29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Войскі РФ у Крыме пачалі рыхтавацца да «жэсту добрай волі»

34
Войскі РФ у Крыме пачалі рыхтавацца да «жэсту добрай волі»

Заўважаныя першыя прыкметы эвакуацыі акупантаў.

У Крыме заўважылі прыкметы магчымай падрыхтоўкі да «жэсту добрай волі» з боку акупантаў. Захопнікі завезлі ў частку крымскіх музеяў пакавальны матэрыял для вывазу музейных калекцый.

Пра гэта паведамляе Крымскі інстытут стратэгічных даследаванняў. «Эвакуацыя» каштоўнасцяў, на думку экспэртаў інстытута, можа пачацца або пасля ўцёкаў захопнікаў на Перакоп, або з разгортваннем наступлення УСУ на левы бераг Дняпра.

«Новая пагроза музейным калекцыям! У частку крымскіх музеяў завезлі ўпаковачны матэрыял для эвакуацыі калекцый. Паводле інсайдэрскай інфармацыі, эвакуацыю могуць распачаць у выпадку ўцёкаў войскаў захопніка на Перакоп. На думку экспэртаў Крымскага інстытута стратэгічных даследаванняў, магчыма, так званая «эвакуацыя», можа быць пачацца раней, з разгортваннем наступлення УСУ на левы бераг Дняпра. Сочым за сітуацыяй», - адзначылі ў Крымскім інстытуце стратэгічных даследаванняў.

Паводле інфармацыі выдання «Бабель», фанерныя скрыні, рулоны паралону і плёнкі завезлі ў падпарадкаваныя акупацыйнаму «міністэрству культуры» рэспубліканскія музеі ў Бахчысараі, Судаку, Сімферопалі і Еўпаторыі.

Прынамсі, пад пагрозай рабавання пад выглядам «эвакуацыі» апынуліся:

– Бахчысарайскі гісторыка-культурны і археалагічны музей-запаведнік.

- «Судацкая цытадэль», якая з'яўляецца аддзелам Нацыянальнага запаведніка «Сафія Кіеўская» ў Кіеве.

– Крымскі рэспубліканскі краязнаўчы музей «Цэнтральны музей Таўрыды», куды прывезлі скрадзеныя творы мастацтва з Херсонскага мастацкага музея імя Аляксея Шаўкуненкі.

– Крымскі этнаграфічны музей і Дом-музей Іллі Сельвінскага, філіялы Крымскага рэспубліканскага краязнаўчага музея «Цэнтральны музей Таўрыды».

– Крымска-татарскі музей мастацтваў (пасля акупацыі паўвострава называецца «Крымска-татарскі музей культурна-гістарычнай спадчыны»).

– Крымскі этнаграфічны музей у Сімферопалі.

– Сімферопальскі мастацкі музей.

– Еўпатарыйскі краязнаўчы музей, аддзеламі якога з'яўляюцца Музей гісторыі і этнаграфіі крымскіх караімаў імя С. І. Кушуль.

- Еўпатарыйскі музей гісторыі Крымскай вайны.

Раней, перад уцёкамі з правабярэжжа Херсоншчыны расейцы таксама вывозілі гісторыка-культурныя каштоўнасці. Расейскія акупанты абрабавалі ў канцы кастрычніка два найбуйнейшыя музеі Херсона: Абласны краязнаўчы музей і Мастацкі музей імя Аляксея Шаўкуненкі. Перад адступленнем з аблцэнтра акупанты скралі музейныя калекцыі.

Так, з мастацкага музея вывезена 80 адсоткаў фондаў. Выкрадзеныя ў Херсоне карціны ўжо «засвяціліся» ў Цэнтральным музеі Таўрыды ў Сімферопалі.

А з краязнаўчага музея Расея выкрала калекцыі манет, зброі, медалі і ордэны савецкага часу і расейскай імперыі, антыкварную мэблю XVIII—XIX стагоддзяў, абразы і самае важнае — археалагічную калекцыю, якая выстаўлялася ў музеі. Фонды гэтага музея разрабаваныя не так моцна, як экспазіцыя.

Вываз музейных калекцый з акупаваных тэрыторый з'яўляецца вайсковым злачынствам і парушае тры міжнародныя канвенцыі, якія абараняюць культурныя каштоўнасці ад знішчэння або выкрадання. Украіна будзе дамагацца, каб гэтае злачынства, як і ўсе астатнія злачынствы Расеі супраць Украіны, разглядаў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе - і краіна-агрэсарка панесла за яго адказнасць.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках