28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чатыры гісторыі пра паўстанне Каліноўскага

Чатыры гісторыі пра паўстанне Каліноўскага

У ноч з 1 на 2 лютага 1863 года пачалося самае маштабнае вызваленчае паўстанне беларусаў.

У народзе і гістарыяграфіі паўстанне наўпрост называюць «паўстаннем Кастуся Каліноўскага». Такая назва мае поўнае права на існаванне, бо 2 лютага 1838 года нарадзіўся і сам Кастусь Каліноўскі. Тэлеканал «Белсат» апублікаваў чатыры гісторыі аб падзеях паўстання і пра Каліноўскага.

Непісьменныя сяляне імкнуліся даведацца, што пісалася ў «Мужыцкай праўдзе»

Каліноўскі з паплечнікамі рыхтавалі глебу да будучага паўстання загадзя. Першую беларускамоўную ўлётку «Мужыцкая праўда» Каліноўскі з хаўруснікамі пачалі распаўсюджваць яшчэ ў 1862 годзе. Паводле паказанняў бацькі Канстанціна Каліноўскага – Сымона, пасля вяртання з Пецярбургу сын трошкі пажыў у бацькоўскай хаце, затым пазычыў у Сымона грошы, каб у Горадні зняць кватэру ды ўладкавацца на працу чыноўніка. Але Кастусь замест гэтага, на пазычаныя сродкі бацькі, арандаваў брычку ды развозіў улёткі па мястэчках паблізу Горадні. Дакументальна засведчана расейскім службоўцам з паліцыі, што: «Часова-абавязаным сялянам ад некаторага часу падкідваюцца зламыснымі людзьмі асобнікі брашур для чытання пад назвай «Мужыцкая праўда», брашуры гэтыя сяляне чытаючы паміж сабою здабываюць разнастайную думку».

Далей службоўца распавядае, як выглядаў «злосны раскідвальшчык» скруткаў з «кепскім зместам» ды прыходзіць да выніку, падсумаваўшы факты, што гэта быў Каліноўскі.

У той час большасць сялянаў былі непісьменныя, але цікавасць да ўлётак была настолькі вялікая, што прыходзілася карыстацца паслугамі адукаваных людзей: «…Сяляне, падымаючы скруткі, звярталіся да граматных сваіх субратаў прачытваць». Што і пацвярджае цікавасць простых людзей да зместу «Мужыцкай праўды». Першая беларускамоўная лістоўка не страціла актуальнасці і сёння: «Народзе, толькі тады зажывеш шчасліва, калі маскаля над табою не будзе!»

Чаму Каліноўскі адразу не далучыўся да паўстання?

«Студзеньскае паўстанне» 1863 году распачалося ў ноч з 22 на 23 студзеня 1863 году ў Польшчы. Але тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага не далучыліся да ўдзелу ў паўстанні адразу. З пачаткам паўстання ў Польшчы Літоўскі правінцыяльны камітэт у ноч з 1 на 2 лютага абвясціў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі. Наступным крокам Часовага ўраду, на чале якога быў Кастусь Каліноўскі, быў зварот да насельніцтва краю з заклікам падтрымаць паўстанне.

Паўстанне рыхтавалася на вясну 1863 году, аднак расейскай жандармерыі стала вядома пра будучую акцыю. Таму было тэрмінова вырашана правесці рэкруцкі набор у Варшаве, каб пастарацца пазбегнуць ці хоць неяк перашкодзіць паўстанню. У адказ на гэта Варшаве ў ноч з 22 студзеня абвясцілі пачатак барацьбы.

Аднак, Часовы ўрад Літоўскага правінцыяльнага камітэту Беларусі і Літвы на чале з Каліноўскім адразу не падтрымаў «польскае паўстанне». Каліноўскі добра ведаў, што людзі не гатовыя і гэткія дзеянні могуць згуляць кепскі жарт з паўстанцамі. Але ўжо праз 10 содняў Каніоўскі наважвае, што беларускім землям таксама варта далучыцца да вызвольнай барацьбы супраць расейскай акупацыі. Хоць і не было агульнага плану дзеяння, бракавала зброі ды фуражу, наўздагон усяму царская паліцыя ды войска былі падрыхтаваныя да супрацьстаяння.

Каліноўскі замяніў брата на пасадзе кіраўніка паўстання

Кастусь Каліноўскі нарадзіўся 2 лютага 1838 году ў сям’і беззямельнага шляхціча, які валодаў мануфактурай. Дзяцінства Кастуся было нялёгкім – родная маці рана памерла. Праз некаторы час бацька Сымон ажаніўся на іншай ды пачаў будаваць сям’ю наноў.

Хіба для Кастуся сапраўды блізкім чалавекам быў ягоны брат – Віктар. Ён і натхніў маладога Канстанціна ідэямі патрыятызму ды роўнасці паміж сацыяльнымі групамі. Першапачаткова Віктар павінен быў заняць пасаду кіраўніка паўстання на землях Беларусі, аднак, нечаканая смерць прывяла да таго, што ўзначаліць барацьбу давялося Кастусю. Магчыма юнак быў не гатовы да такой адказнасці, але дзявацца не было куды. Трэба было выконваць тую ролю ў агульнай справе, якую пакінуў у спадчыну брат.

Кастусь пранёс на сабе гэты «крыж» праз усё паўстанне замест брата. Не здрадзіў ідэі і не здрадзіў ніводнаму паплечніку. Смела ўзышоў на эшафот ды задэклараваў сваім апошнім зваротам да грамадства: «У нас дваран няма, усе – роўныя!». Азначала, што ў новай дзяржаве не павінна быць падзелаў на сацыяльныя групы, усе павінны быць роўныя перад законам.

Праз шыбеніцу да неўміручасці

Каліноўскі прайшоў свой шлях праз шыбеніцу да неўміручасці і зараз яго постаць знаходзіцца на вяршыні пантэону беларускіх нацыянальных герояў, што моцна муляе вочы прыхільнікам заходнерусізму. Актыўныя спробы ачарніць асобу Каліноўскага ды назваць яго бяздумным маньякам упіраюцца ў рукапіс Кастуся, які быў прыкладзены расейскімі службоўцамі да яго асабістай справы: «У сваёй свядомасці я злачынец не па перакананні, але па збегу абставін, а таму хай і мне будзе дазволена суцяшаць сябе надзеяй што ўзновіцца народнае дабро. Дай Бог толькі каб для дасягнення гэтага нашчадкі нашы не пралівалі лішняй братняй крыві».

Калі чалавек аддаў усё, што меў за гэтае паўстанне, у тым ліку жыццё, хіба нельга называць падзею ў ягоны гонар? Нават не можна, а варта! А самае галоўнае, што прыкладам Каліноўскага выхоўваюцца школьнікі зараз. А калі звяртацца словамі рэпера Vinsent да тэмы памяці пра Каліноўскага, то хопіць двух радкоў: «За Кастуся поўны келіх, да гары і без тостаў! За Каліноўскага-бацьбу і Слава Героям».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках