17 красавiка 2024, Серада, 1:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раса Юкнявічэне: Лукашэнку і Пуціна чакае трыбунал

23
Раса Юкнявічэне: Лукашэнку і Пуціна чакае трыбунал
ФОТА: DELFI

Пачалася другая фаза распаду СССР.

Дэпутатка Еўрапарламента, экс-міністарка абароны Літвы Раса Юкнявічэне ў інтэрв'ю сайту Charter97.org выказала меркаванне, што Пуцін, пачаўшы вайну з Украінай, запусціў працэс распаду сваёй імперыі.

- Ці ёсць імавернасць ядзернага інцыдэнту ва Украіне, улічваючы тое, што ў руках у Расеі знаходзяцца дзве атамныя станцыі?

- Пасля таго, што пачаў 24 лютага Пуцін, думаю, усе нармальныя людзі разумеюць, што цяпер усё магчыма.

Цяпер з'явілася інфармацыя, што Вялікабрытанія, як заявіла міністарка замежных спраў, устурбаваная тым, што можа быць выкарыстана і хімічная зброя. Мы гэта ўжо бачылі ў Сірыі.

Сітуацыя складаная. Але яна складаная і тым, што Пуцін саступае ва Украіне: ён спадзяваўся ўзяць яе за 2-3 дні - гэтага не здарылася. Цяпер гэты чалавек (цяжка назваць Пуціна чалавекам) сам сябе загнаў у кут. Таму ён хоча помсціць і зрабіць дрэнна ўсім.

- Наколькі вялікая пагроза нападу на краіны Балтыі?

- Я ўдакладню: мы з'яўляемся чальцамі NАТО. Што значыць напасці на балтыйскія дзяржавы? Гэта значыць напасці на NАТО - гэта тое ж самае, што напасці на Злучаныя Штаты.

Не магу сказаць, што гэта на 100% немагчыма, але тое, што ваенная сіла ў Пуціна аслабленая пасля двух тыдняў вядзення такой інтэнсіўнай вайны, гэта дакладна.

Мы ведаем, што ўзброеныя сілы, якія першапачаткова былі ля межаў Украны, ужо скарыстаныя. І ён зараз імкнецца мабілізаваць астатнія часткі: з Пскова, з Калінінграда. Мы ведаем, што Пуціну патрэбная дапамога і беларускіх узброеных сілаў, але гэта ўсё не бясконца. Цяпер сітуацыя такая, што ў Пуціна вялікія праблемы.

Наконт зброі масавага знішчэння - то, вядома, у яго яна ёсць. І мы ведаем, што ў сцэнары вучэнняў «Захад» яны выкарыстоўвалі і такую зброю.

Цяпер небяспечная сітуацыя. Я ўпэўнена, што Пуцін ужо саступіў, бо ўвесь свет супраць яго. Але калі гэта здарыцца, колькі яшчэ трэба будзе ахвяр і што ён можа зрабіць, вось гэта для мяне пытанне, як і для вас.

- Украінцы цяпер плацяць вельмі страшную плату за тое каб адбіць атаку Пуціна на свабодны свет. Што павінны зрабіць краіны Захаду, каб спыніць агрэсара?

- Я была здзіўленая тым, як усе краіны Захаду мабілізаваліся, якія моцныя санкцыі былі накладзеныя на РФ. Мы ўжо бачым, што гэта дзейнічае.

Але самае галоўнае зараз для нас, для Еўрапейскага Звязу (таму што ЕЗ не з'яўляецца вайсковым альянсам) - поўнае эмбарга на куплю нафты і газу, таму што кожны дзень еўрапейскія дзяржавы плацяць блізу 600 мільёнаў еўраў Пуціну - гэта 200 найноўшых расейскіх танкаў. Гэта трэба спыніць, спыніць грошы на ягоную вайсковую машыну. І я думаю, што неўзабаве гэта будзе зроблена.

Як я ведаю, не так шмат пра гэта гаворыцца ў СМІ, але ўкраінцы атрымліваюць і вайсковую дапамогу, што ім больш за ўсё трэба: і супрацьтанкавая зброя, і сродкі супрацьпаветранай абароны. Ідуць і «Стынгеры», і «Джавеліны», і амуніцыя, і ўся дапамога настолькі, наколькі магчыма зараз, таксама яна павялічваецца з кожным днём.

- Ці ёсць які-небудзь прымальны для NАТО варыянт увядзення беспалётнай зоны ва Украіне?

- Экспэрты па-рознаму гэта ацэньваюць. Мусіць, можна зрабіць так, каб былі некаторыя зоны, у якіх будзе наладжаная абарона. Але ў гэтым ёсць вельмі шмат тэхнічных і вайсковых аспектаў, якія могуць каментаваць вайскоўцы. Учора выйшла заява былых генералаў Злучаных Штатаў і балтыйскіх дзяржаў аб тым, якую зброю трэба мець, каб зрабіць такія беспалётныя зоны.

Тэхнічна гэта не так лёгка, бо ёсць сістэмы распазнання «свой-чужы», так што трэба такая зброя, якая б адпавядала той сітуацыі, якая зараз ва Украіне. І, мусіць, постсавецкае ўзбраенне, было б больш дзейсным. Ім патрэбна супрацьпаветраная абарона, супрацьракетная абарона. «Стынгеры» - гэта добра, але трэба больш.

Вядома, я за тое, каб як мага хутчэй знайшлі развязанне наконт паветранай прасторы, але, напэўна, не ўсё так імгненна разглядаецца, як нам хацелася б.

- Ці разумеюць на Захадзе адрозненне паміж рэжымам Лукашэнкі і беларусамі, якія падтрымліваюць украінскі народ?

- Ёсць людзі, якія змагаліся за свабодныя выбары - вядома, яны закладнікі рэжыму. Ёсць атачэнне Лукашэнкі, яно будзе на трыбунале. І Пуцін будзе на такім трыбунале – пасмяротна ці жывым, але будзе.

Частка людзей у Расеі таксама з'яўляецца закладнікамі: тыя, якія змагаліся, тыя, якія выходзілі на мітынгі, абараняючы Навальнага, тыя, якія хочуць свабоды. Можа, іх не большасць, але такіх людзей шмат.

Ёсць людзі, якія з'яўляюцца закладнікамі гэтых псіхалагічных аперацый, якія праводзяцца па тэлевізары. Яны атручаныя гэтай хлуснёй.

Але ёсць і тыя, якія працуюць разам з Пуціным і якіх некалі будуць судзіць.

Нас чакае доўгая дарога. Цяпер, Украіна змагаецца за ўсіх нас: і за беларусаў, і за расейцаў, і за ўсіх нас, за іншую Еўропу, за зусім іншы кантынент.

Я б сказала, што гэта - другая фаза распаду СССР, гэтай усёй імперыі.

Гэтая імперыя абрынецца — і вось тады нас да прыйдзе вялікая праца дэпуцінізацыі, справе дэлукашызацыі гэтых дзвюх дзяржаў. Беларусь - гэта цэнтр Еўропы.

Самае галоўнае зараз тое, каб увесь вольны свет заставаўся такім адзіным і зразумеў (цяпер ужо трэба зразумець), што трэба будзе змагацца да апошняга акупанта ва Украіне, у тым ліку ў Крыме і на Данбасе.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках