16 красавiка 2024, aўторак, 22:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Апейкін: Гульня для Лукашэнкі скончаная

21
Аляксандр Апейкін: Гульня для Лукашэнкі скончаная

Нават Кітай не хоча пэцкацца кантактамі з дыктатарам.

У Пекіне стартавалі зімовыя Алімпійскія гульні. Беларусь прадставяць на іх 29 атлетаў у 6 відах спорту. Паводле версіі журналістаў і букмекераў, зборная Беларусі можа атрымаць усяго толькі чатыры бронзавыя медалі.

Выканальны дырэктар «Фонду спартовай салідарнасці» Аляксандр Апейкін прааналізаваў праблемы, якія існуюць у беларускім спорце, і падзяліўся з сайтам Charter97.org сваімі прагнозамі:

– У мяне прыкладна такі самы прагноз. Медалёў, мне здаецца, будзе не больш за тры. Я думаю, што медаль будзе ў фрыстайле і адзін ці два будуць у біятлоне. У прынцыпе, букмекеры правільна ацэньваюць, але мне здаецца, усё ж каэфіцыент будзе ніжэйшы.

– У 2018 годзе ў нас былі два залатыя медалі. Наш спорт так моцна дэградаваў?

– Ён дэградуе катастрафічнымі тэмпамі. Тут чыннікаў, вядома, вельмі шмат. Пачынаючы з таго, што ўся сістэма не развіваецца, яна не трансфармуецца. Спорт сам сабой жа неаддзельны. Ён вельмі ўзаемазвязаны з сацыяльна-эканамічнай палітыкай і гэтак далей.

Сэнс у тым, што праблемы спартовыя не з'яўляюцца нечым такім асобным, яны з'яўляюцца часткай грамадства. І вось нават букмекеры даюць, напрыклад, чатыры медалі, але яны не бяруць да ўвагі маральны стан спартоўцаў, якія едуць на Алімпіяду. Яны разглядаюць чыста з гледзішча менавіта такога спартовага падыходу. Але спартовец – гэта ж не проста машына. Гэта чалавек, у якога ёсць псіхалагічны настрой, у якога ёсць нейкія акалічнасці і гэтак далей.

Таму вось такі няўдалы выступ спартоўцаў, напрыклад, на Алімпіядзе ў Токіа, гэта першы паказнік таго, што спартоўцы знаходзяцца ў цяжкім маральным асяродку, як і ўсе беларусы. Спартоўцы, якія едуць цяпер на Алімпіяду, яны ж едуць не з Аўстраліі, а з Беларусі, выдатна разумеючы, у якой сітуацыі сёння знаходзіцца наша краіна.

Беларусь знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі, грамадства прыціснутае, вялізная колькасць палітычных зняволеных. Як бы вы там ні спрабавалі гэта прыхаваць, усё роўна такі настрой у кожнага беларуса. І кожны спартовец выдатна разумее, што ў ягонай краіне адбываецца нешта не тое. Што не едзе на Алімпіяду, напрыклад, дэлегацыя НАКа, бо яна не прызнаная, яна пад санкцыямі.

І вось усе гэтыя чыннікі накладваюць вельмі моцны адбітак. Таму спорт дэградуе, нават не проста асобна ў зімовых відах спорту, а ў цэлым. Мы можам паглядзець тыя ж гульнявыя віды спорту – футбол, гандбол. Вось цяпер быў выдатны прыклад на гандбольным чэмпіянаце Еўропы. Абсалютна відаць, што сістэма, пабудаваная ў Беларусі, не канкурэнтаздольная на спартовай арэне.

– А што вы скажаце пра беларускі хакей, які ўжо 12 гадоў «пралятае» міма гульняў?

– Ды ўсё тое самае. Першапачаткова наверсе пабудаваная няправільная сістэма кіравання дзяржавай. І вось гэтая няправільная сістэма кіравання дзяржавай распаўсюджваецца далей: яна спаўзае ўніз у няправільную сістэму працы федэрацыі, няправільныя кадры. Калі сцісла, адным сказам выказаць усю праблему беларускага спорту, то можна сказаць, што спортам кіруюць проста некампетэнтныя людзі. Вось і ўсё.

Гэта як некампетэнтнага спецыяліста пасадзіць за камп'ютар, станок і гэтак далей. Ён проста будзе рабіць брак, гэта адбываецца і ў спорце. Кіруюць спортам некампетэнтныя спецыялісты, некампетэнтныя мэнэджары, якія не ўмеюць кіраваць гэтымі працэсамі, людзі, якія проста не паводле профілю гэтым займаюцца. Таму вынікаў няма.

Сучасны спорт – гэта велізарная індустрыя з велізарнымі грашыма, дзе працуюць сапраўдныя прафесіяналы. У вялікім спорце людзі атрымліваюць вялікія грошы, бо яны адказваюць за вынік. Адпаведна яны і прызначаюцца на пасады трэнера, мэнэджара ў сваіх прафесійных якасцях. Гэта, увогуле, галоўны прынцып і падыход у рынкавай эканоміцы ці рынкавым спорце.

У беларускім спорце кадры прызначаюцца паводле прынцыпу лаяльнасці. Вось падабаецца Лукашэнку гэты, вось ён і будзе старшынём. Падабаецца гэты – ён будзе трэнерам. Гэта не дасць ніякага выніку ўвогуле. Мы бачым нават на прыкладзе гандболу апошняга, хакею, – гэта не дае ніякага выніку. Пакуль не будуць працаваць прафесіяналы, пакуль не будзе прыватнага інвестара ў спорце, які зацікаўлены ў выніку, зацікаўлены ў маркетынгу, які разумее гэтую ўвязку паміж вынікам і продажам, то нічога не будзе. Адпаведна, гэта проста ўбухванне грошай. Бюджэт даюць і ўсё. І задача функцыянера – гэты бюджэт асвоіць. Не зарабіць, а проста асвоіць, выдаткаваць, усё роўна, які будзе вынік. І ва ўсіх сферах спартовых адбываецца абсалютна тое самае, таму ніякага выніку не можа быць. Гэта заканамерна.

– Навошта ад Беларусі на Алімпіяду выправілі пяць расейцаў, якія нават не фаварыты ў сваіх відах спорту?

– Затыкаюць дзіркі. Вы павінны разумець, што ўнізе можа таксама дзейнічаць карупцыйная схема, калі дамаўляюцца пра нешта, калі спартовец можа сапраўды мець нейкія карупцыйныя ўзаемаадносіны з трэнерам, які ўключае яго ў склад зборнай і гэтак далей. Гэта значыць, логікі тут няма ніякай. Калі ёсць беларусы падобнага ўзроўню, і яны не ўключаюцца ў склад зборнай, то трэба разумець, што ёсць карупцыйны складнік. Пры гэтым усюды культывуецца тое, што ў Беларусі выпрацаваная сістэма і гэтак далей. Нічога няма! Гэта блеф.

Уся палітыка Лукашэнкі, у тым ліку і ў спорце, гэта адзіны вялікі блеф. Вялікая «пацёмкінская вёска», адна вялікая дэкарацыя. Гэта фасад, за якім нічога не стаіць. І Лукашэнка проста прадае гэты фасад, на якім нічога няма. Ёсць проста нейкая шыльда «беларускі спорт» або «Беларусь – спартыўная нацыя», «У Беларусі дзяржава клапоціцца аб развіцці спорту». Але гэта ўсё – шыльда, ніякага выніку мы ў спорце не бачым: ні ў хакеі, ні ў футболе, ні ў гандболе, ні ў чым. Яго не будзе.

– Чаго баяцца спартовыя функцыянеры, забараняючы атлетам на Алімпіядзе мець зносіны з замежнымі медыя?

– Гэта канстатацыя таго, што спартовец у Беларусі або спартовец, які едзе цяпер у нацыянальнай камандзе на Алімпіяду, едзе на правах раба. Вось мы табе там далі талерку супу і чагосьці яшчэ, значыць, ты не маеш ніякіх правоў, ніякай думкі, нічога, мы цябе абмежавалі ва ўсім. Баюся, што іх нават вынік не цікавіць, тых, хто адказвае цяпер за нашу каманду. Яны больш клапоцяцца, каб не было ніякага скандалу, гэта значыць, каб так вось з'ездзіць там ціхенька, неяк выступіць і ціхенька з'ехаць назад, каб не было ніякіх эксцэсаў, інтэрв'ю, нічога.

Пазбаўляючы спартоўца права мець зносіны з прэсай, ты пазбаўляеш яго адной з галоўных пераваг у сучасным спорце – медыйнасці. Яна для спартоўца вельмі важная. Гэта адзін з чыннікаў ягонага поспеху, прасоўвання, нейкай манетызацыі ягонай спартовай кар'еры. Ты яго пазбаўляеш гэтага права. Пазбаўляеш права размаўляць з выданнямі, у якіх вялізная аўдыторыя, з сусветнымі выданнямі. Ты яго абмяжоўваеш толькі БелТай, «Прэсболам», якім-небудзь «Спадарожнікам» і гэтак далей. Зразумела, што яны заангажаваныя і прарэжымныя. Іх нават беларускі народ не ўспрымае, не тое што міжнародныя крыніцы і міжнародная аўдыторыя.

Таму гэта ўсё – нейкая кастрацыя. Гэта страх, што нешта вылеціць. Таму што журналісты, натуральна, будуць задаваць пытанні пра тое, што адбываецца ў Беларусі, пра палітвязняў, пра Лукашэнку і гэтак далей. Яны [чыноўнікі] гэтага вельмі моцна баяцца.

– Атрымліваецца, што да кожнага спартоўца прыставяць КДБ-шніка, каб чагосьці лішняга не сказаў?

– Паводле чутак, там і выехалі чэкісты з камандай, якія, груба кажучы, там сочаць, хто чым займаецца. Натуральна, што да кожнага спартоўца не прыставіш, але гэта ўсё падвышае ўзровень страху ў спартоўца. Таму што кожны атлет разумее, што, увогуле, у рэжыму застаюцца ў закладніках ягоная сям'я, родныя і гэтак далей. Яны пра гэта думаюць і цудоўна ўсё разумеюць, яны ж не тупыя людзі нейкія.

Спартоўцы знаходзяцца на правах закладнікаў. Яны гуляюць ролі спартоўцаў, але прэтэндэнтаў на медалі тамака не так шмат.

– Вы раней згадалі санкцыі супраць НАК. Якія санкцыі ўжо дзейнічаюць і якіх можна чакаць у будучыні?

– Так, санкцыі былі ўведзеныя. Тамака было патрабаванне распусціць выканкам Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Усе найвышэйшыя службовыя асобы не бяруць удзел у мерапрыемствах Міжнароднага алімпійскага камітэта. Але цяпер ідзе палітыка максімальнага дыстанцыявання ад беларускага НАКа. Мы нават бачым, што на 30-годдзе НАКа ніхто не прыехаў. Гэта вельмi важны паказнік. Па-мойму, тамака нават расейцы не прыехалі.

– Наколькі б'е па самалюбстве дыктатара той факт, што ад яго настолькі пастанавілі дыстанцыявацца, што яму не знайшлося месца на бяседзе ў гонар адкрыцця Алімпіяды?

– Выдатна б'е. Выдатна б'е. Вось такія крокі і сігналы вельмі важныя. Зразумела, што ўсё – гульня скончаная. У сутнасці, мы цяпер павінны дачакацца, калі гэта ўсё скончыцца, калі глядзець з гледзішча пратэсту. Усе сігналы пададзеныя. Міжнародная супольнасць, нават на ўзроўні Кітая, не будзе пэцкацца ў гэтым. Таксічнасць зашкальвае.

Гэта добры сігнал і паказнік таго, што Лукашэнкі і старэйшы, і малодшы, нелегітымныя. Адзін нелегітымны як прэзідэнт, другі нелегітымны як прэзідэнт НАК. У іх няма ніякага прызнання. Адпаведна гэта проста самапрызначаныя людзі. Такое самае стаўленне з боку міжнароднай супольнасці, таму што палітыка патрабуе ўсё роўна нейкага пэўнага ўзроўню легітымнасці. Гэтага ўзроўню легітымнасці няма ў Лукашэнкі. І ўсе гэта цудоўна разумеюць.

– Беларусы не хочуць падтрымліваць спартоўцаў-ябацькаў. За каго трэба хварэць на гэтай Алімпіядзе?

– Увогуле хварэць можна за ўсіх. Сапраўдных «ябацькаў», увогуле, вельмі і вельмі мала. Усе астатнія проста прыстасаванцы. Гэта людзі, якія выяўляюць бачную лаяльнасць проста для таго, каб захаваць нейкі мінімальны ўзровень свайго прыбытку, існавання і гэтак далей. Яны проста падладжваюцца пад сітуацыю. Гэта трэба разумець. Таму хварэць можна за ўсіх, хварэць – гэта нармальная справа.

Натуральна, можна падтрымліваць фрыстайл. Гэта такі вельмі пратэставы від спорту, як высветлілася. Фрыстайлісты ўвогуле малайцы вялікія. Можна падтрымліваць біятлон, там ёсць Ганна Сола. У яе такая пранародная пазіцыя.

Мне здаецца, што абсалютная большасць сяброў спартовай дэлегацыі, якая едзе на Алімпіяду ў Пекін, нармальныя людзі. Яны выдатна ўсё разумеюць, што адбываецца, але не ўсе здольныя зрабіць нейкі адважны крок. Але гэта ўсё справа часу, да гэтага таксама прыйдзем. Я з аптымізмам гляджу на людзей.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках