28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ліга Нацый - ААН - ?

28
Ліга Нацый - ААН - ?
АНДРЭЙ САННІКАЎ

Пара падумаць аб арганізацыі, якая здольная караць за злачынствы.

Ліга Нацый узнікла пасля першай сусветнай вайны ў 1919-1920 гадах як арганізацыя, закліканая прадухіліць новую вайну.

Ніякай Расеі там першапачаткова не было. Не было і СССР, які ўтварыўся пазней, але Ліга не гарэла жаданнем яго прымаць.

СССР стаў чальцом Лігі Нацый у 1934 году, калі ў Нямеччыне ўжо прыйшоў да ўлады Гітлер, а ў Еўропе ўзнімаў галаву фашызм.

Нібыта давайце іх прымем, каб супраць горшага зла змагацца. Гэта як па-сённяшняму прыняць у G7 і ў 20-ку, і ў Раду Еўропы і да г.п.

Выключылі СССР у 1939 году не таму, што бальшавікі напалі на Фінляндыю, а таму (увага!), што сусветная грамадскасць была абураная нахабнай правакацыяй Саветаў, і ўрады з Лігі Нацый змушаныя былі прыняць пастанову аб выключэнні агрэсара.

На гэтым, уласна, гісторыя Лігі Нацый і скончылася.

Стала ясна, што закладзеныя ў ёй механізмы не змаглі прадухіліць буйнамаштабную вайну.

Яшчэ да фармальнай ліквідацыі Лігі Нацый была створаная Арганізацыя Аб'яднаных Нацый з новымі механізмамі і з ранейшай задачай - прадухіліць новую буйнамаштабную вайну.

Гэтай задачы ААН сяк-так даваў рады, хаця войны здараліся, і войны крывавыя, але міжнародныя чыноўнікі прыдумалі сабе апраўданне: лепш гаварыць, чым страляць.

І гаварылі, гаварылі, гаварылі…

Да поўнага выпусташэння ААН.

Незадаволеных арганізацыяй дзейнасці ААН было шмат. Пытанне аб рэфармаванні Рады Бяспекі стаіць даўно. Пасля раскідання СССР яно актуалізавалася. На месца сталых сябраў прэтэндуюць Нямеччына, Японія, Мэксіка, Індыя, Італія, Бразілія... Але як жа рэфармаваць Раду Бяспекі, калі там Расея і Кітай стаяць мурам, баронячы сваё права забіваць людзей, блакуючы ўсякія спробы асудзіць гэтыя забойствы самай прадстаўнічай міжнароднай арганізацыяй. .

Ліга Нацый прызнала сваю няздольнасць прадухіліць вайну і склала паўнамоцтвы.

ААН, якая давяла сваю няздольнасць спыніць вайну, і не адну, самараспускацца і не думае, нават рэфармавацца не мерыцца.

Гэта азначае адну простую рэч: у дачыненні да Украіны ААН, як арганізм, будзе рабіць усё для самазахавання, а не для ўтаймавання агрэсара, Расеі.

АБСЕ (Арганізацыя бяспекі ды супрацоўніцтве ў Еўропе) - гэта такі навабуд сярод міждзяржаўных арганізацый, таксама закліканая захоўваць міжнародны супакой і бяспеку.

Які супакой і бяспека? АБСЕ не можа нават паўплываць на абсалютна нахабных псіхапатаў-дыктатараў у сваім рэгіёне, з Расеі, Беларусі, Казахстана, Азербайджана, Таджыкістана, Туркменістана!

Закладзеныя ў АБСЕ механізмы проста не працуюць падчас масаванага, а цяпер яшчэ і вайсковага наступу на дэмакратыю.

Вы думаеце, хто-небудзь узняў пытанне аб форс-мажоры, аб неадпаведнасці АБСЕ таму, што цяпер адбываецца? Я такіх не ведаю, можа, Вам пашанцуе.

Рада Еўропы, які стаіць на варце правоў чалавека і дэмакратыі - класная арганізацыя. Толькі вось абсяг дэмакратыі ў свеце імкліва звужаецца, а Рада Еўропы ўсё стаіць і стаіць на яе варце.

Ва ўсіх гэтых арганізацыях моцныя пазіцыі краін з аўтарытарнымі і дыктатарскімі рэжымамі. Гэта абсурд, вядома, але гэта факт.

Пытанне ў іншым: чаму дэмакратычны свет неўнікнёна клапоціцца аб тым, каб патураць усялякім нягоднікам, а не аб тым, каб умацоўваць тыя самыя вартасці, якія так высакародна прапісаныя ў статутах гэтых арганізацый?

Пытанне рытарычнае, прабачце.

Але ёсць і зусім ужо дэмакратычны звяз зусім ужо дэмакратычных дзяржаў - Еўрапейскі Звяз. І ўся надзея на яго, куды, з аднаго боку, не ўваходзяць аўтаркіі, а з іншага - сканцэнтраваныя самыя дзейсныя інструменты ўплыву на сітуацыю ў Еўропе, дый ў свеце. Але ў гэтым самім Еўразвязе чамусьці заўсёды ёсць лабісты дыктатур і агрэсараў. Нават і не разумею, чаму. Бо не дзеля грошай.

Здавалася б, Расея напала на Еўропу, Пуцін імкнецца знішчыць Украіну, дзе, дарэчы, акрамя ўкраінцаў жывуць і вугорцы, і румыны, і грэкі ды іншыя нацыянальнасці з ЕЗ, а ў самім Еўразвязе ўсё яшчэ супраціўляюцца і санкцыям супраць Расеі, і дапамозе Украіне.

Дзіўна, што нават у ЕЗ, міждзяржаўнай арганізацыі з дастаткова прафесійнай бюракратыяй, дагэтуль не створаная хаця б група высокага ўзроўню ў пытаннях вайны ва Украіне. Гэта ім было б нескладана зрабіць, і гэта падвысіла б эфектыўнасць іхняй дзейнасці ды дапамогі Украіне, і нават дазволіла б развязаць пытанне з блакадай асобнымі краінамі санкцый і паставак зброі. Мабыць, мэта не ў рэальнай дапамозе Украіне, а ў памяншэнні шкоды для сябе ад гэтай вайны.

Спробы ўтрымацца за стары свет, за старыя міжнародныя арганізацыі асуджаныя на крах.

Учорашні свет быў расстраляны і знішчаны Расеяй ва ўкраінскай Бучы.

Правілаў гульні, якія былі яшчэ ўчора, сёння не існуе.

Патрэбны новыя правілы: усе сродкі законныя і апраўданыя, каб спыніць забойствы цывільных грамадзян, старых, дзяцей, жанчын.

Усе сродкі маюць быць ужытыя, каб выратаваць Украіну, а значыць, выратаваць свет.

А калі міжнародныя арганізацыі не маюць такіх магчымасцяў або яны не хочуць іх бачыць і ўжываць, то гэтым арганізацыям пара на заслужаны адпачынак.

Нават ААН, бо балбатня не ратуе ад забойстваў.

Пара падумаць аб агульначалавечай арганізацыі, якая не толькі апісвае злачынствы, але і здольная за іх караць.

Андрэй Саннікаў, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», «Фэйсбук»

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках