28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка ператварыўся ў Матаролу

28
Лукашэнка ператварыўся ў Матаролу

Беларусам трэба быць гатовымі браць ініцыятыву ў свае рукі.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка падзяліўся з сайтам Charter97.org сваёй ацэнкай падзей ва Украіне:

- Для мяне, безумоўна, гэта вельмі эмацыйная падзея, гэта напад Расеі на Украіну. Я разглядаю гэта даслоўна як агрэсію супраць сябе асабіста, бо ў мяне бацька ўкраінец, маці – беларуска. І я, напэўна, як і 97% беларусаў, адназначна на баку Украіны. З раніцы глядзеў навіны ўкраінскіх тэлевізійных каналаў. Я захапляюся мужнасцю і такой рашучай воляй, а таксама спакоем украінцаў. Тое, як яны паводзяць сябе ў гэтай найскладанейшай сітуацыі, сапраўды ўзрушае ўвесь свет. А сітуацыя надта і надта трывожная, бо наступ ідзе з усіх бакоў. І што яшчэ больш мяне хвалюе, тое, што напад на Украіну адбыўся і з боку Беларусі.

- Што вы можаце сказаць аб удзеле лукашэнкаўскіх войскаў у вайне?

- Тут можна адназначна сказаць, што Лукашэнка ператварыўся ў Матаролу, у гэтага ўжо памерлага бандыцкага верхавода. Сітуацыя дзікая, з беларускай тэрыторыі наносяцца ўдары па Украіне. Гэта пацвярджаюць вайскоўцы і памежнікі Украіны. Увайшла тэхніка, верталёты без апазнавальных знакаў. А калгасны правадыр (я маю на ўвазе Лукашэнку) дагэтуль маўчыць і прыкідваецца нявіннай авечкай.

Сітуацыя сапраўды страшная, мільёны беларусаў сталі закладнікамі двух дыктатараў. Бо зразумела, што калі б не Пуцін, то Лукашэнка не ўтрымаўся б ва ўладзе ў 2020 годзе. І зразумела, чаму з такой звярынай жорсткасцю знішчаліся беларускія арганізацыі і ў турму былі кінутыя беларускія лідары, а таксама тысячы беларускіх патрыётаў. Але Лукашэнку чакае лёс Матаролы, Гіві ды іншых ваенных злачынцаў.

- Што могуць зрабіць беларусы для барацьбы з акупантамі?

- Мае сябры з тактычнай групы «Беларусь» заявілі аб тым, што яны пачынаюць дзейнічаць, што беларускія добраахвотнікі будуць ваяваць на баку Украіны. Яны абвясцілі набор новых людзей у тактычную групу «Беларусь». І тут беларусы могуць наўпрост дапамагчы ўкраінскаму войску, а таксама дапамагчы беларусам, якія будуць змагацца за свабоду і незалежнасць не толькі Украіны, але і Беларусі.

Цяпер ідуць перамовы паміж рознымі цэнтрамі дэмакратычных сіл. І я думаю, што ацэнка ва ўсіх агульная, што ўсе асуджаюць агрэсію і выступаюць на баку Украіны. Беларусам трэба быць гатовымі браць ініцыятыву ў свае рукі. Таму што той бліцкрыг, на які разлічвае Пуцін, можа стацца «бліцкрыгам наадварот» і адбудзецца паўстанне і ў Беларусі, я думаю — і ў Расеі. Бо нікому гэтая вайна не патрэбная, а ўвесь цывілізаваны свет ужо заняў выразную пазіцыю. І больш трываць выхадкі Пуціна, а тым больш - Матаролы-Лукашэнкі, мір не стане. Нам трэба быць гатовымі праявіць самім рашучасць і мужнасць, бо акупанты знаходзяцца і на нашай зямлі, а ім там не месца. І проста ўзгадаем, што мы спадкаемцы беларускіх партызан і партызанскі ген у беларусаў з'яўляецца, мусіць, дамінантным.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках