20 красавiка 2024, Субота, 7:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Збіраліся ў Польшчу, а апынуліся ў Італіі»

3
«Збіраліся ў Польшчу, а апынуліся ў Італіі»

Беларускі расказалі пра авантурнае, але цікавае падарожжа.

Турыстычны сезон стаў на паўзу, але ж успаміны пра адпачынак і яркія фатаграфіі могуць сагрэць нават халоднымі зімовымі вечарамі. Асабліва калі паездка была поўная прыгодаў, як у сябровак з Гародні Марыны і Эльнары, якія махнулі на аўто ў Італію, піша Newgrodno.by.

«Хоць, калі шчыра, мы не збіраліся туды. Планавалі зладзіць кулінарны тур, напрыклад па Польшчы. Але потым прыкінулі ў грошах і зразумелі, што можам паехаць некуды далей», – апавядае Марына.

Надумалі накіравацца ў падарожжа ў Еўропу. Сабраліся літаральна за тыдзень. І адразу ж пасля выезду пачаліся прыгоды. Спачатку сябровак «развярнулі» польскія памежнікі, давялося заязджаць у ЕЗ праз Літву…

Потым напружыцца прымусіла машына. Перад самай мяжой на прыборнай панэлі загарэўся «чэк». Прычым машына не старая, пяцігадовы Фольксваген Гольф.

«Што рабіць? Гарантый нам ніхто не даваў, маўляў, можа і даедзеце. Таму мы рызыкнулі. Машына амаль не падвяла», – успамінаюць дзяўчыны.

Яшчэ адна праблема – запраўка. Машына працуе на прапане, каб знайсці станцыі з гэтым палівам, даводзілася адхіляцца ад маршруту.

«Начавалі ў машыне, ехалі за стырном па чарзе. Дарэчы, плюс у такім падарожжы ў тым, што па дарозе можаш заехаць у любое ўпадабанае месца, паглядзець нешта новае», — расказваюць падарожніцы.

Паездка да Італіі заняла блізу трох дзён. Базай для адпачынку стаў горад Салерна на поўдні краіны, дзе жыве сяброўка адной з дзяўчатаў.

«Мы кожны дзень перамяшчаліся па новых мясцінах і гарадах, наведвалі новыя кавярні, вывучалі, як яны працуюць. Бо ў нас з сяброўкай бізнэс у гэтай сферы. Уразіла і гасціннасць італьянцаў. Незнаёмыя людзі частавалі нас пастай, запрашалі ў госці на мідыі», – апавядае Марына.

А вось сур'ёзным мінусам аўтападарожжа стала паркоўка па-італьянску. Там усе паркуюцца літаральна па міліметрах. Каб уціснуцца паміж машынамі і захаваць бампер, дзяўчаты выкарыстоўвалі пластыкавыя бутэлькі.

Адпачынак падыходзіў да канца. Сканчаўся і адведзены на яго бюджэт. Дзяўчаты збіраліся дадому, але поспех надумаў іх падражніць.

У адзін дзень Эльнара паслізнулася і ўпала на камянях у моры. Давялося звяртацца ў лякарню. Там у дзяўчыны дыягнаставалі ўдар. Нібыта нічога сур'ёзнага, але болі былі вельмі моцныя. Спаць і адпачываць яна магла толькі ў гарызантальным становішчы.

А тут яшчэ «брыкнула» машына. «Нешта загрукала. А італьянскі майстар толькі за "паглядзець" запытаўся 200 еўраў. У бюджэце мы былі абмежаваныя, таму пастанавілі ехаць на свой страх і рызыку», – кажа Марына.

Дарога назад далася цяжэй. Бо яна больш часу праводзіла за рулём. Дзяўчаты тры дні толкам не спалі. Марылі пра адпачынак дома. Але на мяжы іх чакала 10-кіламетровая чарга перад «Баброўнікамі»…

Марына скіравалася да польскіх памежнікаў, каб паказаць ім дакументы са шпіталя. Тыя прынялі пастанову прапусціць беларусак без чаргі. Але асобнай прыгодай было праехаць міма ўзлаваных людзей у «калейцы».

«Азіраючыся назад, я скажу, што гэта было крута! У такіх вандроўках вельмі важна, хто побач з табой. Вера і падтрымка сяброў дазваляюць зрабіць шмат. Упэўнена, што мы яшчэ не раз выправімся ў далёкую дарогу», – падводзяць вынік падарожжа сяброўкі!

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках