25 красавiка 2024, Чацвер, 7:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

КДК накрыў сетку з 40 рэстаранаў па ўсёй Беларусі

17
КДК накрыў сетку з 40 рэстаранаў па ўсёй Беларусі

Вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

У Камітэце дзяржкантролю паведамілі падрабязнасці крымінальнай справы ў дачыненні да службовых асобаў і ўладальнікаў сеткі рэстаранаў і кавярняў з 40 установаў па ўсёй Беларусі. Іх абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

– Вызначаныя факты штучнага драбнення бізнэсу, утойвання прыбытку, выплаты заробку «ў канвертах» практычна ўсяму персаналу, – пракаментавалі ў КДК.

Так, высветлілася, што кіраўнікі і ўладальнікі сеткі рэстаранаў і кавярняў наўмысна раздрабілі бізнэс, зарэгістраваўшы для гэтага не менш за тузін падкантрольных арганізацый і ІП у сферы грамадскага харчавання і дастаўкі гарачай ежы. І, такім чынам, ужывалі спрошчаную сістэму падаткаабкладання і штучна размяркоўвалі выручку.

– Стваралася бачнасць законнасці выкарыстання спецыяльнага рэжыму падаткаабкладання, – указалі ў Дзяржкантролі.

Акрамя таго, ад падаткаабкладання хавалася больш за 50 адсоткаў наяўнага прыбытку. Грошы з касы дастаўлялі ў адзін пункт, а потым дзялілі паміж абвінавачанымі.

– Паводле звестак чарнавой бухгалтэрыі, аб'ёмы ўтоенай выручкі перавысілі 13 мільёнаў беларускіх рублёў (больш за 5,1 мільёна даляраў у эквіваленце. – Заўвага), памер нявыплачаных падаткаў – больш за 4 мільёны белрублёў (блізу 1,6 мільёна даляраў), – дадалі ў КДК.

Таксама амаль увесь персанал – больш за 210 супрацоўнікаў сеткі, у тым ліку кухары, кур'еры і адміністрацыя, заробак атрымлівалі ў канвертах, памерам ад 600 да 1,5 тысячы беларускіх рублёў штомесяц.

– Канфіскаваная падрыхтаваная да адпраўкі кур'ерам утоеная наяўная выручка і чарнавыя запісы ў яе ўліку, – дадалі ў Дзяржкантролі і паказалі канфіскаваную падчас ператрусаў гатоўку.

Сем чалавек праходзяць падазраванымі паводле крымінальнай справы і з'яўляюцца асноўнымі ўдзельнікамі злачыннай схемы, яны затрыманыя. У дачыненні да дваіх з іх ужыты захад стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

Пазней стала вядома, якая сетка кавярняў і рэстаранаў патрапіла пад крымінальную справу, распачатую Камітэтам дзяржкантролю (КДК). Гэта сетка «СушыДом». Яе апазналі праз інтэр'еры адной з кавярняў і заканчэнне URL-адраса сайта сеткі, заўважанага на адным з фота.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках