28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску піяніст паспрабаваў сыграць людзей

6
У Менску піяніст паспрабаваў сыграць людзей

Што з гэтага атрымалася?

У чацвер у Менску прайшоў незвычайны перфоманс. Калі мастакі малююць чалавека з дапамогай фарбаў, грыфелю ды іншых інструментаў, то піяніст Аляксандр Арловіч пайшоў яшчэ далей і паспрабаваў зрабіць такое праз музыку. Што з гэтага атрымалася, глядзіце ў рэпартажы "Анлайнера".

Аляксандр Арловіч – піяніст, родам з мястэчка Бярозаўка. Музыцы вучыўся на малой радзіме, потым было няскончанае навучанне ў БНТУ, войска, праца ў розных сферах (доўгі час быў масажыстам). Але некалькі гадоў таму ён надумаў усё змяніць і прысвяціў сябе музыцы. Цяпер Арловіч даволі часта выступае ў розных месцах Менска: ад невялікіх канцэртных пляцовак да розных установаў горада.

Піяніст расказвае, што ідэя такога перфомансу ў яго ўпершыню з'явілася яшчэ некалькі гадоў таму. Ён убачыў перфомансы вядомай сербскай мастачкі-канцэптуалісткі Марыны Абрамовіч і захацеў зрабіць нешта сваё. Так, у 2021-м да яго прыйшло дакладнае разуменне праекту, аднак музыка на нейкі час выязджаў з краіны, таму рэалізаваць задуманае змог толькі цяпер.

– Часта задаюцца пытаннем: "Што натхняе на напісанне музыкі?" І я пасля розных і доўгіх разважанняў зразумеў, што натхняюць менавіта людзі. Тыя, хто побач з намі ці пра каго мы думаем. Таму мне і захацелася сыграць людзей. Тым больш у мяне з чалавекам заўсёды ёсць музычная асацыяцыя, – тлумачыць усю сутнасць задумкі Аляксандр. – Гэта не зусім музычная гісторыя. Хутчэй эксперымент, наколькі я змагу хутка, выразна адаптавацца пад чалавека. На глядзельны кантакт у мяне будзе ўсяго толькі хвіліна, і пасля гэтага я паспрабую ўлавіць часцінку яго энэргетыкі і паспрабую яе сыграць.

Для гэтага перформансу я меў зносіны з зусім рознымі людзьмі. І яны гаварылі, што ідэя нечым нагадвае арт-тэрапію і псіхалагічныя музычныя трэнінгі. Мне сказалі, што гэта добрая магчымасць паглядзець на сябе збоку, як мы выглядаем у музыцы.

Пляцоўкай для перформансу была абраная галерэя Heart for Art, размешчаная ў старым завадскім памяшканні завода "Гарызонт". Усё пачалося ў 15:00 і доўжылася блізу 2 гадзінаў. Уваход быў вольны, і кожны ахвотны мог прыйсці і пачуць, як яго праз музычную імправізацыю бачыць піяніст.

А вось як гэта гучала.

– У першую чаргу рады таму, што гэта нарэшце здарылася, – сказаў пасля мерапрыемства Аляксандр. – І задаволены, што змог прапусціць праз сябе столькі людзей. Усяго сыграў блізу 30 чалавек, мне хацелася і больш, але я фізічна стаміўся. Заўважыў, што псіхалагічна граць было няпроста. І ў нейкія моманты энэргетычна адчувалася, што людзі ўсё розныя. У кагосьці, я заўважыў, і слёзы цяклі, а хтосьці ўвогуле глыбока сыходзіў у сябе.

– Усіх па-рознаму гралі?

– Так, усіх па-рознаму. Я спачатку ўяўляў выяву чалавека, асацыяцыю з ім, і ўжо потым у маёй галаве ўзнікала музычная карцінка, і я яе выконваў.

– Ці будзеце паўтараць свой перфоманс?

– Не ведаю. Можа, праз год ці два. Мне хочацца ісці далей, бо ёсць новыя ідэі ў галаве.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках