19 красавiка 2024, Пятніца, 21:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Мы ўбачым і пералом у вайне, і падзенне дыктатарскіх рэжымаў

12
Андрэй Саннікаў: Мы ўбачым і пералом у вайне, і падзенне дыктатарскіх рэжымаў

Прагноз ад лідара «Еўрапейскай Беларусі» на 2023 год.

Ці сталі беларусы бліжэй да свабоды ў гэтым годзе? Ці знойдзе Захад чым адказаць кааператыву дыктатараў? Як будуць развівацца падзеі ў 2023-м?

Сайт Charter97.org падводзіць вынікі года разам з лідарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэем Саннікавым:

- Я б сказаў, што гэта самы страшны год для Беларусі і нашага рэгіёну. У першую чаргу - праз вайну ва Украіне, якая пачалася ў Беларусі ў 2020 годзе самымі бесчалавечнымі і жорсткімі рэпрэсіямі, якія працягваюцца дагэтуль. Менавіта здушэнне беларускіх пратэстаў прывяло да вайны ва Украіне. Зразумела, што толькі за рэжымам Лукашэнкі, які ахвотна аддаў пад расейскі бот тэрыторыю Беларусі, Пуцін мог аддаць загад напасці на Украіну.

Галоўныя падзеі тут відавочныя. Калі казаць пра Беларусь — гэта вялізная колькасць палітвязняў, больш за пяць тысяч. Рэпрэсіі знішчылі саму тканіну жыцця, якая ў Беларусі і так была спарахнелая.

Натуральна - вайна, у якой рэжым Лукашэнкі, злачынны рэжым, небяспечны для беларусаў і ўсяго рэгіёну, праявіў сябе ў поўнай красе.

- З іншага боку, год быў складаным і для рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі. Як вы думаеце, 2022-гі наблізіў беларусаў да свабоды ці аддаліў нас ад яе?

- З аднаго боку - самы цяжкі год, з другога - прарвала гэты гнойны нарыў. Прарвала страшна - вайной ва Украіне, рэпрэсіямі ў Беларусі, але стала зразумела, што ад яго трэба пазбаўляцца, прычым хірургічным чынам, бо ўсе лячэнні, якія дагэтуль ўжываліся, прыводзілі толькі да таго, што гэты гнайнік разрастаўся. Рэжымы Пуціна і Лукашэнкі карысталіся тым, што гэты іх падвойны нарыў спрабавалі лячыць угаворамі, як бабкі-шаптухі, а не сучаснымі сродкамі і інструментамі.

Цяпер патрэбны нармальныя лекары, якія павінны разумець, што трэба пазбаўляцца ад кораня праблемы, а не змагацца з другараднымі наступствамі. Гэтыя лекары ёсць, у ЗША, у NАТО. Спадзяюся Байдэн не будзе паўтараць памылак свайго былога боса Абамы, які, атрымаўшы авансам Нобэлеўскую прэмію міру, адвёў ЗША з пазіцыі лідара ў пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека. Яго нерашучасць стала прычынай абвастрэння крызісаў у многіх рэгіёнах свету. Сёння ЗША і Захад праяўляюць вялікую гатоўнасць ліквідаваць відавочную пагрозу.

Бо тое, што адбылося, дазволіла ўсвядоміць, наколькі небяспечныя гэтыя рэжымы. Паступова прыйшло ўсведамленне, што бяспека патрабуе сур'ёзных выдаткаў. Гэтыя выдаткі ў кожным выпадку несувымерныя з ахвярамі ўкраінцаў. Трэба значна ўзмацняць жорсткасць санкцый, якія, натуральна, адмоўна адбіваюцца на эканоміцы і саміх краін Захаду, але гэта тая цана, якую неабходна плаціць за бяспеку.

- У гэтым годзе адбылася відавочная кансалідацыя не толькі рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, але і рэжымаў аятол у Іране, КНДР. Дыктатары абменьваюцца зброяй, даюць адзін аднаму сваю тэрыторыю. Ці ёсць у вас аптымізм, калі вы глядзіце на рэакцыю Захаду на гэтыя працэсы?

- Я гляджу цвяроза, таму што ў дэмакратыі і краін, якія яе прадстаўляюць, больш няма нейкіх шляхоў адступлення і лавіравання. Калі не скончыць з нарывам у Крамлі, вайна не толькі будзе працягвацца, але ўспыхне з новай сілай, перакінецца на тэрыторыю ЕЗ. Далей - больш. Нельга даць адужэць саюзу двух злачынных рэжымаў, Пуціна і аятал. Не будзем забывацца, што ў Іране ідзе народная рэвалюцыя. Народ Ірана мае патрэбу ў падтрымцы. Зрынанне рэжыму рэлігійных фанатыкаў у Іране - задача не заўтрашняга, а сённяшняга дня, і тады праблема іранскіх дронаў, якія выкарыстоўваюцца Расеяй супраць Украіны, адпадзе сама сабой.

Чаму я кажу, што падыходжу да сённяшняй сітуацыі з практычнага пункту гледжання? Таму што раней такога ўзроўню ўсведамлення небяспекі і спосабаў яе ліквідацыі проста не было.

Захад думаў, што можна абыйсці: рабіць бізнэс, нажывацца і падтрымліваць дыктатуры. Але гэта немагчыма, гэта непазбежна прыводзіць да вайны. Мы ўжо на парозе ядзернай вайны, бо не было рэакцыі, калі браць наш рэгіён, на ўсе сур'ёзныя раскйскія агрэсіі: Грузія ў 2008-м, Беларусь у 2010 годзе, Украіна ў 2014-м, Беларусь у 2020-м і Украіна ў 2022-м.

Цяпер вельмі скараціўся часавы прамежак паміж прыняццем памылковых пастаноў і іх негатыўнымі наступствамі. Калі мы гаворым пра Украіну, то вайна будзе ўспыхваць з новай сілай, калі пойдуць на нейкія саступкі Крамлю. Як толькі пойдуць на саступкі аяталам, а не падтрымаюць народ Ірана, які змагаецца з гэтым рэжымам, атрымаюць не толькі пастаўкі дронаў у Расею, але і ў выбухованебяспечным рэгіёне, дзе знаходзіцца Іран.

Усё стала вельмі блізка, а кошт памылковай палітыкі Захаду шматкроць узрос. Спадзяюся, што менавіта такая новая акалічнасць дазволіць прымаць адказныя пастановы, нягледзячы на частае нежаданне Захаду дзейнічаць смела.

- Год пачынаўся з пратэстаў у Казахстане. Тады вы казалі аб новай хвалі вызвалення ад імперскага ўплыву ў нашым рэгіёне. Як вайна ва Украіне ўплывае на гэты працэс?

- Гэта частка працэсу. Раскіданне CCCР не азначала раскіданне імперыі, яе сатэлітаў і імгненную свабоду для нашага рэгіёна. Тое, што Украіна вельмі смела рухалася ў бок Еўропы, дэмакратыі, рэформ у эканоміцы, справакавала дзеянні Расеі. Відавочна, што гэтая барацьба працягваецца. Яна ўключае супраціўленне з боку сярэднявечных рэжымаў, але прывядзе да перамогі.

- Хто галоўныя героі і антыгероі гэтага года?

- Героі для беларусаў, гэта, вядома ж, добраахвотнікі, якія змагаюцца за Украіну, і нашыя палітвязні, якіх кінулі ў турмы за іх перакананні і іх барацьбу за свабоду.

Гэта народ Украіны, які праяўляе проста неверагодную мужнасць і гераізм, змагаючыся з захопнікамі.

Антыгероі, натуральна, дыктатары - Пуцін і Лукашэнка. Гэта два лядашчыя фізічна, разумова і маральна злачынцы, якія чапляюцца за ўладу з апошніх сіл.

- Ваш прагноз, якім будзе наступны год?

- Я чакаю пералому. Па-першае, Украіна здзейсніла неверагоднае. Менавіта ўкраінцы сёння лакаматыў гэтага канчатковага вызвалення Усходняй Еўропы ад дэспатыі, імперыі і дыктатур. Нягледзячы на дзіўна неспрыяльную сітуацыю, якая склалася для Украіны, шматразовая колькасная перавага расейскіх войскаў украінцам атрымалася выстаяць і нават перайсці ў контрнаступ. Тым самым яны перафарматавалі сусветны парадак дня.

Сказаў бы, што вялізную мужнасць праяўляюць і нашы палітвязні, нашы хлопцы з «Еўрапейскай Беларусі», Паліна Шарэнда-Панасюк, а таксама Мікола Статкевіч, Павел Севярынец, Алесь Бяляцкі, Ігар Аліневіч, Мікалай Аўтуховіч. Вельмі многія, бо мы чытаем пра новыя прысуды, напрыклад, рэйкавым партызанам.

Штодзённыя рэпрэсіі, якія абрынуў на беларусаў шалёны рэжым, сведчаць жа пра жывёльны страх, які адчувае дыктатар і яго атачэнне.

Яны сведчаць і пра тое, што рэжым не прымае ўвесь народ. Карнікі самі гэта наглядна дэманструюць, саджаючы за краты людзей усіх узростаў, усіх прафесій. Гэтае вар'яцтва падкрэслівае абсалютны крытычны стан рэжыму.

Таму я ўпэўнены, што ў наступным годзе мы ўбачым і пералом у вызваленчай вайне, якую вядуць украінцы і на якой змагаюцца нашыя ваяры, і падзенне дыктатарскіх рэжымаў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках