19 красавiка 2024, Пятніца, 22:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Карын Карлсбро: Беларусы павінны рыхтавацца да змен

6
Карын Карлсбро: Беларусы павінны рыхтавацца да змен
КАРЫН КАРЛСБРО

Беларусь з радасцю прымуць у еўрапейскую сям'ю народаў.

Ці ёсць пагроза нападу пуцінскіх войскаў на ЕЗ? Ці мог Захад спыніць Крэмль да яго ўварвання ва Украіну. Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з дэпутаткай Еўрапейскага парламента ад Швэцыі Карын Карлсбро.

- Ці сур'ёзна ў Швэцыі ставяцца да заяў расейскай прапаганды аб тым, што трэба акупаваць выспу Готланд?

- Думаю, мы павінны сур'ёзна паставіцца да ўсіх такіх пагроз з боку Расеі, не толькі да гэтай. Калі мы азірнёмся назад, то ў больш працяглай перспектыве мы ўбачым доўгую гісторыю расейскіх пагроз і, калі можна іх так назваць, умяшанняў у тое, які выбар павінна рабіць Швэцыя, калі гаворка ідзе пра замежную палітыку і бяспеку, абаронную палітыку і структуру.

Думаю, мы павінны нагадаць самім сабе аб тым (гэта было не 200 гадоў таму, а калі я была дзіцем), як расейская падлодка з'явілася на поўдзень ад Швэцыі. І гэта было не проста супадзенне. Яны вялі ваенную дзейнасць каля нашых краін, даследавалі нашу берагавую лінію. Безумоўна, Швэцыя ўяўляе стратэгічную цікавасць для Расеі. І менавіта таму Расея заўсёды спрабавала падштурхнуць нас да лініі паводзін, якая выгадная ім.

Такім чынам, мы прызвычаіліся да розных пагроз з боку Расеі, але тое, што мы бачылі ў апошнія месяцы, гэта больш канкрэтныя пагрозы. У лютым расейцы накіравалі ліст нашаму ўраду з патрабаваннямі бяспекі. У пачатку сакавіка адбыўся інцыдэнт з чатырма расейскімі самалётамі, якія перасеклі швэдскую мяжу недалёка ад Готланда. Вядома, гэта была рэакцыя на падтрымку Швэцыяй Украіны, на нашыя крокі, накіраваныя на паляпшэнне нашага супрацоўніцтва з NATО.

Расея дзейнічае так ужо шмат гадоў, але гэта больш канкрэтна і больш дакладна, гэта таксама падтрымліваецца Крамлём. Прэс-сакратарка МЗС РФ Марыя Захарава выказалася вельмі зразумела: мы павінны разумець, што збліжэнне Швэцыі і NATО будзе мець наступствы.

Тое, што яны гавораць і робяць, мае, вядома, уплыў. Для маёй партыі (Карын Карлсбро - чалец швэдскай партыі "Лібералы" - заўв.) было вельмі важна арганізаваць вайсковую абарону Готланда. На працягу некалькіх гадоў на гэтай выспе не было вайсковай абароны, але зараз там зноў ёсць узброеныя сілы, а таксама абсталяванне для абароны паветранай прасторы Готланда.

- Ці будзе Швэцыя ў большай бяспецы, калі яна ўступіць у NATO?

- Так, з 1995 года я выступала за сяброўства Швэцыі ў NATO. Калі я была прэзідэнтам "Маладых лібералаў Швэцыі", мы падштурхоўвалі нашу асноўную партыю да таго ж кірунку. "Лібералы" сталі першай палітычнай партыяй у краіне, якая заняла пазіцыю на карысць сяброўства Швэцыі ў NATO ў 1999 годзе. Гэта быў адказ на тое, што рабілася ў Расеі з прыходам да ўлады Пуціна. Мы прааналізавалі, і гэта было важна, што сітуацыя рухаецца ў няправільным напрамку. Можна было заўважыць маленькія сігналы. У нас было акно магчымасцяў, бо не было падобных пагроз. Чаму было б не скарыстацца выпадкам і ў мірны час не зрабіць гэта? Дык вось, гэта мая прынцыповая пазіцыя ў гэтым пытанні. І вось, упершыню, паводле апошняга апытання грамадскай думкі, 51% насельніцтва Швэцыі хоча ўступіць у NATO.

- Як вы думаеце, Захад прапусціў магчымасць адрэагаваць на дзеянні Расеі яшчэ тады, калі ішла вайна ў Чачэніі?

- Так, я так думаю.

- Што трэба было рабіць, калі пуцінская Расея ўпершыню выкарыстала агрэсію?

- Мы дакладна ведаем, што рабіў Пуцін у Чачэніі, ва Украіне [у 2014 годзе], у Сірыі. І мы таксама ведаем, што Пуцін рабіў у Расеі супраць расейцаў. Але ў той жа час Нямеччына надумала закрыць свае атамныя электрастанцыі і больш, чым калі-небудзь, спадзявацца на расейскі газ. І «Паўночны струмень-2» будаваўся ў гэты ж час.

Нельга сказаць, што мы нічога не бачылі. Але некаторыя краіны ЕЗ заплюшчылі вочы на тое, што адбываецца. Гэта было, канешне, вельмі наіўна.

- Чаго спрабуе дамагчыся Пуцін, раўняючы з зямлёй ўкраінскія гарады?

- Гэта вар'яцтва, тое, што мы бачым. Логікі няма. Гэта як тэрарыст-смяротнік. Гэта нелагічна, бо калі ты за нешта змагаешся, ты змагаешся за раку ці за прыродны рэсурс. Ты змагаешся за нешта. Ва Украіне, брацкай краіне з расейскамоўным насельніцтвам, гэта было вар'яцтвам з самага пачатку.

На маю думку, становіцца ўсё больш відавочна, што ён хоча, як кажуць мае ўкраінскія сябры, сцерці Украіну з карты, цалкам яе знішчыць, каб яе не было. "Калі я не магу гэта атрымаць, то я гэта знішчу", - гэта, у нейкім сэнсе, вельмі інфантыльна.

Ці будзе ён здавольвацца ўсходняй часткай Украіны? Ці спыніцца ён дзе-небудзь? Я так не думаю. Вось чаму Пуцін такі небяспечны. З іншага боку, думаю, што гэта надае яму апетыт, каб "есці" яшчэ больш. І калі справы не ідуць так, як хоча Пуцін (напраўду, у яго зараз сапраўды праблемы), ён зруйнуе краіну.

- Пуцін не даваў ніякіх гарантый, што ён не выкарыстае ядзерную зброю…

— …ці хімічную, ці біялагічную зброю. Вось чаму я думаю, што Пуціна трэба спыніць цяпер.

- Ці варта прыняць Украіну ў ЕЗ?

- Так, вядома.

- Як гэта магчыма ў практычным плане?

— Мы папрасілі Еўракамісію распрацаваць спецыяльны план для найхутчэйшага складання дарожнай карты для сяброўства ў ЕЗ. Вядома, усе чальцы ЕЗ выконваюць стандарты ў тым, што тычыцца вяршэнства закону, магчымасці выкарыстоўваць заканадаўства ЕЗ і г.д.

Але мы знаходзімся ў зусім новай сітуацыі. Ёсць краіна, якая фактычна змагаецца за сваё існаванне, а гэта таксама змаганне за еўрапейскія каштоўнасці, Еўрапейскі Звяз. Так што палітычны пасыл аб тым, што "мы вас прымаем", я думаю, адзіны мэсэдж, які можна даць. Сказаць ім "не" - гэта таксама мэсэдж. І гэта было б татальнай здрадай украінцам, таму што іх барацьба - гэта і наша барацьба.

Як швэдка я прымаю вельмі блізка да сэрца гэтую сітуацыю, бо яны не з'яўляюцца чальцамі NATO, як і Швэцыя не з'яўляецца чальцом NATO. Швэцыя і Украіна маюць аднолькавы ўзровень супрацоўніцтва з NATO. Гэта значыць, што вы праводзіце разам з NATO вучэнні, вы абменьваецеся інфармацыяй, вы робіце шмат чаго, але вы не абароненыя. Таму яны ваююць за нас.

Прыняць іх, калі яны захочуць у ЕЗ, мець для гэтага агульную дарожную карту - пытанне не таго, каб прасіць украінцаў выконваць свае будучыя абавязанні з нагоды вяршэнства права. Я зусім упэўнена, што яны гэта зробяць. І сёння няправільна рабіць на гэтым акцэнт.

- У Беларусі многія мяркуюць, што калі б Захад у 2020 годзе жорстка рэагаваў на падзеі ў Беларусі, то гэта быў бы моцны сігнал для Лукашэнкі і Крамля, а вайны можна было пазбегнуць.

- Немагчыма сказаць напэўна. Не ўпэўненая, што гэта так проста, бо я думаю, што Пуціна павінны былі спыніць нашмат раней за 2020 год. Думаю, ён бы счакаў прыдатнага моманту. Але агульная выснова такая, што мы павінны былі значна раней дзейнічаць больш жорстка, згуртавана, мацней у ЕЗ, у ААН, ва ўсіх міжнародных арганізацыях.

Праблема ў тым, што Захад, у тым ліку і мой урад, давяралі Крамлю, а ім давяраць нельга, бо бачна: яны нешта робяць і нешта гавораць, а потым робяць па-іншаму. Але праблема ў тым, што мы давяралі Расеі. Але, вядома, больш жорсткія санкцыі ў дачыненні да Беларусі ўскладнілі б задачу. Але справа не толькі ў санкцыях. Я думаю, што мы мусім вярнуцца да нашых бізнэс стасункаў з Расеяй, калі гаворка ідзе пра газ. Пуцін ведае свае пазіцыі, калі ён можа адключыць нам газ і паставіць нас у даволі складаную сітуацыю.

- Што б вы сказалі народу Беларусі, які выступае супраць вайны і рэжыму Лукашэнкі?

- Па-першае, мы бачым, ведаем, сочым за тым, што адбываецца. Я думаю, што ўся інфармацыя, якая выходзіць вонкі, важная, каб дапамагчы нам дзейнічаць і прасіць санкцый, прасіць вялікіх мер, заснаваных на праўдзе, таму што тое, што робіцца ў Расеі і Беларусі — гэта зло, гэта пекла.

Гэта можа быць невідавочным, але распаўсюджваць інфармацыю на ўвесь свет вельмі важна. І я думаю, што “Вясна”, напрыклад, смелыя людзі ў “Твітэры”, сацсетках, якія распаўсюджваюць інфармацыю, яны сапраўды робяць выдатную працу.

Таксама людзі павінны ведаць, што Святлана Ціханоўская робіць выдатную працу, расказваючы свету, людзям па-за Еўрапарламентам і палітычнымі будынкамі. Яна выступае перад сапраўды вялікай колькасцю гледачоў і прадстаўляе іншую Беларусь, а не Беларусь Лукашэнкі. У будучыні, я спадзяюся, прынамсі, беларускі народ будзе вызначаць свой лёс і будучыню. Іх з радасцю запросяць і прымуць у еўрапейскую сям'ю, калі яны захочуць.

У доўгатэрміновай перспектыве, гэта не з'яўляецца ўстойлівай сістэмай — мець кіраўніка кшталту Лукашэнкі, які дзесяцігоддзямі крадзе ўладу ў народа. Ёсць пакаленне, якое не бачыла іншага кіраўніка, акрамя яго, бо ён скраў уладу ў гэтага пакалення. Надыдзе дзень, калі гэта скончыцца. Беларусы павінны рыхтавацца да змен, бо гэта не будзе доўжыцца вечна.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках