19 красавiка 2024, Пятніца, 7:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Лукашэнка труціць беларусаў

20
Як Лукашэнка труціць беларусаў

Страйк абавязаны закрануць кожнае небяспечнае для нас прадпрыемства.

Скандал вакол акумулятарнага завода разгарэўся больш як чатыры гады таму, калі ўлады пастанавілі пабудаваць у межах горада шкодную вытворчасць. Берасцейцы выступілі супраць: кожныя выходныя з канца лютага 2018 года мясцовыя жыхары праводзілі акцыі пратэсту, спрабуючы звярнуць увагу ўладаў на праблему. Улетку 2019 года Берасцейскі аблвыканкам апублікаваў на сваім сайце распараджэнне губернатара Анатоля Ліса пра прыпыненне будаўніцтва акумулятарнага завода да ўхілення выяўленых парушэнняў.

Акумулятарны завод быў узведзены на прамысловай пляцоўцы "Аэрапорт" у свабоднай эканамічнай зоне "Брэст". Спецыялізацыяй завода з'яўляецца поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Завод пад Берасцем будавала кампанія ТАА "АйПаўар", асноўным падраднікам якой была "Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя" з Кітая.

22 траўня 2020 года акумулятарны завод быў выведзены з-пад кантролю групы кампаній 1AK-GROUP бізнэсмэна Віктара Лемяшэўскага. Пад ціскам пратэсту грамадзянаў у чэрвені 2020 года будаўніцтва і запуск завода былі адкладзеныя.

Перад выбарамі 2020 года на праблему звярнуў увагу і Лукашэнка, які ў чэрвені завітаў у Берасце і пакляўся не будаваць завод, калі жыхары супраць, нават паабяцаўшы правесці рэферэндум у гэтым пытанні. Зрэшты, ужо тады гаварылася, што рэферэндум пройдзе пасля выбараў.

У ліпені 2020 года ўсё кіраўніцтва, уключаючы Лемяшэўскага, было затрыманае, а прадпрыемства ТАА "АйПаўар" было прададзенае ТАА "Акумулятарны Альянс" (завод пасля продажу атрымаў такую самую назву).

Характэрна, што валодаюць кампаніяй набліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі людзі: Сяргей Кагановіч (85% дзелі кампаніі), які неаднаразова ўдзельнічаў у хакейных турнірах Лукашэнкі, і забойца менскага актывіста Рамана Бандарэнкі Зміцер Баскаў (15%), гендырэктар хакейнага клуба «Дынама» – трэнер лукашысцкай каманды на сумяшчальніцтва. Пра Баскава ў агульным доступе знаходзіцца дастаткова шмат інфармацыі: як асабістай, так і пра ягоныя спадарожныя бізнэсы і дзелі ў кампаніях. У той час як Кагановіч з'яўляецца ценевай кішэняй дыктатара.

Сяргей Кагановіч нарадзіўся ў 1974 годзе. Прынамсі да нядаўняга часу ягоны асноўным месцам працы значылася ТАА «Семь Холмов Бел» – кампанія продажу вілачных пагрузчыкаў і іншай складской тэхнікі, дзе ён займаў пасаду намесніка дырэктара. Філіялы гэтай кампаніі адчыненыя ва ўсіх абласных цэнтрах краіны.

У 2017 годзе Сяргей Кагановіч раптоўна для ўсіх стаў чальцом рады дырэктараў беларуска-швэйцарскага БСБ Банка. Гэты банк з 2009 года з асаблівай прыхільнасцю фінансуе спартовыя каманды розных відаў спорту, уключаючы і каманду Лукашэнкі.

Праз паўтара года ягоным калегам у радзе дырэктараў БСБ Банка стаў Баскаў. З улікам таго, што пасля абодва сталі суўладальнікамі акумулятарнага завода, а папярэдняе кіраўніцтва было затрыманае, гэта не выглядае супадзеннем.

Рэферэндум у пытанні запуску акумулятарнага завода так і не адбыўся. Чарговыя абяцанні хлуслівага дыктатара засталіся пустымі словамі. І пасля поўнай паразы на прэзідэнцкіх выбарах Лукашэнка гэтае пытанне больш не каментаваў. У выніку Берасцейскі аблвыканкам скасаваў уласнае распараджэнне пра прыпыненне запуску завода і атрымаў усе неабходныя дакументы для пачатку вытворчасці на небяспечным прадпрыемстве.

Актывісты мяркуюць, што знаходжанне акумулятарнага завода на цяперашняй тэрыторыі можа прывесці да экалагічнай катастрофы. На стадыі будаўніцтва планавалася, што завод будзе вырабляць не больш за 1 мільён тонаў батарэй на год, цяпер кіраўніцтва мае намер выпускаць у два разы больш, што адпаведна павялічыць колькасць небяспечных выхлапаў на блізкіх тэрыторыях.

Таксічныя адходы акумулятарнага завода "Айпаўар" у Берасці неаднаразова перавышалі нарматыўныя колькасці, хоць завод афіцыйна знаходзіўся ў стадыі пуска-наладачных працаў і яшчэ не пачаў працаваць.

Заяўленая колькасць выкідаў, названая перад будаўніцтвам, складала дакладныя 3 кілаграмы небяспечных адкідаў за год. Але факты даследаванняў гэтай лічбы нікім не пацверджаныя, такім чынам, колькасць узятая на аснове здагадак кіраўніцтва. Грунтуючыся на звестках аналагічных заводаў па ўсім свеце, можна сказаць, што колькасць выкідаў значна перавышае заяўленыя 3 кілаграмы.

Свінец – гэта цяжкі метал, таксічны ў вельмі невялікіх дозах, ён стварае вострае і хранічнае ўздзеянне на здароўе чалавека. Гэта таксічнае рэчыва, якое мае поліарганнае функцыянальнае дзеянне і здольнае выклікаць негатыўныя неўралагічныя наступствы, а таксама адмоўна ўплываць на сэрцава-судзінную сістэму, ныркі, страўнікава-кішачны тракт, крывяносную і рэпрадуктыўную сістэмы. Характар і цяжар наступстваў залежыць ад узроўню, даўжыні і часу ўздзеяння. Свінец назапашваецца ў костках і можа быць крыніцай уздзеяння ў наступныя гады жыцця.

Свінецарганічныя злучэнні, якія вылучаюцца на вытворчасцях, яшчэ больш таксічныя, чым неарганічныя формы свінцу.

У свабодных эканамічных зонах Беларусі, якія знаходзяцца ў межах кожнага абласнога цэнтра, будуюцца небяспечныя для насельніцтва заводы. Нізкі кантроль якасці працы, адсутнасць нормаў тэхнікі бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя на гэтых прадпрыемствах можа прывесці да экалагічных катастрофаў на тэрыторыі нашай краіны.

Дакументы, якія дазваляюць будаўніцтва і пуск такіх прадпрыемстваў, з'яўляюцца фікцыяй, бо не падмацаваныя выпрабаваннямі і незалежнай экспертызай. А іхняе будаўніцтва ў рысах горада становіцца абуральным парушэннем усіх міжнародных нормаў.

Вольныя эканамічныя зоны практычна не абкладаюцца падаткамі. Менавіта таму кішаць любымі шкоднаснымі прадпрыемствамі. Лукашэнка ператварае здароўе народа Беларусі ў асабісты бізнэс, у якім ідзе поўнае грэбаванне самым галоўным – жыццём людзей.

Страйк абавязаны закрануць не толькі горадаўтваральныя гіганты, але і кожнае небяспечнае для нас прадпрыемства. Ад нашай грамадзянскай волі залежыць як лёс і будучыня нашай краіны, так і здароўе нацыі.

Сістэмныя пратэсты берасцейцаў практычна поўнасцю спынілі запуск берасцейскага завода. Дадаўшы да нашай пазіцыі выразны страйк, мы пакладзем узурпатара і ягоныя кішэні на лапаткі. Спынім вайну і пачнем жыць у свабоднай і незалежнай краіне.

Страйкуй, Беларусь!

Арцём Чэрнікаў, спецыяльна для тэлеграм-канала "Баста!"

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках