28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанія, Італія і Японія ўзгаднілі распрацоўку найноўшага баявога самалёта

6
Брытанія, Італія і Японія ўзгаднілі распрацоўку найноўшага баявога самалёта

Самалёт будзе выкарыстоўваць шмат найноўшых тэхналогій.

Брытанія абвясціла пра ўзгадненне з Італіяй і Японіяй супольнай працы для стварэння новага баявога знішчальніка.

Пра гэта паведамляе Reuters.

Новы брытана-італьянска-японскі самалёт павінен быць "сумяшчальны са знішчальнікамі іншых партнёраў NATO". Гэта асабліва актуальна, паколькі заходнія краіны заяўляюць пра высокую ступень гатоўнасці прыкладаць намаганні і вылучаць сродкі на ваенныя мэты на фоне вайны Расеі супраць Украіны, а таксама беручы да ўвагі нарошчванне ваеннай сілы Кітаем і яго пагрозы ў дачыненні да Тайваня.

"Новае пакаленне баявых самалётаў, якое мы распрацоўваем, будзе абараняць нас і нашых хаўруснікаў", – падкрэсліў прэм'ер-міністр Брытаніі Рышы Сунак.

Праект называюць адной з найбуйнейшых заходніх ваенных распрацовак, якая будзе праходзіць без удзелу ЗША ў дадатак да падобнай супольнай праграмы, якую раней абвясцілі Нямеччына, Францыя і Гішпанія. Пры гэтым сам удзел Японіі ў брытана-італьянскія намеры ў Лондане называюць важным дасягненнем, паколькі, паводле словаў кіраўніка брытанскага ўраду, "бяспека Еўраатлантычнага і Ціхаакіянскага рэгіёнаў непадзельная".

Чыноўнікі мяркуюць, што новы праект, акрамя ваеннага значэння, будзе мець таксама вялікія эканамічныя стымулы, у тым ліку стварэнне тысячаў працоўных месцаў і новыя экспартныя магчымасці. Reuters пры гэтым прыводзіць як прыклад стварэнне, вытворчасць і абслугоўванне найноўшага амерыканскага знішчальніка F35, які стаў адным з самых дарагіх праектаў Міністэрства абароны ЗША.

Паводле звестак агенцтва, асновай стане распрацаваны брытанцамі праект самалёта Tempest з удзелам японскай праграмы FX і італьянскай кампаніі Leonardo. Верагодна, самалёт будзе выкарыстоўваць шмат найноўшых тэхналогій, піша выданне, у тым ліку штучны інтэлект для дапамогі пілоту ў складаных сітуацыях.

Брытана-італьянска-японскі знішчальнік можа з'явіцца ў небе ў 2035 годзе.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках