28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія рэгіёны сутыкнуліся з вялізным падзеннем падатковых збораў з бізнэсу

6
Расейскія рэгіёны сутыкнуліся з вялізным падзеннем падатковых збораў з бізнэсу

Рэгіёны РФ крок за крокам падбіраюцца да бюджэтнага крызісу.

Расейскія рэгіёны крок за крокам падбіраюцца да бюджэтнага крызісу, фіксуючы двухзначнае падзенне збораў ключавога падатку – на прыбытак буйнога бізнэсу, піша The Moscow Times.

Паступленні падатку, які забяспечвае кожны трэці рубель уласных прыбыткаў суб'ектаў і летась прынёс ім 4,5 трлн рублёў, абрынуліся на 40% у гадавым выразе ў кастрычніку, падлічылі эксперты аўдытарска-кансалтынгавай сеткі FinExpertiza. За месяц рэгіёны атрымалі 340,2 млрд рублёў супраць 568,7 млрд рублёў у тым жа месяцы год таму.

І хоць усе астатнія падатковыя зборы паказалі рост – ПДФА на 16,8%, падатак на маёмасць на 13%, акцызы на 16,3%, падаткі з малога бізнэсу на 16% – гэтага недастаткова, каб кампенсаваць падзенне паступленняў ад падатку на прыбытак.

У выніку ўпершыню з пачатку года рэгіёны сутыкнуліся са зніжэннем сукупных прыбыткаў – на 6,6% у гадавым выразе, да 1,3 трлн рублёў у кастрычніку.

На ўзроўні асобных суб'ектаў сітуацыя дасягнула стадыі паўнавартаснага падатковага бедства: прыбыткі бюджэту Мурманскай вобласці паводле вынікаў месяца ўпалі на 66,7%, Краснаярскага краю – на 61,2%, Хакасіі – на 56,7%, Чукоцкай аўтаномнай акругі – на 53,2 %, Дагестана – на 49,7%, Ліпецкай вобласці – на 42,5%, Курскай вобласці – на 39,6%, Цюменскай вобласці – на 34,1%, Валагодскай вобласці – на 31,5%, Кемераўскай вобласці – на 31,4 адсотка.

Рэзкае падзенне падатковых збораў звязанае «перш за ўсё з памяншэннем прыбыткаў бізнэсу ва ўмовах запаволення эканамічнай актыўнасці і падзення знешняга і ўнутранага попыту», канстатуе FinExpertiza. Назапашаным вынікам за 10 месяцаў прыбыткі суб'ектаў перавышаюць леташнія на 14,9%, але гэты разрыў скарачаецца, а забяспечылі яго галоўным чынам нафтагазавыя паступленні першай паловы года.

Як вынік суб'екты становяцца больш залежнымі ад федэральнага цэнтру. «Паводле вынікаў кастрычніка, з 3,26 трлн рублёў сукупных падатковых збораў рэгіёны пакінулі сабе 40,9%, астатняя частка пайшла ў федэральны бюджэт. Год таму рэгіянальная дзель складала 46% – яе зніжэнне стала ў першую чаргу вынікам пачатага з сярэдзіны лета скарачэння паступленняў падатку на прыбытак», – адзначае прэзідэнтка FinExpertiza Алена Трубнікава.

Пры гэтым важна разумець, што падатковыя зборы за кастрычнік адлюстроўваюць налічэнні за верасень і папярэдні перыяд, таму падатковая «статыстыка адлюстроўвае фактычную сітуацыю ў эканоміцы са спазненнем», дадае яна.

Паводле звестак АКРА, на канец трэцяга квартала кожны чацвёрты расейскі рэгіён знаходзіўся ў стане дэфіцыту бюджэту, прычым у некаторых ягоныя значэнні перавышаюць крытычныя: напрыклад, Чачня выдаткавала на 38% больш, чым сабрала ў выглядзе падаткаў. У рэспубліцы Тува і Дагестане «дзірка» ў рэгіянальнай скарбніцы дасягнула 34% і 29% уласных прыбыткаў; у Магаданскай і Белгародскай абласцях – 27% і 17% адпаведна; у Яўрэйскай аўтаномнай вобласці – 13%.

«Грашовай падушкі», якая дапамагла б перачакаць «чорныя дні», у большасці гэтых суб'ектаў няма, паказваюць у АКРА. Пры гэтым у наступным годзе сітуацыя з прыбыткамі можа пагоршыцца, папярэджваюць аналітыкі: падаткі ад нафтагазавага і фінансавага сектару, хутчэй за ўсё, будуць скарачацца на фоне спынення паставак у Еўропу і эмбарга Еўразвязу, а зборы з фізічных асобаў наўрад ці кампенсуюць гэтае падзенне. Сукупныя прыбыткі рэгіёнаў у 2023 годзе могуць вырасці толькі на 1%, а ў рэальным выразе – з улікам інфляцыі – скароцяцца, вынікае з ацэнак АКРА.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках