Кулеба: Беларусь стала варожай Украіне, і тон задае Лукашэнка
13- 10.02.2022, 20:52
- 11,992
Але дачыненні паміж народамі цёплыя.
Міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба заявіў, што Беларусь на чале з Аляксандрам Лукашэнкам стала варожай для Украіны, паведамляе «Зеркало недели».
«Сапраўды Беларусь і Украіна нават пасля 2014 года мелі сяброўскія дачыненні як дзяржавы. Сёння ўкраінцы і беларусы маюць цёплыя дачыненні як народы. Але Беларусь як дзяржава стала варожай, і тон задае Аляксандр Лукашэнка. Раней мы не павінны былі хвалявацца праз Беларусь, зараз мы павінны сур'ёзна яе ўспрымаць як патэнцыйную крыніцу пагрозы. Але гэта не наш выбар, гэта выбар Лукашэнкі, які зрабіў стаўку на хаўрусніцкія дачыненні з Расеяй», - сказаў Кулеба праз відэасувязь падчас парыскага Форума Украіна-Францыя, які арганізуецца Цэнтрам Новая Еўропа сумесна з Французскім інстытутам міжнародных дачыненняў (IFRI).
У адказ на пытанне, ці паглыне РФ Беларусь, Кулеба адказаў, што Расея ўжо кантралюе шэраг працэсаў прыняцця рашэнняў у Беларусі.
«Фармальна гэта робяць дзяржаўныя ўстановы Беларусі, але пад уплывам Расеі. РФ хоча паглынуць Беларусь, хаця і Беларусь супраціўляецца гэтаму. Але гэта выглядае незваротным. Лукашэнка хоча захаваць частку суверэнітэту, але мы разумеем, які ёсць моцны ціск на Беларусь і наколькі ўразлівая пазіцыя Беларусі ў дачыненнях з Расеяй. Зноў скажу, што гэта не наш выбар», - дадаў Кулеба.