28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Крах беларускай аховы здароўя ўжо схаваць немагчыма»

7
«Крах беларускай аховы здароўя ўжо схаваць немагчыма»

Дзеянні ўладаў паскараюць адток персаналу з сістэмы.

Днямі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, падчас якой расказаў гісторыю пра жанчыну са Шклоўскага раёна, якая «літаральна ўжо ляжала ў моргу», але яе выратавалі дзякуючы яго ўмяшанню. Такім чынам дыктатар звярнуў увагу міністра аховы здароўя на лячэнне людзей у раённых лякарнях і анансаваў раптоўныя праверкі.

«Салідарнасць» пацікавілася ў беларускага медыка Станіслава Салаўя, што могуць азначаць анансаваныя праверкі ў шпіталях.

– Беручы да ўвагі, што ва ўсіх лякарнях ёсць лекі, якія дазволена прызначаць толькі з санкцый галоўнага лекара і начмеда, то нейкая дзель праўды ў гэтай гісторыі можа быць. Але, на мой погляд, усё значна прасцей: трэба знайсці вінаватых у краху аховы здароўя. Цяпер высветліцца, што які-небудзь загадчык краў, а іншы – прыпісваў, – мяркуе Салавей. – Гэта значыць, проста трэба знайсці крайняга, таму што крах аховы здароўя яны ўжо схаваць не могуць.

Тут дастаткова проста паглядзець, з якой хуткасцю расце колькасць адкрытых вакансій у медыцыне. А некалькі месяцаў таму міністр аховы здароўя Польшчы сказаў, што толькі за год у Польшчу на працу ўладкавалася тысяча медыкаў з Беларусі. То-бок адток кадраў вельмі вялікі.

Таму на гэтай самай нарадзе прапанавалі рабіць пяцігадовую адпрацоўку выпускнікам медуніверсітэтаў. Акрамя таго, перасталі выдаваць неабходныя для пераезду дакументы. Якую лякарню ні пабудуй, яна не будзе нармальна функцыянаваць, калі фізічна няма каму працаваць.

Медык мяркуе, што анансаваныя праверкі закрануць раённыя лякарні, паколькі менавіта яны найбольш востра адчуваюць на сабе недахоп кадраў.

– Негалосна мяркуецца, што праца ў буйным горадзе больш прэстыжная і камфортная, чым у раённых цэнтрах. Там жа вышэйшая рэалізацыя сваіх амбіцый і навучанняў, таму пасля размеркавання спецыялісты з'язджаюць працаваць у буйны горад.

Менавіта таму першымі адчуваюць дэфіцыт кадраў менавіта раённыя лякарні, але потым дойдзе і да буйных гарадоў. Можна паглядзець на досвед некаторых РНПЦ, напрыклад траўматалогіі, куды ў свой час нават дасведчаным лекарам было цяжка прабіцца, а дайшло да таго, што яны набіралі траўматолагаў праз аб'яву.

Салавей мяркуе, што адгадаць логіку будучых праверак складана. Аднак можна меркаваць, што будуць чарговыя затрыманні.

– Магчыма, пасадзяць кагосьці з намеснікаў міністра аховы здароўя, галоўных лекараў або загадчыкаў. Тое, што крайняга знойдуць – гэта дакладна, засталося зразумець, колькі іх будзе і што ім будуць прад'яўляць.

Прычым не факт, што ў праверачную камісію ўвойдуць самі медыкі, хутчэй за ўсё, гэта будуць сілавікі і чыноўнікі. Усё гэта прывядзе да яшчэ больш хуткага адтоку медыкаў з сістэмы, а абітурыенты некалькі разоў задумаюцца, перш чым паступаць у медыцынскі ўніверсітэт.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках