэхнікі заехаць проста ў будынак, гук быў вельмі блізка. Сядзіш, а за сцяной у галоўны хол заязджае тэхніка. Рухавік працуе, мы, вядома, замоўклі, яна пастаяла і з'ехала.

Затым набой артылерыі прылятае проста ў наш будынак. Разумееце, нам было ўжо да лямпачкі, у вачах кожнага чыталася, што мы ўжо загінулі. Ніхто не панікаваў, прынялі як дадзенасць. Калі ішлі ў гэты бой, кожны зразумеў, што гэта можа адбыцца.

Кіеў, вобласць, калі цяпер даць слабіну - канец. Мне вельмі хацелася камусьці сказаць апошнія словы, паразмаўляць з жонкай, сябрамі, але тэлефон сеў і не было магчымасці з кімсьці звязацца.

Калі цалкам сцямнела, недзе а 11-12 гадзіне, мы пасля артабстрэлу доўгі час выконвалі цішыню. Стаяла пытанне, што трэба нешта рабіць, нельга працягваць там сядзець. Усе разумелі, што цемра - наш адзіны шанец.

Гукаў тэхнікі стала менш, а потым усё сціхла. У мяне былі думкі, што яны проста заглушылі тэхніку, накіравалі рулі на два кірункі і чакалі, пакуль мы станем выходзіць.

Хлопцы з прыладамі начнога бачання надумалі схадзіць на папярэднюю выведку. Яшчэ за паўгадзіны да гэтага мы папрасілі адпрацаваць артылерыяй, каб быў нейкі рух. Калі нашыя байцы вярнуліся, то сказалі, што мы можам выходзіць.

Мы бярэм нашых цяжкіх параненых, мне дастаецца хлопец з вельмі цяжка параненай нагой. Ісці было кіламетры два, а нам хлопцы казалі: давайце яшчэ 500 метраў і ўжо прыйшлі, каб нам было маральна лягчэй. У адзін момант парамедык паведаміў, што паранены "Стралок" памёр з-за страты крыві. Мы схавалі цела, каб вярнуцца за ім.

- Колькі часу вы ішлі да сваіх?

- Хвілін 40-60. Мы ж рабілі перапынкі. Уздоўж дарогі стаяла варожая тэхніка - заведзеная або на "габарытах". Мы ішлі ад яе за 20-40 метраў. Пашанцавала, што ноч была бязмесячная, было вельмі цёмна. Потым нас сустрэлі, мы селі ў аўтобус і з'ехалі.

"Мы рыхтуем байцоў паводле стандартаў NАТО"

- Сёння вы камандуеце палком. Як прыйшло разуменне, што трэба стварыць паўнавартаснае беларускае злучэнне?

- Рэч у тым, што калі “Ліцвін” запісаў зварот да ўсіх беларусаў, мы змагаліся за Кіеў і не думалі, што будзе такі наплыў ахвочых сярод нашых. Мы былі рады, што людзі прыязджаюць, ствараецца рота. Потым колькасць ахвочых яшчэ больш узрасла і мы зразумелі, што трэба ствараць такія структуры, як цэнтр у Варшаве, дзе будуць прымаць заяўкі і правяраць людзей.

Усведамленне, што ў нас будзе падраздзяленне, прыйшло асабіста да мяне праз пяць дзён пасля таго, як я паляжаў у шпіталі пасля ранення. Я сказаў, што больш ляжаць не магу, хачу быць карысным. Прыйшоў назад на базу "Азова" і там ужо цалкам была сфармаваная рота з беларусаў.

Калі я з'язджаў у лякарню, на базе было блізу 20 чалавек, а калі вярнуўся - рота, чалавек 70. Усе яны хацелі ўзяць у рукі зброю. Пасля ранення я займаўся больш інструктарскай дзейнасцю, даваў байцам асновы. Потым з намі звязваюцца людзі з прапановай аб кантрактнай службе пры ГУВ МА (Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны - Заўв.). Адзіная ўмова - каб бралі менавіта беларусаў.

Мы з гэтымі навінамі прыйшлі да кіраўніцтва “Азова”, паразмаўлялі, паціснулі рукі і я сказаў, што “Азоў” — вялікая сям'я, але да нас зараз прыязджае вельмі шмат беларусаў і мы нясём за іх адказнасць. У нас фармуецца свая сям'я, якую мы павінны зараз падтрымаць. Нас пачулі, мы паціснулі рукі і я сказаў "да сустрэчы на полі бою".

Калі мы перайшлі на іншую базу, адразу ўсім сказалі, што пачынаем ствараць батальён імя Кастуся Каліноўскага з кантрактнай службай і гэтак далей. З часам зразумелі, што трэба ўжо абвяшчаць аб стварэнні і фармаванні палка. Адразу скажу, што я ніколі не імкнуўся да ўлады, каб быць галоўным, камандзірам.

Разумееце, на жаль, не кожны з хлопцаў, з якімі мы пачыналі гэты рух, выжыў. Некаторыя байцы, якія ўзначальвалі групы з якіх сфармаваўся спачатку батальён, а потым полк, проста абралі мяне камандзірам. Яны сказалі: "Трэба, каб гэта быў ты".

Тады было вельмі важна, каб камандзір мог паказаць свой твар на камеру, расказваць пра падраздзяленне, меў баявы бэкграўнд і заўсёды быў у кантакце з байцамі. На той момант я быў інструктарам і ўвесь час камунікаваў з добраахвотнікамі. Атрымліваецца, усе гэтыя пункты ўвабраліся ўва мне. Я пагадзіўся і вырашыў паспрабаваць зрабіць усё, што ў маіх сілах, каб быць добрым камандзірам палка імя Кастуся Каліноўскага.

- Як дасведчаны ваяр, як вы ацэньваеце гатоўнасць, навыкі палка Каліноўскага? Наколькі сёння гэта сур'ёзная сіла?

- Мы адразу стварылі навучальную роту, рыхтаваліся паводле сістэме NАТО: дысцыпліна, валоданне зброяй. Усё гэта ўзятае з таго, што я быў, паўтаруся, некаторы час інструктарам у “Азове”, навучаў навабранцаў і тактыцы, і медыцыне, і вайсковай дысцыпліне. Гэта я і перадаваў нашым хлопцам. Я на 100% упэўнены, што калі мы даем такія ж веды, якія давалі калісьці ваярам “Азова”, то з гэтага будзе сэнс. Гэтая база паказала сябе, як мы бачым, вельмі добрае.

На заводзе "Азоўсталь" было вельмі шмат хлопцаў, якіх я ведаю. Быў час, калі я быў у іх інструктарам. Кажу гэта зараз не для таго, каб сябе вылучыць. Не, проста ў мяне была такая праца і многія хлопцы прайшлі праз "вучэбку", якой займаліся мы, беларусы. Я з павагай ставіўся да кожнага навабранца. Тое, што мы патрабавалі ад іх, мы, інструктары, маглі зрабіць у 2-3 разы лепш.

Так атрымлівалася, што хлопцы, якія ўдзельнічалі ў першых баявых задачах, падыходзілі да мяне пагаварыць сам-насам і дзякавалі за веды, ціснулі руку і казалі: “Кіт”, я быў на заданні і вось у адзін момант успомніў, што ты казаў, як сябе паводзіць у такіх сітуацыях. Дзякуй, гэта мне дапамагло выжыць”.

Цяпер падрыхтоўка байцоў ідзе на вельмі высокім узроўні. Мы працягваем методыку стандартаў NАТО, у нас вельмі сур'ёзная "вучэбка". Калі, напрыклад, я навучаў хлопцаў, то гэта было вельмі хутка, не было структуры, трэба было рыхтаваць тут і зараз, нібы заўтра ўжо ў бой.

Цяпер жа ёсць больш часу на падрыхтоўку. Усё спланавана па гадзінах. Усе веды даюцца метадычна. Мы за гэты час падрыхтавалі інструктараў, якія працуюць паводле стандартаў NАТО. Зараз навабранцы праходзяць класны курс маладога байца. Я на некаторых занятках прысутнічаю, да прыкладу - на палявых выхадах. Яны і на дзень выходзяць і начуюць у лесе ў акопах. Потым едуць на ўзмоцнены курс па стральбе, дзе з імі займаюцца ўжо дасведчаныя ўкраінскія інструктары. На агнявой падрыхтоўцы яны адстрэльваюць па 1 500 патронаў на чалавека за некалькі тыдняў.

Цяпер падрыхтоўка ў навучальнай роце на вельмі-вельмі высокім узроўні. Хлопцы, калі пасля яе пападаюць на баявыя задачы і ў падраздзяленні, атрымліваюць ужо баявы досвед. Мы ўсе разумеем, што страляць на палігоне - гэта адно, а на баявой задачы - зусім іншае.

Байцы з нашага батальёна "Волат", камандзір Ян "Беларус", зараз знаходзяцца на Бахмуцкім кірунку, дзе вельмі "горача". Ян кажа, што хлопцы ператвараюцца ўжо проста ў прафесійных вайскоўцаў. Гэта вельмі радасна чуць, бо менавіта гэта і ёсць адной з нашых мэт, калі мы гаворым пра свабоду Беларусі.

Байцы батальёна “Ліцвін” таксама на прафесійным узроўні выконваюць пастаўленыя задачы, атрымліваюць вялізны баявы досвед. Камандзіры батальёнаў "Ліцвін" і "Волат" - сапраўдныя прафесіяналы.

Калі казаць пра войска Лукашэнку і пра нас, то трэба разумець, што нашыя байцы атрымліваюць досвед тут і цяпер, а ў беларускім рэгулярным войску няма ніякага баявога досведу. Бо адвучыцца ў акадэміі і пастраляць некалькі патронаў на палігоне - гэта ж не баявы досвед.

Украіна з 2014 года ўвесь час ваявала. І байцы, якія знаходзяцца ў нашых падраздзяленнях, таксама з пачатку 2022 года толькі ваююць. Яны атрымліваюць веды, якія не атрымаеш ні на адным палігоне.

“Мы сустрэнем лукашэнкаўскае войска ў першых шэрагах”

- Камандаванне Украіны кажа аб тым, што рыхтуецца да новага нападу з Беларусі. Калі лукашэнкаўскія войскі ўварвуцца, ці гатовыя вы іх сустрэць?

- Гатовыя. Трэба разумець, што гэта вельмі прынцыповае пытанне для нашага падраздзялення. У складзе нашага палка - толькі беларусы, мы ўжо цяпер працуем, каб “адбяліць” кроў беларускай нацыі тым, што стаім на абароне Украіны. Мы павінны будзем сустрэць і знішчыць тых, хто называецца “беларусам”, але ідзе вайной супраць Украіны.

Мы паказваем, што гэта несапраўдныя беларусы. Сапраўдныя зараз ваююць разам з украінцамі, а не супраць. Таму для нас гэта вельмі важны момант. Існуе дамоўленасць з нашым вышэйшым кіраўніцтвам, што як толькі з тэрыторыі Беларусі пачнецца наступ, то нас перакідваюць на гэты кірунак. Мы іх сустрэнем у першых шэрагах.

- Якім вы бачыце вызваленне Беларусі?

- Мэта нашага падраздзялення - гэта, гледзячы на 2020 год, стаць на абарону бяззбройных беларусаў, якія імкнуцца да свабодных выбараў без Лукашэнкі. Стаць сапраўдным беларускім войскам, якое будзе сапраўды накіраванае на нацыянальныя інтарэсы Беларусі, а не рэжыму Лукашэнкі.

Свабодныя выбары стануць пачаткам, а потым ёсць розныя віды дзяржавы паводле формы кіраванння: парламенцкая рэспубліка, прэзідэнцкая і гэтак далей, але ўсё гэта павінна быць завязана на дэмакратыі.

Я прыехаў ва Украіну ў 2014-ым годзе і за восем гадоў тут шмат для сябе адзначыў. Напрыклад, працу Вярхоўнай Рады. Прыехаўшы, я адразу адчуў свабоду, якой тут значна больш, чым у нас. Таму наша задача - зрабіць Беларусь краінай, дзе ты можаш думаць і адчуваць сябе свабодна.

Мы станем на абарону беларускага народа. Шмат хто кажа, што нібыта мы даем прысягу ўкраінскаму народу. Магу сказаць, што гэта не так. У нас ёсць унутранае абяцанне падраздзялення, дзе мы даем прысягу Беларусі. Аднак вельмі важна разумець, што без свабоднай Украіны мы не зможам пабудаваць свабодную Беларусь.

Цяпер мы прасоўваем ідэю, што без свабоднай Беларусі Украіне будзе вельмі складана. Пуцін будзе выкарыстоўваць беларускія землі для рэваншаў, паўторнага наступу на Кіеў і гэтак далей.

Падкрэслю, нашая мэта — стаць на абарону беларускай нацыі і атрымаць дэмакратычную, незалежную ад пуцінскага рэжыму, з нашай культурай, гісторыяй і мовай Беларусь у Еўразвязе, у NАТО. Не саўковую "Беларусь", а сучасную - Беларусь.

- Кім вы сябе бачыце ў свабоднай Беларусі?

- Складанае пытанне. Разумееце, мне цяжка думаць, што я буду рабіць у свабоднай Беларусі, пакуль ідзе вайна ва Украіне. У мяне падобная сітуацыя са святамі. Не магу пра іх думаць, пакуль ідзе вайна, праліваецца кроў. Не хочацца загадваць.

Я раблю сваю працу, а там як будзе. Не імкнуся ні да якой пасады ў Беларусі. Але калі беларускі народ так вызначыць, то зраблю ўсё дзеля яго карысці. Як бы мне цяжка ў гэтай сфэры не было. Зраблю ўсё, што будзе ў маіх сілах, каб зрабіць Беларусь мацнейшай.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках