25 красавiка 2024, Чацвер, 9:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вайсковы экспэрт: Шайгу прывёз Лукашэнку пасланне ад Пуціна

21
Вайсковы экспэрт: Шайгу прывёз Лукашэнку пасланне ад Пуціна

Самыя цікавыя вынікі візіту - у пагадненні пад грыфам «сакрэтна».

Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу нечакана прыляцеў у Беларусь у суботу, 3 снежня. Ён правёў перамовы з беларускім калегам Віктарам Хрэніным. Міністры падпісалі пратакол аб унясенні змяненняў у пагадненне паміж Беларуссю і Расеяй аб супольным гарантаванні рэгіянальнай бяспекі ў вайсковай галіне. Гэта пагадненне было адобранае яшчэ ў снежні 1997 года.

Вайсковы экспэрт распавёў «Белсату» на ўмовах ананімнасці, што самае цікавае ў гэтай угодзе - пад грыфам «сакрэтна».

«Мяркую, там гаворыцца пра колькасць, склад і матэрыяльнае забеспячэнне рэгіянальнай групоўкі войскаў. Пра тое, колькі і якіх войскаў кожная краіна выдзеліць у гэтую групоўку ў выпадку ўзнікнення пагроз. Бакі таксама ўдакладнілі парадак выкарыстання войскаў у выпадку агрэсіі і ваеннага канфлікту», - паведаміў аналітык.

Пасля перамоваў з Хрэніным Шайгу паехаў на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. На камеру Лукашэнка заявіў, што ні Беларусь, ні Расея «вайны не хацелі і не жадаюць».

«Калі яны хочуць ваяваць да апошняга ўкраінца, ці ўжо там паляка ці яшчэ наймітаў, ну, гэта іх справа, гэта іх права. Пакуль, напрыклад, я і нашы спецслужбы не бачаць, каб яны былі гатовыя да паўнапраўных перамоваў і па-чалавечы дамаўляцца. Яны бачаць, як прадоўжыць вайну. Ну, тады спецыяльная аперацыя не спыніцца», - сказаў Лукашэнка.

Па-за камерамі Шайгу перадаў Лукашэнку персанальнае пасланне ад Уладзіміра Пуціна, мяркуе вайсковы экспэрт.

«Шайгу прывёз Лукашэнку нейкую дадатковую інфармацыю аб ходзе падзей і аб планах Расеі ў вайне. Нейкую канфідэнцыйную інфармацыю персанальна ад Пуціна, якую нельга даверыць сродкам сувязі. Шайгу паведаміў пра тое, якім чынам будзе дзейнічаць Расея ў зімовай кампаніі, магчыма, пра тое, ці будзе выкарыстаны беларускі плацдарм расейскімі войскамі для нанясення ўдараў па Украіне», - адзначыў экспэрт.

Ён мяркуе, што наўрад ці Расея плануе такі ж маштабны наступ з тэрыторыі Беларусі, як гэта было ў пачатку вайны 24 лютага, бо для ўкраінцаў гэта ўжо не будзе нечаканасцю.

«Набой двойчы ў адну варонку не падае. Відавочна, гаворка ідзе пра нешта іншае, чым тое, як гэта было ў лютым. Украіна гатовая да такой аперацыі. Відавочна, што калі задуманая нейкая аперацыя, то будзе нешта нечаканае. Але Беларусь актыўнага ўдзелу ў гэтым браць не будзе і не зможа», - падкрэсліў экспэрт.

Суразмоўца «Белсату» заўважыў, што Расея ў кантэксце вайны з Украінай зацікаўленая ў беларускай тэрыторыі. Адсюль можна запускаць ракеты, тут можна навучаць рэзервістаў і лячыць параненых вайскоўцаў.

«Калі і будзе выкарыстоўвацца тэрыторыя Беларусі, то гэта, магчыма, аэрадромы, раёны манеўравання і патрулявання ракетных комплексаў, можна выкарыстоўваць як тылавую зону для размяшчэння нейкіх матэрыяльных рэсурсаў, падрыхтоўка расейскіх рэзервістаў на беларускіх палігонах, лячэнне расейскіх вайскоўцаў у Беларусі», – падсумаваў аналітык.

Ён запэўніў, што беларускае войска да непасрэднага ўдзелу ў вайне не гатовае.

«Колькасць наземных войскаў Беларусі, гэта значыць, тых сіл, якія могуць быць ужытыя супраць Украіны, - 11 тысяч чалавек. Такімі сіламі Беларусь наступаць не можа, ды і Расеі, якая мабілізавала 300 тысяч чалавек, гэта не патрэбна. Без вялікай мабілізацыі Беларусь у канфлікт уступіць не зможа», - падсумаваў экспэрт.

Папярэдні раз Шайгу прылятаў у Беларусь 3 лютага, тады ён таксама сустракаўся з Лукашэнкам. 24 лютага Расея ўварвалася ва Украіну ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках