20 красавiка 2024, Субота, 4:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Другі нямецкі імпарцёр газу запатрабаваў ад «Газпрома» кампенсаваць страты

6
Другі нямецкі імпарцёр газу запатрабаваў ад «Газпрома» кампенсаваць страты

З пачатку верасня расейская кампанія спыніла пастаўкі газаправодам "Паўночны струмень-1".

Нямецкая энэргетычная кампанія RWE падала заяву ў арбітражны суд супраць "Газпрома" у сувязі з недапастаўкамі газу. Прадстаўнік кампаніі пацвердзіў гэта выданню Handelsblatt, не выдаючы дэталяў пазову.

RWE стала другой кампаніяй, якая патрабуе аплаты ад "Газпрома" у судзе. На мінулым тыдні канцэрн Uniper - найбуйнейшы імпарцёр газу Нямеччыны - падаў пазоў у Стакгольмскі арбітраж з аналагічнымі патрабаваннямі.

І Uniper, і RWE падпісвалі фіксаваныя кантракты з "Газпромам". З пачатку верасня расейская кампанія спыніла пастаўкі газаправодам "Паўночны струмень-1" у Нямеччыну. Такім чынам, нямецкім контрагентам давялося закупляць газ на сусветным рынку за высокую цану і далей пастаўляць яго камунальным службам ды іншым спажыўцам на зарання ўзгодненых умовах. У выпадку Uniper гэта прычынілася да дадатковых выдаткаў на суму 11,6 млрд еўраў. Кампанія падкрэслівае, што гэта не канчатковая сума: яна будзе павялічвацца да канца 2024 гады.

У выпадку з RWE недапастаўленыя аб'ёмы газу параўнальна невялікія. У той час як Uniper меў атрымліваць блізу 200 тэрават-гадзін газу з Расеі, RWE чакала, што пад 2023 год аб'ём паставак складзе толькі 15 тэрават-гадзін. Пры гэтым кампанія паспела атрымаць частку паліва. Паводле ацэнак аналітыка Гвіда Гоймана з Metzler Bank, страты RWE, напэўна, склалі прыкладна мільярд еўраў. Кампаніі давялося закупляць адсутны аб'ём газу на рынку за дадатковую цану блізу 100 еўраў за мегават-гадзіну.

Іншыя імпарцёры газу таксама могуць паспрабаваць атрымаць кампенсацыі ад "Газпрома", прагназуе Handelsblatt. Газэта згадвае былую нямецкую "дачку" "Газпрома", якая цяпер пад імем Sefe належыць нямецкай дзяржаве: яна вывучае "існыя і будучыя прэтэнзіі ў сувязі са спыненнем паставак газу". Трэці памерам нямецкі імпарцёр газу VNG таксама паведаміў Handelsblatt, што вывучае ўсе варыянты для "максімальнага абмежавання шкоды", якую нясе ў сувязі з недапастаўкамі газу.

"Газпром" ужо абвясціў прэтэнзіі Uniper незаконнымі і плануе абараняць свае інтарэсы. Кампанія не прызнае парушэнне кантрактаў і правамернасць патрабаванняў аб кампенсацыі страт. Аднак гэта не азначае, што нямецкім контрагентам нічога не дастанецца, адзначаюць суразмоўцы Handelsblatt. Юрыст у энэргетыцы Ганна фон Брэмэн з бэрлінскай юрыдычнай фірмы Raue нагадала пра Стакгольмскі арбітражны рэгламент, паводле якога нават у выпадку адмовы "Газпрома" прадстаўляць сваю пазіцыю, разбор усё адно можа быць працягнуты. Яна таксама спасылаецца на ньюёрскую канвенцыю аб прызнанні і ў выкананне замежных арбітражных пастаноў: «Газпром мае сотні даччыных кампаній у ЗША і Еўропе. Тэарэтычна іх можна было б арыштаваць».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках