16 красавiка 2024, aўторак, 18:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анна Фатыга: Для беларусаў можа з'явіцца шанц

15
Анна Фатыга: Для беларусаў можа з'явіцца шанц

У Беларусі дагэтуль жыве дух паўстання 1863 года.

Ці пераможа Украіна? Ці дастаткова Захад дапамагае Кіеву ў барацьбе з Крамлём? Ці захаваецца Расея ў ранейшых межах? Якія перспектывы ёсць у беларускага народа?

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту Charter97.org распавяла дэпутатка Еўрапейскага парламента, былая міністарка замежных спраў Польшчы Анна Фатыга:

- Не ведаю, колькі часу гэта зойме, але я перакананая, што Украіна пераможа. Несумненна, патрабуецца значна большая мабілізацыя з боку Захаду ў падтрымцы Украіны. Па-мойму, мы маем справу са злачынствамі супраць чалавечнасці, вайсковымі злачынствамі, якія чыняцца рэгулярнымі расейскімі войскамі і, акрамя таго, групамі ПВК «Вагнера» і кадыраўцамі.

Спосабы вядзення гэтай вайны, напад на цывільныя аб'екты, спробы атачыць і ізаляваць вялікія гарады, артылерыйскі абстрэл і бамбардзіроўкі цывільных аб'ектаў, з'яўляюцца вядомай нам паводле папярэдніх войнаў расейскай тактыкай тэрарызавання мірнага насельніцтва і запалохвання насельніцтва краіны, якая зазнала напад. У гэтым няма нічога новага - мы памятаем трагедыі Грознага і Алепа. Напраўду, тактыка, якая выкарыстоўваецца Расеяй ва Украіне, шмат у якіх аспектах нагадвае Чачэнію і Сірыю.

Аднак, незалежна ад тактыкі, якую выкарыстоўвае, Расейская Федэрацыя не дасягнула пастаўленых вайсковых мэтаў, тое, чаго свет баяўся ў самым пачатку вайны, а ўкраінцы гераічна абараняюцца. Падкрэслю, украінцы не дазволілі Расеі дасягнуць пастаўленых вайсковых мэт: расейцы не ўзялі Кіеў, няма і хуткага атачэння горада, кіраўніцтва краіны не захопленае. Прэзідэнт Зяленскі працягвае заставацца на сувязі з сусветнымі лідарамі і грамадскай думкай.

У Кіеў едуць лідары іншых краін, у тым ліку польскі прэм'ер (інтэрв'ю запісвалася да візіту прэм'ераў Славеніі, Чэхіі і Польшчы ў Кіеве - заўв.). Гэты наступ Расеі не ўвянчаўся поспехам. Капітуляваць будзе не Украіна. Таму неабходна дакладна заявіць: трэба зусім іншае стаўленне да Расеі, чым было дагэтуль, — і гэта важна.

Уважаю, што ў сувязі з гэтым мы павінны разумець тое, што шмат гадоў у заходнія СМІ прасочвалася расейская прапаганда, мела месца дэзінфармацыя грамадскай думкі і палітычная карупцыя — усё тое, што мы з агідай назіралі многія гады. Агрэсія Расейскай Федэрацыі супраць Украіны - гэта, аднак, цэбар халоднай вады.

- Ці прымае дэмакратычны Захад усе магчымыя захады для таго, каб спыніць прасоўванне крамлёўскага імперыялізму?

- На мой погляд, свабодны свет, які павінен падтрымліваць Украіну ўсімі магчымымі сродкамі, мабілізаваны недастаткова. Прыкладам таго з'яўляюцца санкцыі. Для таго, каб яны прынеслі вынікі, яны павінны быць больш жорсткімі, як гавораць палітыкі ў маёй краіне, як казаў Яраслаў Качыньскі, як казаў прэм'ер-міністр і прэзідэнт. Санкцыі павінны прывесці да спынення фінансавання расейскай вайсковай машыны.

Акрамя санкцый, свабодны свет павінен таксама дасылаць выразныя палітычныя сігналы. Такім сігналам было б выдаванне Украіне статусу кандыдата на ўступленне ў ЕЗ паводле палітычнай прыкметы са спрашчэннем існых, якія прымяняюцца ў звычайнай сітуацыі, працэдур. Думаю, што гэта было б важным сігналам для ўкраінцаў.

Варта, аднак, падкрэсліць, што хоць мабілізацыя Захаду і ідзе недастаткова хутка і недастаткова масава, падтрымка Украіны каласальная, нават выклікае здзіўленне, а мабілізацыя грамадства заўважная. Асабіста я ганаруся тым, што адбываецца ў Польшчы і падтрымкай, якую атрымліваюць ад нас уцекачы. Як і любая польская сям'я, я маю справу з сем'ямі, якія былі вымушаны пакінуць Украіну. Гэта вялізны ўсплёск салідарнасці.

Хацелася б, аднак, падкрэсліць, што ў Еўрапейскім парламенце я стараюся таксама цікавіцца і займацца беларускімі справамі, каб гэтае пытанне не сыходзіла з парадку дня, каб Лукашэнка не схаваўся ў цяні Пуціна. Разам з калегамі з нашага рэгіёна мы сочым за тым, каб у нашых рэзалюцыях рэжым Лукашэнкі не быў забыты, і, спадзяюся, гэта прынясе належныя вынікі.

- Ці дастаткова Украіна атрымлівае вайсковай дапамогі ад Захаду? Ці ёсць шанцы на ўвядзенне беспалётнай зоны?

- Сапраўды, Украіна атрымала ад Захаду сучаснае ўзбраенне, у тым ліку - супрацьпаветранае, але, на жаль, яно не ў стане прадухіліць ўдары з паветра па цывільных аб'ектах. Адсюль і заклікі ўкраінцаў да ўвядзення беспалётнай зоны. У NATO няма адзінства ў гэтым пытанні. Тым не менш, я думаю, што цяпер гэта мяняецца, таму што павысілася ўсведамленне. Свабодны свет мае юрыдычны абавязак дзейнічаць, бо ва Украіне чыняцца ваенныя злачынствы і, хутчэй за ўсё, злачынствы супраць чалавечнасці. Гэта не пытанне выключна артыкула 5 (статута NATO аб тым, што напад на аднаго з чальцоў альянсу будзе разглядацца як напад на ўсіх чальцоў NATO — заўв.). Міжнароднае права абавязвае нас супрацьдзейнічаць маштабным вайсковым злачынствам супраць мірнага насельніцтва.

- Расейскія прапагандысты кажуць, што Украіна - гэта толькі «адзін з этапаў забеспячэння стратэгічнай бяспекі Расеі». Сувалкскі калідор у небяспецы?

- Мы даўно ведаем, што ён знаходзіцца пад пагрозай, і імкнёмся гэтаму супрацьдзейнічаць. NATO актывізавала планы абароны, у наваколлях Сувалак праходзяць вучэнні. Апетыт у Расеі, аднак, неабмежаваны, і наша ўвага і дзеянні павінны быць значна шырэйшымі. Вы, мусіць, ведаеце пра выступ Патрыярха Кірыла, дзе ён казаў аб Малдове, Грузіі, Казахстане. І мы спрабуем умацаваць гэтыя краіны, супрацьдзейнічаючы расейскаму імперыялізму там, дзе гэта неабходна.

Думаю, аднак, што вайна ва Украіне развеяла міф аб непераможным расейскім войску, што здольнае імкліва захапіць паўсвету, тэрарызуючы ўсіх. Больш за тое, нават калі Украіна будзе кароткачасова акупаваная Расейскай Фэдэрацыяй (чаго, спадзяюся, ніколі не адбудзецца), то абсалютна відавочна, што акупанты будуць не ў стане ўтрымаць здабычу. Украінцы паказалі, што воля да барацьбы і патрыятызм - залог перамогі. Украіна натхняе многіх.

- Ці магчыма дэмакратычная Расея ў сённяшніх межах? Ці на яе месцы ўзнікне шмат дзяржаў?

- Не хачу сказаць, што гэта немагчыма, таму што не хачу бянтэжыць якое-небудзь грамадства. У нас ёсць досвед сувязяў з расейскай апазіцыяй, а таксама гістарычны досвед з часоў Міцкевіча. У прынцыпе, кожнае пакаленне палякаў адчула на сабе царскую, савецкую, потым зноў расейскую экспансіўную палітыку. Таму, я скептычна стаўлюся да тэзісаў аб тым, што ў Расеі дастаткова проста паступова дэмакратызаваць грамадства. На мой погляд, без адмовы грамадства і лідараў апазіцыі ад экспансіўнай, агрэсіўнай палітыкі Расеі ў дачыненні да суседзяў, з гэтай дэмакратызацыі нічога не атрымаецца, а пагрозы застануцца. Несумненна, пасля гэтай вайны Расея будзе аслабленая, а не ўзмоцненая. Я думаю, што далейшая экспансія пад вялікім пытаннем. У пацвярджэнне таго, Расея ўжо просіць дапамогі ў Кітая, хаця Кітай не так ужо і схільны ўзмацняць Расею.

Хацелася б, аднак, вярнуцца да таго, пра што я казала раней, неабходна змяніць нашае стаўленне да Расеі. На Захадзе заўсёды былі такія тэндэнцыі, што, калі Расея слабела, тут жа разглядалася пытанне аб тым, хто і як можа яе ўзмацніць. На гэты раз усё павінна быць інакш. Мы не можам наіўна ці кан'юнктурна думаць, што ініцыятарам і віноўнікам вайны з'яўляецца толькі і выключна Пуцін, што дастаткова яго змяніць, і ўсё стане добра, і вернецца «business as usual». Гэтая агрэсія, гэтая вайна павінна мець вельмі сур'ёзныя наступствы, якія не могуць абмяжоўвацца толькі найвышэйшымі коламі ўлады.

- Цяпер ідзе страшная вайна. Польшча, краіны Балтыі і Украіна на баку Захаду. Расея гэта Расея. Дзе знаходзіцца Беларусь у гэтай барацьбе?

- Лукашэнка сваімі сувязямі з Пуціным стварыў для беларусаў пагрозу нежаданай братазабойчай вайны з Украінай. Аднак далейшы ход падзей залежыць ад беларускага грамадства. На мой погляд, яно ўжо зрабіла вялікі крок пратэстам супраць злачыннага рэжыму Лукашэнкі, супраць рэжыму, які навязваецца беларусам на працягу многіх гадоў. У Беларусі, нягледзячы на гады прыгнёту, разбурэння культуры і навязвання маскоўскага бачання гісторыі, дагэтуль жыве дух Рэчы Паспалітай, паўстання 1863 года, калі раўнапраўныя народы палякаў, літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў рука аб руку змагаліся за свабоду. У нас ёсць агульныя героі: Касцюшка, Каліноўскі, Міцкевіч, Славацкі і Сыракомля - прыхільнікі сумеснай барацьбы і прарокі свабоды.

У нашай частцы свету здаралася так, што драматычныя падзеі адначасова былі шанцам для грамадства. Я магу толькі схіліць галаву перад Украінай, якая ваюе, я захапляюся настроем украінскага грамадства. Думаю, аднак, што гэты час можа стаць своеасаблівым шанцам для беларусаў, асабліва на геапалітычнай арэне і ў кантэксце аслабленай Расейскай Федэрацыі. Для мяне беларусы — неад'емная частка Захаду, яны цалкам заслугоўваюць незалежнай, суверэннай, дэмакратычнай дзяржавы, у якой будуць квітнець беларуская культура і прадпрымальніцтва.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках