19 красавiка 2024, Пятніца, 16:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Дылеўскі: Беларусь чакаюць галодныя бунты

13
Сяргей Дылеўскі: Беларусь чакаюць галодныя бунты

Многія прадпрыемствы проста спыняцца.

У Беларусі затрымана кіраўніцтва незалежных прафзвязаў. Чаму рэжым Лукашэнкі надумаў пачаць рэпрэсіі супраць арганізацый, якія займаюцца правамі працоўных? Пра гэта сайту Charter97.org распавёў лідар Беларускага аб'яднання працоўных Сяргей Дылеўскі:

- Усё да гэтага і ішло. Я неаднаразова казаў, што рэпрэсіі ў дачыненні да арганізацый, якія абараняюць правы працоўных, будуць. Затрыманне таго ж Ярашука, прайшлі ператрусы і арышты ў першасных арганізацыях, - гэта заканамерны вынік дзеянняў рэжыму Лукашэнкі.

Таксама адзначу, што калі Беларускае аб'яднанне працоўных абвясціла страйк, то асаблівай падтрымкі ад гэтых лідараў не было. Таварыш Ярашук з незразумелых прычын выказваўся супраць абвяшчэння страйку ў Беларусі. Матывы сваёй пастановы ён не тлумачыў. Як кіраўнік Беларускага кангрэсу незалежных прафзвязаў ён мае нейкую вагу, таму і астатнія прафзвязныя арганізацыі нас не падтрымлівалі на той момант. Страйк мог бы дапамагчы пазбегнуць гэтых рэпрэсій.

- Ці чакаць рэакцыі міжнародных арганізацый і прафсаюзаў на сітуацыю з працоўным рухам у Беларусі?

- Упэўнены, што яна павінна быць. І Міжнародная арганізацыя працы, і незалежныя прафзвязы на Захадзе, якія сапраўды з'яўляюцца незалежнымі - еўрапейскія, амерыканскія - яны проста абавязаны рэагаваць на гэтую сітуацыю. Цалкам магчыма, гэта прывядзе да новых санкцыйных пакетаў, новых вагароў ціску на хунту. Таксама нам самім трэба выяўляць салідарнасць і падтрымку нашым таварышам, якія апынуліся за кратамі.

— Што вам расказваюць беларускія рабочыя аб сітуацыі на прадпрыемствах?

- Становішча проста жахлівае. Цэлы шэраг прадпрыемстваў праз ваенныя дзеянні Расеі ва Украіне, праз санкцыі проста не могуць нармальна функцыянаваць. Няма тавараабароту, няма закупак запчастак, няма дэталяў для прадукцыі. Бо ні для каго не сакрэт, што толькі нямногія беларускія прадпрыемствы могуць поўнасцю вырабляць нейкую прадукцыю. У тых, якія могуць, зараз няма магчымасці збыць гэтую прадукцыю, бо страчаны асноўныя рынкі.

Калі падсумаваць – сітуацыя сумная, а ў працоўных колах людзі чакаюць, што будзе далей.

- Па якіх галінах нанесены самы моцны ўдар?

- Можна сказаць, што акрамя харчпраму пацярпелі ўсе галіны. Харчпрам сутыкнуўся толькі з тым, што выраслі кошты. Калі браць машынабудаўнічую вытворчасць, то праз нястачу дэталяў яна проста не можа нармальна функцыянаваць. Калі браць горназдабывальную прамысловасць - няма рынку збыту, «Беларуськалій» проста спыняецца, «Гродна Азот» - сітуацыя тая ж самая. Няма рынкаў збыту, што можа заўтра ўжо спыніць прадпрыемства.

Санкцыі, лагістычныя праблемы, страты рынкаў збыту - усё ўплывае разам. Санкцыі вядуць за сабой праблемы, блакаванне закупак, яшчэ раз паўтару, дэталяў. Страта рынкаў збыту вядзе да памяншэння заробкаў. Вайна ва Украіне прывяла да страты вялізнага рынку, ён на працягу аднаго дня для Беларусі перастаў існаваць.

- Ці чакаць прыпынення беларускіх прадпрыемстваў праз эканамічныя прычыны?

- Тэхнічныя прыпыненні будуць. І «Беларуськалій», і БМЗ, і завод «БелДжы», які прастойвае з 16 сакавіка. Гэта будзе назапашвацца снежным комам. Дзяржпрадпрыемствы спрабуюць казаць, што «забяспечваюць сябе самі». Гэта поўная абсалютная лухта. Цяпер прадукцыя вырабляецца з запасам і ідзе на склад. Сёння-заўтра гэтыя прадпрыемствы будуць спыняцца.

- Улады кажуць, што ў «нас усё купяць Кітай і Расея». Не будзем далёка хадзіць, вы працавалі на Менскам трактарным заводзе, ці атрымаецца адпраўляць нашыя трактары ў Кітай замест Украіны?

- Нашы трактары там дакладна не патрэбныя. У Кітая ёсць свая вытворчасць, якая, як смешна не гучыць, больш якасная за беларускую, плюс таннейшая.

Кітайцы не будуць закупляць трактары, ды і зараз не 70-я гады, калі Японія скупляла ў СССР трактары і аўтамабілі дзеля металу. Рынкаў сыравіны і тэхнікі стае. Няма сэнсу набываць нашу прадукцыю.

- Да чаго прывядуць прыпыненні ключавых прадпрыемстваў, на якіх трымаюцца цэлыя гарады?

- Людзі застануцца без грошай. Возьмем прыклад той жа «Беларуськалій», які з'яўляецца горадаўтваральным прадпрыемствам. Шэраг работнікаў ужо ідзе на, можна сказаць, «парка-гаспадарчыя дні». Простай мовай - падмятаюць вуліцы. Гэта робіцца дзеля таго, каб людзям плацілі заробак. Прапануюць грамадскія працы, за якія плацяць нейкі сярэдні заробак. Гэта ўжо ёсць. Калі ж скончацца грошы, то пачнуцца галодныя бунты.

Рабочыя пакуль не ведаюць, што рабіць менавіта ў гэтым моманце. Сёння ніякая арганізацыя або лідар не можа ім на сподачку з залатой аблямоўкай паднесці план дзеянняў. Людзі разумеюць, што пакуль яны нічога самі не пачнуць рабіць, то нічога не ссунецца і надыдзе час, калі яны будуць галадаць.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках