25 красавiка 2024, Чацвер, 3:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Крыштап Радзівіл «Пярун» дамогся небывалых перамог

Як Крыштап Радзівіл «Пярун» дамогся небывалых перамог

Змалку легендарнага дзеяча ВКЛ выхоўвалі як ваяра.

У лютым 1547 нарадзіўся Крыштап Радзівіл на мянушку Пярун - вядомы вайсковы і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, піша planetabelarus.by.

Бацькамі Крыштапа былі Мікалай Радзівіл Руды і Кацярына Таміцкая. Будучы гетман і ваявода рос на чынах і прыкладах свайго бацькі.

Хлопчык атрымліваў адукацыю дома, пры гэтым бацька выхоўваў сына як ваяку. Так, у 16 гадоў юны Радзівіл ужо прыняў баявое хрышчэнне ў бітве пры Уле, якая скончылася поўным разгромам арміі расейскага царства.

Юнак выявіўся таленавітым ваяром, яму далі мянушку Пярун - за тактыку “выпаленай зямлі", якую ўжываў падчас ваеннага паходу.

Ужо ў 1567 годзе ён адначасова становіцца ротмістрам надворнай коннай роты (ягоны аддзел ажыццяўляў асабовую ахову вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста) і крайчым ВКЛ.

Радзівіл Пярун дамогся небывалых перамог - вайсковых і дыпламатычных. У розныя гады займаў пасады: краўчы літоўскі, падчашы літоўскі, гетман польны літоўскі, кашталян троцкі, падканцлер літоўскі, ваявода віленскі, гетман вялікі літоўскі, стараста кокенгаўзскі, салецкі, жэжмарайскі, ужандоўскі, аінскі, барысаўскі, навамыскі.

Ён быў вельмі багаты. Амбасадар ангельскай каралевы Элізабэт запісаў у мемуарах, з якой раскошай прымаў яго ў Вільні Пярун - пышней, чым кароль! Вядома, гэтыя неймаверныя багацці дасталіся Крыштапу Радзівілу ў спадчыну, аднак, на думку гісторыкаў, і сам Пярун стараўся прымножыць іх. І не заўсёды прыгожымі, на наш сучасны погляд, спосабамі, напрыклад, праз выгадныя шлюбы - іх Радзівіл меў чатыры.

Першы раз Крыштап ажаніўся ў 24 гады. Ягоная жонка: Ганна Собек - дачка старасты варшаўскага і салецкага. Нарадзіла дваіх дзяцей - Барбару і Мікалая, але хлопчык пражыў толькі тры гады. Удавец атрымаў у спадчыну салецкае староства ў Сандамірскім ваяводстве.

Нядоўга пабедаваўшы, Крыштап Радзівіл ажаніўся з дачкой ваяводы кіеўскага Канстанціна Астрожскага Кацярынай. Сын Януш, народжаны ў гэтым шлюбе, стане мужам Сафіі Слуцкай, прымножыўшы багацце роду. Кацярына памерла ў 19 год.

Трэцяй жонкай стала ўдава слуцкага князя Юрыя Алелькавіча Кацярына Тэнчынская, дачка ваяводы Сандамірскага і Кракаўскага. Яна мела 38 гадоў, была на тры гады старэйшая за Крыштапа Радзівіла і мела трох сыноў ад ранейшага шлюбу. Аднак з усіх сваіх жонак менавіта Тэнчынскую Пярун называў каханай.

Гэты шлюб доўжыўся дзесяць гадоў, у ім нарадзіліся дачка Эльжбета і сын Крыштап. Кацярына памерла 19 сакавіка 1592 года ў Міры, пакінуўшы мужу велізарны спадкі (адно прададзены ім маёнтак Даўгаброды на Берасцейшчыне прынёс 24 тысячы злотых).

Чацвёрты раз жонкай стала родная сястра ягонай другой жонкі Альжбета Астрожская, якая надоечы заўдавела, атрымаўшы ў спадчыну маёнткі віленскага кашталяна і ваяводы берасцейскага Яна Кішкі. Аднак ні Папа Рымскі, ні пратэстанцкія святары згоду на кровазмяшальны (як гэта меркавалася) шлюб не давалі. І ўсё ж у адным з касцёлаў Коўна знайшоўся святар, які павянчаў Перуна і Альжбету. У выніку гэтага шлюбу Радзівілу адышлі Глуск, Копысь, Раманава, Асташын, Цярнопаль.

На думку гісторыкаў, гэта быў "дамоўны" шлюб, таму супольных дзяцей не было. Чацвёртую жонку сваю Крыштап Радзівіл Пярун таксама перажыў. Яна памерла ў 1599 годзе, ён - на чатыры гады пазней сканаў у Вільні.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках