24 красавiка 2024, Серада, 8:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Для атрымання літоўскай візы беларусам трэба будзе выканаць яшчэ адну ўмову

20
Для атрымання літоўскай візы беларусам трэба будзе выканаць яшчэ адну ўмову

Новаўвядзенне закране і ахвотных атрымаць дазвол на жыхарства ў Літве.

Грамадзяне Беларусі і Расеі, якія будуць звяртацца па нацыянальную візу або дазвол на жыхарства ў Літве, павінны будуць адказаць на складзеныя пытанні, адказы будуць мець вызначальнае значэнне пры вынясенні вердыкту, сказана ў прэс-рэлізе Дэпартамента міграцыі, піша Delfi.

Калі іншаземец адмовіцца адказваць на пытанні ці адказаць не на ўсе пытанні, яго заяўку не будуць прымаць. Такі апытальнік Дэпартамент міграцыі можа даваць і грамадзянам іншых краін.

Такі апытальнік з'явіўся пасля таго, як міністр унутраных спраў Агне Білатайтэ ўнесла змены ў законы, якія рэгламентуюць парадак выдачы дакументаў грамадзянам іншых краін, што звяртаюцца па дазвол на жыхарства ў Літве. Свае рэкамендацыі па такім апытальніку ДМ падаў і Дэпартамент дзяржбяспекі.

Такі апытальнік павінны будуць запаўняць усе грамадзяне Расеі і Беларусі з 18 гадоў, калі яны будуць звяртацца па новыя дакументы або прасіць прадоўжыць пасведчанне на права жыхарства ў Літве, або па нацыянальную візу.

У апытальніку грамадзяне іншых краін павінны будуць падаць інфармацыю аб сваёй адукацыі, месцах працы, службе ва УС, аб бізнэс-сувязях, кантактах з дзяржаўнымі структурамі краін, якія не з'яўляюцца краінамі NATO і ЕЗ, таксама павінны будуць выкласці сваю пазіцыю ў пытанні вайсковай агрэсіі Расеі ва Украіне.

«Іншаземец, які хоча прыехаць у Літву і жыць тут, павінен быць шчырым і адкрытым. Ён павінен паказаць, што гатовы супрацоўнічаць з краінай, якая яго прымае», — падкрэсліла кіраўніца ДМ Эвеліна Гудзінскайтэ.

З яе слоў, гэта будзе дадатковы фільтр бяспекі, які дазволіць больш аператыўна выявіць замежнікаў, якія ў мінулым мелі сувязі з дыктатарскімі рэжымамі і могуць уяўляць пагрозу нацбяспецы Літвы.

Калі грамадзянін Расеі ці Беларусі, які хоча атрымаць візу або дазвол на жыхарства ў Літве, адмовіцца запаўняць апытальнік або не адкажа на ўсе пытанні, то спецыялісты ДМ могуць не прымаць яго заяўку. Калі такі чалавек прадставіць ілжывыя звесткі або схавае нейкую значную інфармацыю, то гэта стане падставай для скасавання дазволу на жыхарства або візы.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках