19 красавiка 2024, Пятніца, 14:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Застаўся вольным

14
Застаўся вольным
Ірына Халіп

Беларускі палітвязень - чалавек года, дзесяцігоддзя, стагоддзя.

Два гады таму на гэтым самым месцы і ў гэты самы час я пісала чарговую калонку для ўлюбёнай "Хартыі". Быў снежань 2020 году. Колькасць палітвязняў яшчэ вылічвалася сотнямі, а не тысячамі, у 23.34 31 снежня нашыя гарады выбухалі салютамі і феерверкамі, у вокнах гарэлі бел-чырвона-белыя лямпачкі, а раніцай 1 студзеня пад вокнамі весела крочылі кампаніі са сцягамі і крычалі «Жыве Беларусь!».

Гэта была іншая краіна - не тая, што ў жніўні, не тая, што дзесяць гадоў таму, не тая, што цяпер, праз два гады. Я толькі зараз разумею, што дарма мы ў розныя перыяды нашай найноўшай гісторыі скардзіліся на тое, што ў Беларусі нічога не адбываецца: яна мяняецца імкліва. Так, на гэтым адрэзку часу - выключна ў горшы бок, але і на месцы яна сапраўды не стаіць. Не буду чарговым разам паўтараць, што мы павінны заплаціць такую страшную цану - і без торгу - за будучыню нашых дзяцей. Гэта мы ўсё і так ведаем. І плацім. І кажам скрозь зубы "рэшты не трэба". Я ўвогуле зараз не пра гэта.

Два гады таму я пісала: хочаш убачыць чалавека года - паглядзі ў люстэрка. Праз два гады я хачу сказаць: так, сябар, ты застаўся ўсё там жа, у тым люстэрку, і дзякуй за ўсё, што ты робіш. Дзякуй за тое, што паспеў з'ехаць і выратавацца ад турмы, а зараз дапамагаеш УСУ і сваякам тых, хто не паспеў. Дзякуй за тое, што застаўся ў Беларусі і працягваеш рабіць тое, што можаш, рызыкуючы кожную гадзіну і штохвілю. Дзякуй за тое, што сядзіш у турме і адтуль дапамагаеш нам верыць у перамогу. Дзякуй кожнаму.

Толькі зараз, напярэдадні новага года, давайце перад гэтым люстэркам крыху пасунемся і саступім месца цяперашняму чалавеку года. У яго, як і ў нас з вамі, мноства імёнаў і твараў. Ён адзін з нас. Чалавек года - гэта беларускі палітвязень. Са сваёй мужнасцю, адвагай, нязломнасцю і прагай перамогі. Ён дапамагае нам выжыць, ён вучыць нас, як не звар'яцець у гэтай жахлівай рэчаіснасці, да якой сёлета дадалася вайна. Ён, пазбаўлены практычна ўсяго, што з'яўляецца базавымі патрэбамі чалавека на волі, не здаецца і не маркоціцца. І верыць у перамогу, якім бы тэрмінам ні ўзнагародзіла яго ўлада - за заслугі перад Айчынай.

Беларускі палітвязень атрымлівае Нобэлеўскую прэмію, як Алесь Бяляцкі.

Беларускі палітвязень піша цудоўныя вершы, як Максім Вінярскі.

Беларускі палітвязень рагоча нават на турэмным шпітальным ложку, як Марыя Калеснікава.

Беларускі палітвязень супраціўляецца і атрымлівае новы тэрмін, як Вікторыя Кульша.

Беларускі палітвязень перакладае на беларускую мову гімн футбольнага клуба «Ліверпуль», як Андрэй Аляксандраў.

Беларускі палітвязень складае казкі для свайго маленькага дзіцяці, як Андрэй Скурко.

Беларускі палітвязень з пагардай адмаўляецца размаўляць з начальствам, як Паліна Шарэнда-Панасюк.

Беларускі палітвязень малюе машынкі для сына і храмы для жонкі, як Павал Севярынец.

Беларускі палітвязень у штрафным ізалятары са сваёй беднай пайкі падкормлівае пацукоў, якія прыходзяць пад акно, і называе іх сваёй фермерскай гаспадаркай, як Мікола Статкевіч.

Беларускі палітвязень піша ў турэмным дзённіку «Жыве Беларусь!», як Алена Лазарчык.

Беларускі палітвязень стварае ў турме арт-грамадства, як Алесь Пушкін.

Беларускі палітвязень перамагае сістэму, як кожны з іх. Таму што нават у самых цяжкіх умовах мацнейшы і вальнейшы.

Беларускі палітвязень - чалавек года, дзесяцігоддзя, стагоддзя. У адрозненне ад сваіх катаў, ён так і застаўся вольным.

Ірына Халіп, адмыслова для Charter97.org

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках