18 красавiка 2024, Чацвер, 7:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна - беларускім вайскоўцам: У вас ёсць два варыянты

24
Наталля Радзіна - беларускім вайскоўцам: У вас ёсць два варыянты
НАТАЛЬЯ РАДЗІНА

Навошта гінуць за чужыя інтарэсы?

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна заклікала беларускіх вайскоўцаў не выконваць злачынныя загады. Пра гэта журналістка піша ў «Фэйсбуку»:

- Я вырасла ў сям'і вайскоўца. Ведаю, што такое прысяга, абавязак і загад. На шчасце, мой бацька за час доўгай службы ў савецкім, потым беларускім войску ні разу не ўдзельнічаў у злачынных войнах.

Нават у 1981 годзе ў Польшчы, калі пачалося здушэнне прафзвязу «Салідарнасць», часткі савецкага войска, якія стаялі ў Легніцы і дзе служыў мой бацька, часова вывелі з казармаў, але затым вярнулі, так і не выкарыстаўшы супраць народа.

Таму ў нашай сям'і заўжды было шмат сяброў сярод палякаў. Было разуменне, што і беларускі, і польскі народы вымушаныя знаходзіцца ў адным савецкім бараку, але некалі абавязкова вырвуцца на волю і будуць жыць у сваіх суверэнных дзяржавах.

У 1986 годзе бацька быў ва Украіне ўжо з зусім іншай місіяй - тушыў з гелікаптэра рэактар Чарнобыльскай АЭС. Цудам застаўся жывы, многія ягоныя калегі загінулі праз радыеактыўнае апраменьванне. Я ганаруся сваім бацькам, яго вытрымкай і мужнасцю.

І сёння я перакананая, што большая частка беларускіх вайскоўцаў не хоча ісці з вайной ва Украіну. Найперш, таму што паміж нашымі народамі заўсёды была моцная братняя сувязь. У вялікай колькасці беларусаў ёсць украінскія карані і сваякі ва ўкраінскіх гарадах і вёсках.

Многім незразумелы сэнс гэтай вайны. Усё ж за гады незалежнасці ў свядомасці большасці беларусаў укаранілася думка, што мы - не Расея. Навошта ж гінуць за чужыя інтарэсы?

Так, складана не выканаць загад, які аддае вайсковае кіраўніцтва, калі цябе ўсё жыццё муштравалі быць выканаўчай шрубкай сістэмы. Але зараз для беларускіх вайскоўцаў надыходзіць час, мусіць, самага галоўнага выбару ў жыцці. Хто яны? Бяздумная машына смерці ці ўсё ж людзі?

Калі першае, то пры перасячэнні мяжы з Украінай яны становяцца ваеннымі злачынцамі і будуць альбо забітыя ўкраінскім войскам, альбо рана ці позна сядуць на лаву падсудных.

Калі ўсё ж яны людзі, то сёння, на мой погляд, павінны зрабіць усё магчымае, каб пазбегнуць адпраўкі ва Украіну, ці, калі з нейкіх прычын не ўдалося, неадкладна здацца ў палон.

Усё! Іншых варыянтаў няма. Ці ты чалавек, ці труп у першасным і пераносным сэнсе. Для ўсіх: сваёй сям'і, сваіх сяброў, для сваёй краіны.

У мяне засталіся сваякі ў беларускім войску. Калі яны ўвойдуць ва Украіну - яны памруць для мяне назаўжды.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках