19 красавiка 2024, Пятніца, 21:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі палітолаг пра дзеянні Лукашэнкі: Так бывае, калі ва ўладзе вар'яты

10
Украінскі палітолаг пра дзеянні Лукашэнкі: Так бывае, калі ва ўладзе вар'яты
АЛЯКСАНДР ХАРА

Пуцін трымае беларускага дыктатара на кароткім павадку.

Наколькі рэальны ўдзел Лукашэнкі ў агрэсіі Расеі супраць Украіны? Ці сталі простыя беларусы агрэсарамі ў вачах украінцаў? Ці гатовы Кіеў спыніць куплю беларускіх нафтапрадуктаў і электраэнергіі? Пра гэта ў інтэрв'ю сайту Charter97.org расказаў украінскі дыпламат і палітолаг, экспэрт фонду «Майдан замежных спраў» Аляксандр Хара.

- Як бы вы пракаментавалі паездку Макрона ў Крэмль, а затым у Кіеў. Атрымалася чагосьці дамагчыся прэзідэнту Францыі?

- Думаю, самае галоўнае, што яму ўдалося, гэта выклікаць не вельмі ўхвальную рэакцыю ў экспэртнай супольнасці ў Кіеве. І яму давялося дэзавуяваць свой каментар журналістам наконт «фінляндызацыі» Украіны як адной з опцый, якую, як яму здаецца, можна разглядаць.

Другая, як мне здаецца, негатыўная рэч гэта тое, што ён расказваў пра Расею як пра еўрапейскую дзяржаву і пра тое, што Расея павінна быць за сталом, ствараць новы парадак, архітэктуру бяспекі ў Еўропе. Мы разумеем, што практычна - гэта немагчыма. Той парадак, які заснаваны на статуце ААН, укладзены ў акце АБСЕ, Парыжскай хартыі ну і, адпаведна, прысутнасці такой арганізацыі, як NАТО, ён забяспечваў бяспеку кантынента на працягу ўсяго гэтага часу, пачынаючы з 75-га года, калі быў прыняты гэты заключны акт. [АБСЕ].

Не рэагуючы на парушэнні Расеі, раскіданне гэтага парадку, Макрон прапануе такі дыялог. Гэта абсалютна, мне здаецца, контрпрадуктыўна. І я абсалютна ўпэўнены, што нават нямецкія партнёры не давалі сваё дабро на тое, каб спадар Макрон расказваў такія рэчы і фактычна падстаўляў пад сумнеў неабходнасць абараняць той парадак, які быў устаноўлены пасля 91-га года. Таму гэта такія дзве негатыўныя рэчы.

Ён глядзеўся з Пуціным дастаткова слаба на прэс-канферэнцыі. Пуцін перакручваў факты, фактычна маніпуляваў пазіцыямі і гэтак далей, абвінавачваў Захад ва ўсім, што толькі можна (і Украіну ў тым ліку). І Макрон неяк вяла казаў пра аб'яднанасць, пра тое, што трэба дыялог весці і ўсё такое. Гэта значыць, шчыра кажучы, незразумелая асноўная мэта гэтай паездкі з пункта гледжання канчатковых вынікаў. Таму ў Кіеве яго візіт успрымаўся ў большай меры негатыўна, чым пазітыўна.

Ён сказаў, што Пуцін запэўніў яго, што эскалацыі не будзе, што якраз наадварот ён дамовіўся аб дээскалацыі. Але даслоўна праз некалькі гадзін мы бачылі, як Пяскоў фактычна дэзавуяваў гэтыя словы, сказаў, што такога не было.

А так у Кіеве ён дастаткова пазітыўна быў прыняты прэзідэнтам. Бо тут ён, відаць, казаў крыху іншыя рэчы і публічна, і ў закрытым рэжыме. І для Макрона кіеўскі візіт быў значна больш паспяховы з пункту гледжання прэстыжу і гэтак далей. Падчас яго было падпісана некалькі дакументаў на нейкую колькасць мільёнаў даляраў, падпісаны кантракты для французскіх кампаній. І таму ён вернецца ў Парыж з нечым, а не толькі проста з такім іміджам чалавека, які нічога не дабіўся з Пуціным і паставіў пад сумнеў аб'яднаную пазіцыю Захаду, якую мы з задавальненнем назіраем апошнія некалькі тыдняў.

- А ці здабыла нешта Украіна з гэтага візіту?

- Для Украіны нічога не змянілася, таму што на нашых межах працягваецца назапашванне сілавых сродкаў. І Расея, зразумелая рэч, такім тоўстым намёкам кажа аб тым, што ўварванне магчымае. Пачынаюцца супольныя расейска-беларускія вучэнні. Больш за ўсё нас непакоіць там ядзерны кампанент. Вы выдатна ведаеце, што змены, якія плануюцца ў беларускую Канстытуцыю, фактычна канвертуюць Беларусь з няядзернай дзяржавы ў патэнцыйна ядзерную. Міністр замежных спраў Беларусі казаў пра тое, што нібыта агрэсіўнасць Захаду падштурхоўвае Беларусь да таго, каб размясціць расейскую ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі. Натуральна, гэта нас не можа не турбаваць, гэта кардынальна мяняе пытанні бяспекі ў рэгіёне.

Не кажу ўжо пра ўсялякія заявы, на чыім баку будзе Лукашэнка, калі пачнецца вайна Расеі з Украінай. Яна пачалася ў 2014 годзе, але ён працягвае гэта ўпарта не заўважаць. Цяпер Лукашэнка ўжо «свяцейшы за Папу Рымскага» падтрымлівае Расею. Гэта заўсёды было, але ён быў раней асцярожнейшым у сваіх выказваннях у дачыненні да Украіны.

Ёсць выраз «сабакі вайны». Лукашэнка - адзін з такіх персанажаў, які пагражае нам чымсьці. Прычым абсалютна зразумела, што Украіна нават у самых нейкіх страшных снах не разглядае пытанне аб тым, каб весці вайну з Беларуссю, з беларусамі. У нас зусім няма ніякіх супярэчнасцяў ні з дзяржавай Беларусь як такой, калі мы гаворым пра аб'ектыўныя параметры, ні тым больш з беларускім народам. Так бывае, калі вар'яты знаходзяцца ва ўладзе, бывае такая рыторыка.

- Ва ўкраінцаў ёсць разуменне, што беларусы на іх баку, а супраць свабоды Украіны выступае дыктатар?

- Безумоўна. Вы ведаеце, нават калі паглядзець крытычна, беларускі народ, на жаль, яшчэ знаходзіцца ў парадыгме «абы не было вайны», таму што беларусы пацярпелі больш за ўсё падчас Другой сусветнай вайны. У прынцыпе ёсць неразуменне, што ўсё гэта ўжо сышло і ёсць патэнцыял новага канфлікту ў Еўропе. Беларусы маглі б разумець, што іх самазванае кіраўніцтва (бо большая частка сусветнай супольнасці не прызнала так званыя выбары Лукашэнкі) вядзе да такога канфлікту на баку агрэсара. Таму што не Украіна пачынала вайну на сваёй тэрыторыі, не Украіна аддала Крым і не Украіна ўжо восем гадоў пастаўляе зброю, баевікам. Імі кіруе генеральны штаб Расейскай Федэрацыі. Ён кіруе баявымі дзеяннямі ў Данецку і Луганску.

Навошта беларусам ваяваць супраць Украіны ў інтарэсах пуцінскай Расеі? Магчыма, разглядаецца такое пытанне. Ёсць такое паняцце - проксі. І тыя сілы, якія знаходзяцца ў Данецку і Луганску (хоць там, можа быць, яшчэ засталіся нашыя грамадзяне, украінцы па паходжанні), яны з'яўляюцца проксі-сіламі. Гэта значыць, яны ваююць у інтарэсах іншай дзяржавы. Не за незалежнасць Данбаса, не за далучэнне Крыма да Расеі, а за тое, каб Расея кантралявала Украіну. І вось такімі заявамі, такімі дзеяннямі, спадар Лукашэнка фактычна канвертуе і ператварае Беларусь у проксі-сілу Расейскай Федэрацыі. І, магчыма, у які-небудзь момант Пуціну будзе выгадна выкарыстоўваць Лукашэнку, якога яны трымаюць на кароткім павадку, супраць Украіны для таго, каб адмаўляць сваю прысутнасць, адмаўляць свой нейкі ўдзел.

Я такога не выключаю, бо зразумелая рэч, што рэжым Лукашэнкі трымаецца на штыках пэўнага сілавога блока ў Беларусі і сілавога блока, сілавога патэнцыялу Расеі. Ні аб якіх дэмакратычных падставах, падтрымцы насельніцтвам, натуральна, гаворкі не ідзе. Таму яго ў нейкі момант часу могуць выкарыстоўваць як інструмент супраць Украіны і не толькі. Мы бачылі, як была штучна створаная напруга на беларуска-літоўскай і беларуска-польскай мяжы. Зразумелая справа, што гэта была не проста ініцыятыва самога Лукашэнкі. Без ведама і аперацыйнай падтрымкі з боку ФСБ Расейскай Федэрацыі такую аперацыю ён бы не змог зрабіць.

Таму гэтыя правакацыі будуць. Мы разумеем, што гэты рэжым - агрэсіўны. Таксама мы разумеем, што ён не прадстаўляе інтарэсаў беларусаў. Уявіць сабе беларусаў агрэсіўнымі — гэта ўвогуле за межамі нейкага здаровага сэнсу, я маю на ўвазе як народ, а не як асобных яго прадстаўнікоў. Зразумелая справа, што гэта абсалютна адарванае ад рэальнасці. Але вар'яты на чале дзяржавы могуць уцягнуць беларусаў у гэтую бездань.

- Якім будзе адказ Кіева, калі Лукашэнка ўсё ж далучыцца да расейскай агрэсіі?

- У нас адказ адзін. Калі да нас сябры прыходзяць - мы гасцінныя. Калі да нас з агрэсіяй прыходзяць ва ўсялякай форме, з трыкалорам або сцягам Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, — усе гэтыя людзі будуць проста мэтай для нашых узброеных сіл і для любога грамадзяніна, які будзе абараняць сваю дзяржаву са зброяй у руках. І зразумелая справа - ніякага сумневу не будзе і жалю, і гэтак далей. Мы навучаныя лютым-сакавіком 2014 года.

Было зразумела з самага пачатку, хто такія так званыя зялёныя чалавечкі, але сітуацыя была крыху іншая. Цяпер абсалютна зразумела, калі ёсць нешта, што рухаецца са зброяй у наш бок, то гэтае «нешта» павінна быць знішчанае. Ці будуць там беларусы, ці бураты, ці яшчэ нехта, мне здаецца, ніякіх маральных абмежаванняў ва ўкраінцаў не будзе.

Натуральна, мы будзем шкадаваць, што вар'ят псеўдапрэзідэнт давёў да такога. І не дай Бог, вядома, каб да такога дайшло. У мяне частка крыві беларуская, маці беларуска. І ўявіць, што з той тэрыторыі ва Украіну будзе ўварванне і беларусы будуць прымаць у гэтым удзел, мне вельмі б не хацелася.

— Ці напрацавалі хаця б на дыпламатычны дэмарш беларускія ўлады сваімі нападкамі ў бок Украіны?

- Мы разумеем, чаму гэта адбываецца і хто тузае за нітачкі. Нітачкі з Беларусі цягнуцца ў Маскву. І раней было зразумела, што гэта чалавек, які трымаецца ва ўладзе столькі гадоў не сілай падтрымкі народа, а маніпуляцыямі, запалохваннем, забойствам канкурэнтаў. Гэта і раней было зразумела, але раней ён трымаўся вызначанай стрыманасці і спрабаваў манеўраваць паміж Расеяй і Захадам. Адпаведна, Украіна была для яго ў гэтым сэнсе надзвычай важнай. Але давайце ўспомнім, што была прынятая пастанова, што Менск будзе пляцоўкай для перамоў з расейцамі аб спыненні іх агрэсіі на Данбасе. І гэта, дарэчы, думаю вялікая памылка папярэдняга прэзідэнта Украіны. Мы фактычна з дыпламатычнай і палітычнай ізаляцыі выцягнулі Лукашэнку. Гэта была проста найвялікшая памылка.

Другое — гэта тое, што мы дагэтуль дастаткова ў сур'ёзнай меры залежым ад паставак расейскіх энэрганосьбітаў праз тэрыторыю Беларусі, забяспечваючы так званы беларускі эканамічны цуд. Мы разумеем, што напраўду гэтая эканоміка неэфектыўная і адзіны яе рэсурс, на якім усё трымаецца, гэта расейскія энэрганосьбіты, якія экспартуюцца ва Украіну і на Захад. Зразумелая справа - спыніцца гэта, то «цуд» абрынецца.

Таму і раней мы разумелі, хто такі Лукашэнка, але ён паводзіў сябе крыху больш стрымана і гэта больш-менш цярпіма. Цяпер у яго рукі ў крыві сваіх грамадзян, у яго няма ніякага шанцу паспрабаваць зноў балансаваць паміж Захадам і Расеяй. Таму ён і стаў такім вось «папам рымскім» у абароне інтарэсаў Расеі. Таму ён значна больш агрэсіўна выказваецца і дзейнічае ў дачыненні да Украіны, што такім чынам паказвае яго лаяльнасць адпрацоўваць тое, што яму дазволілі застацца ва ўладзе. Гэта відавочныя рэчы, каб гаспадар у Крамлі разумеў, што такі карысны чалавек яму патрэбны.

- Ці гатова Украіна спыніць закупкі нафтапрадуктаў і электраэнэргіі ў варожага рэжыму?

- Наколькі мне вядома, пра гэта ўжо не адзін месяц ідуць дыскусіі, ідзе праца. Але пакуль што я не бачу, што будзе прыняты нейкі план, як ён будзе рэалізаваны. Пакуль гэтага ў публічнай плоскасці не бачыў.

І, зразумела, гэта не можа не турбаваць, бо ў кожны момант пастаўкі могуць быць спыненыя Беларуссю. Зразумелая справа, гэта надзвычай моцна ўдарыць па Беларусі. Але ўлічваючы, што такія рэчы будуць звязаныя з агрэсіяй Расеі, то бок гэта будзе агульны план, Расея кампенсуе Беларусі такія страты эканамічныя для таго, каб не вылілася ў эканамічныя страты для Лукашэнкі.

Таму праблема не развязаная. Магчыма, наверсе робяцца нейкія крокі, скажам такія планамерныя, якія патрабуюць часу. Можа быць. Я спадзяюся на гэта.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках