20 красавiка 2024, Субота, 9:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямеччына пабудавала ЗПГ-тэрмінал за 8 месяцаў замест 5 гадоў

11
Нямеччына пабудавала ЗПГ-тэрмінал за 8 месяцаў замест 5 гадоў

ЗПГ-танкер зможа прышвартавацца ўжо на пачатку наступнага года.

У сакавіку ўрад Нямеччыны запрасіў кіраўнікоў некалькіх кампаній і задаў ім пытанне: ці можна да канца года пабудаваць у порце Вільгельмсгафэн тэрмінал для прымання імпартнага ЗПГ і злучыць яго з магістральным газаправодам?

Зазвычай такія работы займаюць пяць год. Але цяпер, у снежні, нямецкая энэргетычная дзяржаўная кампанія Uniper, якая будзе аператарам тэрмінала, ужо заяўляе: першы ЗПГ-танкер зможа прышвартавацца на пачатку наступнага года.

Не ўсе работы яшчэ закончаныя, і непагадзь можа перашкодзіць тэрміналу пачаць дзейнасць на часе. Аднак гэтай зімой у Нямеччыне маюць быць уведзеныя ў эксплуатацыю тры плывучыя ЗПГ-тэрміналы - два дзяржаўныя і адзін - прыватнай кампаніі Deutsche ReGas, якая чакае прыбыцця судна для рэгазіфікацыі да падрыхтаванага ёю прычала ў порце Лубміне ў наступныя дні. Утрох яны змогуць забяспечыць прыманне прыкладна 20 млн кубамэтраў ЗПГ на год; гэта эквівалент больш як 40% газу, атрыманага Нямеччынай з Расеі ў 2021 годзе, або 15% яе агульнага попыту, піша The Moscow Times.

У выпадку затрымкі Нямеччына зможа браць газ са сховішчаў, якія запоўненыя на 95,5% паводле звестак Gas Infrastructure Europe.

Жабы і кажаны

Каб як мага хутчэй атрымаць ЗПГ-тэрміналы, урад наважыў набыць плывучыя - агулам пяць. Іх магутнасць складзе блізу траціна бягучага спажывання, паводле ацэнкі Бэрліна (астатнія тры маюць пачаць дзейнасць у канцы 2023 года).

Але заставалася пытанне: як хутка можна пабудаваць прычал, да якога прышвартуецца такі тэрмінал, і газаправод, які злучыць яго з магістральнай сеткай. Яго службоўцы і задалі прадстаўнікам кампаній на сакавіцкай сустрэчы.

А Томас Гювэнэр, тэхнічны дырэктар будаўніка газаправодаў Open Grid Europe, пераадрасаваў сваім супрацоўнікам, расказвае The Wall Street Journal:

Калі не, то не. Але калі так, мы павінны даць абяцанне - з усімі наступствамі для нашай кампаніі.

Спецыялісты Open Grid Europe раіліся тры дні і выснавалі: калі ўсё пройдзе ідэальна, праект можа быць закончаны да Калядаў.

Ідэальна, вядома, не выйшла. Падчас будаўніцтва кампаніі давялося:

ставіць агароджы на шляху штогадовай міграцыі жаб, каб яны не скуліліся ў пракладзеную для трубаправода траншэю;

будаваць новыя пячоры для кажаноў;

грунтавыя воды залягалі высока, і 800 працаўнікоў, якія пракладвалі газаправод, абмяжоўвалі 120-мятровыя адцінкі траншэі, адпампоўвалі з іх ваду, а пасля ўкладвання труб запампоўвалі назад;

спыніць прапампоўванне па магістральнаму газаправодзе з Нарвэгіі, да якога трэба было прылучыць трубу з Вільгельмсгафэна, было немагчыма, таму давялося рабіць абыходную нітку.

Але ў выніку трубаправод быў пабудаваны.

Бетонны Lego

Між тым, кампанія Niedersachsen Ports, якая адказвала за будаўніцтва прычала, была вымушана абследаваць дно ў пошуках нявыбухнутых баявых прыпасаў - Вільгельмсгафэн моцна бамбавалі падчас Другой сусветнай вайны. Акрамя таго, запытаць на фабрыках і атрымаць неабходныя будаўнічыя матэрыялы ў такі кароткі тэрмін было немагчыма.

Мэнэджары тэлефанавалі прадаўцаў ва ўсёй Еўропе. Патрэбныя сталёвыя палі знайшліся на кінутай будаўнічай пляцоўцы ў Літве – праўда, давялося мяняць разлікі, бо яны былі даўжэйшымі за неабходныя (агулам былі выкарыстаныя 194 палі). Каб вымеркаваць час, 3000 кубамэтраў бетону завезлі ў выглядзе дзевяці велізарных напаўапрацаваных блокаў, якія, са слоў Маціяса Людзіцы, мэнэджара канторы ў Вільгельмсгафэне, складалі, як кубікі Lego. “Нам трэба было ўсё гатовае. Таму мы мянялі ўвесь працэс планавання, грунтуючыся на тым, што было даступнае», – кажа ён.

Патройны бюджэт

Бюракратам таксама давялося паварушыцца. Парламент прыняў закон, які паскарае працэдуру ацэнкі і ўхвалення ЗПГ-праектаў. "Каб быў хоць нейкі шанец у гэтай рэальна жахлівай сітуацыі, мы маем скінуць усю гэтую дрымотнасць і ў пэўных выпадках нават гідлівасць, якія існуюць у Нямеччыне", - заявіў у сакавіку міністр эканомікі Робэрт Габэк.

Урад зямлі Нідэрзаксэна выдаў дазвол на будаўніцтва ЗПГ-тэрмінала ў нядзелю 1 траўня, у Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных. «Зазвычай у такі дзень такое не робіцца, - сказаў WSJ зямельны міністр эканомікі Олаф Ліес. – Нам у Нямеччыне давялося рухацца па-новаму».

За хуткасць давялося плаціць. Першапачаткова ўрад запланаваў на ЗПГ-тэрміналы 3 млрд еўраў на гэты год. Тры тыдні таму Габэк заявіў ужо пра 6,5 млрд еўраў. Раз акрамя плывучых тэрміналаў Нямеччына далей мерыцца пабудаваць і некалькі стацыянарных, агульныя выдаткі ў перыяд да 2038 года ацэньваюцца на 9,7 млрд еўраў, паведаміла ў пятніцу на прэс-брыфінгу прадстаўніца міністэрства эканомікі Бэата Барон.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках