28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрадэпутатка: Кліка Лукашэнкі павінна ведаць, што іх арыштуюць

16
Еўрадэпутатка: Кліка Лукашэнкі павінна ведаць, што іх арыштуюць
ВІЁЛА ФОН КРАМАН-ТАЎБАДЗЕЛ

Яны будуць сядзець на лаве падсудных у Міжнародным судзе.

Як Еўропа будзе рэагаваць на ваенныя гульні Лукашэнкі і Пуціна? Ці чакаць новых санкцый супраць беларускага рэжыму? Ці падтрымае Еўрапарламент пазоў супраць узурпатара?

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту Charter97.org расказала нямецкая еўрадэпутат ад партыі «Зялёныя» Віёла фон Краман.

- Ці ўважаеце вы за дастатковыя санкцыі, якія ўвёў ЕЗ супраць рэжыму Лукашэнкі?

- Цяпер мы бачым, што, як мінімум, санкцыі цалкам дзейнічаюць. Мы бачылі, як літоўцы закрылі доступ да свайго Клайпедскага порта. Нам яшчэ трэба працаваць над прадуктамі нафтаперапрацоўкі, каб забаранілі іх транспартаванне ў эстонскіх партах - гэтага пакуль не адбываецца. Так што гэта трэба будзе ўключыць у наступны пакет санкцый.

Спатрэбіўся час, напрыклад, каб нарвэжская кампанія Yara перастала закупляць калій у «Беларуськалія». Беларусь мае даволі канкурэнтаздольную пазіцыю ў гэтых таварах, дзе існуе алігаполія ў свеце. Мы павінны пераканацца, што ўключылі ўсе стратэгічныя тавары ў наступны пакет без выключэнняў з дзяржавамі-сябрамі ЕЗ, а таксама з афіляванымі дзяржавамі Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю, такімі як, напрыклад, Нарвэгія.

Акрамя таго, мы таксама просім увесці дадатковыя фінансавыя санкцыі ў дачыненні да банкаў. «Райффайзен Банк» надзвычай уцягнуты. Мы ведаем, што многія прадстаўнікі палітычнай эліты Беларусі надзвычай забяспечаныя і што яны размяшчаюць свае грошы як у афшорах, так і на рахунках у Райффайзен Банку. Трэба зрабіць так, каб не было шчылін, не было выключэнняў.

Гэта будзе накіравана не на ўсё насельніцтва Беларусі, а на тых, хто падтрымлівае Лукашэнку з дапамогай сістэмы сілы, хто нясе адказнасць за гэтыя жорсткія катаванні. І трэба зрабіць так, каб выключэнняў больш не было.

- Ці будзе Еўрапарламент падтрымліваць пазовы супраць Лукашэнкі ў судзе ў Гаазе?

- Так, вядома. Гэта правільны падыход. Добра, што Польшча пачала. У нас ужо доўгі час вядуцца дэбаты ў камітэтах Еўрапарламенту аб правах чалавека і замежных справах, а таксама з людзьмі, якія працуюць з Беларуссю. Але, вядома, мы павінны пашырыць гэты падыход, мы павінны падвысіць дасведчанасць і кожная краіна павінна адкрыць своеасаблівую справу, скласці абвінаваўчую выснову. Гэта трэба рабіць па-сапраўднаму публічна на знак падтрымкі народа Беларусі, каб яны ўбачылі, што мы падтрымліваем іх, што не толькі Польшча, але і амаль усе краіны Еўразвязу сочаць за тым, каб у гэтага хлопца не было легітымізацыі.

У Нямеччыне, напрыклад, у нас зараз адкрыта «сірыйская справа» - супраць людзей, якія ўдзельнічалі ў катаваннях і з'яўляліся часткай сістэмы выведкі і бяспекі ў Сірыі. Думаю, што і з Беларуссю трэба рабіць гэтак жа, пачынаючы з Лукашэнкі, але не спыняючыся на гэтым, а ўключаючы ўсю ягоную кліку, ягонае асяроддзе.

Людзі, якія маюць дачыненне да дзяржапарату і інстытутаў улады, павінны ведаць: урэшце іх арыштуюць. Яны будуць сядзець на лаве падсудных у Міжнародным судзе. І гэта павінна быць у нашых інтарэсах — каб быў не суд Лінча, а належны законны судовы пераслед.

- Што зробіць ЕЗ у дачыненні да Лукашэнкі, калі ён сапраўды падтрымае поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну расейскіх войскаў?

- Вы не можаце аддзяліць гэта ад дачыненняў Пуціна і ЕЗ. Лукашэнка - проста марыянетка Пуціна. Ён сам злачынец, але цяпер ён закладнік Крамля і цалкам у яго руках. Мы бачым зараз не некалькі расейскіх салдат, а блізу 30 тысяч. Такім чынам, Беларусь больш не незалежная, гэта - вайсковая база Расейскай Федэрацыі.

Лукашэнка ўчыніў злачынствы супраць чалавецтва. Ён нясе адказнасць. Праз яго мы вымушаныя былі ўвесці санкцыі, а цяпер ён нават нясе вайсковую пагрозу сам ці дазваляе вайсковую пагрозу супраць сваёй суседкі Украіны.

Нашы ўкраінскія партнёры сказалі нам, што ёсць вялікія асцярогі, што ўжо зараз расейскія сілавікі, скажам так, «зялёныя чалавечкі», ужо пранікаюць праз адкрытыя межы з Беларусі ва Украіну. Ужо зараз. Так што Беларусь у гэтых плане нясе рэальную пагрозу для Украіны, нават калі Кіеў зусім не хоча казаць пра гэта ўголас. Але ёсць вялікая асцярога, што Лукашэнка цяпер працуе ад імя Пуціна.

- Ідзе прамацванне ўкраінскай мяжы?

- Існуе шмат здагадак наконт таго, ці пойдзе Пуцін на поўнамаштабнае ўварванне ці на вайну, ці будзе гэта з таго ці іншага боку.

Але што відавочна зразумела, дык гэта тое, што Крэмль не паслабіць ціск і ён не спыніць запалохванні.

Дык як жа ён збіраецца гэта зрабіць, калі не будзе паўнавартаснага вайсковага нападу? Гэта будуць гібрыдныя аперацыі, разнастайныя правакацыі ў класічным стылі КДБ, дэзінфармацыя і гэтак далей. І такім чынам нашы людзі цалкам упэўненыя, што з беларускага боку ва Украіну ўжо пачалі прыходзіць розныя «прамежкавыя людзі». Гэтага немагчыма давесці, але імавернасць гэтага высокая.

- Захад заявіў, што ўвядзе магутныя санцыі супраць Пуціна, калі пачнецца новая поўнамаштабная атака супраць Украіны. Пра Лукашэнку ў такім кантэксце пакуль не гавораць.

- Не, няможа быць, усё наадварот. У нас толькі заявы супраць Пуціна, у нас няма санкцый, а супраць Лукашэнкі шмат санкцый і шмат рыторыкі. Так што гэта відавочна не так, гэта няпраўда. Супраць Лукашэнкі шмат дакладных санкцый з боку Еўрапейскай рады, Еўракамісіі, Еўрапарламенту. І гэта шматкроць даведзена.

Галоўны актор тут не Лукашэнка, галоўны актор - Пуцін. Лукашэнка проста здае сваю зямлю ў арэнду. Ён больш не знаходзіцца ў суверэннай дзяржаве. Гэта важна. Трэба ставіць пытанні перад кіраўніцтвам Беларусі, якое і кіраўніцтвам не з'яўляецца, трэба ставіць пытанні перад гэтымі марыянеткамі: «Гэта ўжо тэрыторыя Расейскай Федэрацыі ці вам яшчэ ёсць што сказаць?»

Лукашэнка фактычна публічна падтрымаў гэтую [пагрозу] суседцы, якая нічога не зрабіла супраць: Украіна ніколі не пагражала Беларусі, ніколі не ставілася да яе дрэнна. Фінансава-эканамічнае супрацоўніцтва пакуль трывае, таму Лукашэнку не варта вінаваціць Украіну. Вось якія пытанні трэба задаваць.

Але калі ён дапусціць вайсковую атаку з беларускай тэрыторыі, гэта зменіць сітуацыю.

- Ці адрэагуе Еўропа, калі расейскія салдаты застануцца ў Беларусі?

- Гэта відавочнае парушэнне суверэнітэту дзяржаўнай тэрыторыі, дзяржаўных межаў. Гэта амаль акупацыя суседняй краіны. Нават калі Лукашэнка дапусціць гэта - тым не менш, 30 тысяч вайскоўцаў за межамі Расейскай Федэрацыі - гэта парушэнне розных міжнародных дамоў, гэта выкліча вялікую ўстурбаванасць, бо войскі будуць усё бліжэй і бліжэй да межаў ЕЗ.

- Важна разумець, што беларусы выступаюць супраць ваенных гульняў Пуціна і Лукашэнкі і працягваюць барацьбу за свабоду. Якія словы падтрымкі вы б сказалі людзям, якія сёння змагаюцца за дэмакратыю ў нашай краіне?

- Хацела б запэўніць вас у нашай падтрымцы, нашай салідарнасці. Я асабіста захапляюся народам Беларусі, яго адвагай, яго мужнасцю, яго надзвычайнай дысцыплінай, тым, што вы ўсё яшчэ міралюбівыя, за вашае цярпенне, за тое, што вы знаходзіце сілы для прыцягнення ўвагі і падтрымкі сваіх палітычных зняволеных.

Так шмат людзей зазнавалі катаванні і тым не менш, яны не здаюцца. Яны змагаліся, яны будуць працягваць барацьбу і мы сапраўды з імі. Вось сцяг, ён заўсёды тут (паказвае на вялікі бел-чырвона-белы сцяг, які вісіць на сцяне - заўв.).

Ёсць вялікая падтрымка ў суполках еўрапейскіх краін. Ёсць шмат людзей, якія спачуваюць беларускаму народу. І, як мы заўсёды кажам, аднойчы гэта спрацуе.

Проста заклікаю вас: заставайцеся смелымі, будзьце цярплівыя, выказвайце сваё меркаванне ўсюды, дзе гэта толькі магчыма, не здавайцеся і старайцеся быць, як у кокане: старайцеся забыцца пра тое, што вас акружае і беражыце сябе да таго моманту, калі рэжым Лукашэнкі абрынецца.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках