29 чэрвеня 2022, Серада, 19:35
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Амаль 8 тысяч прэміяльных аўтамабіляў для Расеі затрымаліся ў Бельгіі праз санкцыі

8
Амаль 8 тысяч прэміяльных аўтамабіляў для Расеі затрымаліся ў Бельгіі праз санкцыі

Акрамя аўтамабіляў, у Зебругу затрымаліся і іншыя розныя тавары.

У бельгійскім порце Зебругу праз эканамічныя санкцыі былі заблакаваныя амаль 8 тысяч прэміяльных аўтамабіляў, якія павінны былі быць адпраўленыя ў Расею. Гаворка ідзе, у тым ліку, аб новых мадэлях Mercedes-Benz, Lexus і Cadillac, паведамляе Autonews.ru.

Машыны прыбылі морам у Бельгію з Азіі яшчэ ў пачатку красавіка, аднак былі заблакаваныя ў краіне ў сувязі з санкцыямі Еўразвязу, якія забараняюць пастаўляць у Расею прадметы раскошы коштам, большым за 50 тысяч еўраў. Такім чынам, праз абмежаванні аўтамабілі для расейскага рынку не змаглі прайсці мытныя працэдуры.

Акрамя аўтамабіляў, у Зебругу затрымаліся і іншыя розныя тавары, на якія таксама распаўсюджваецца дзеянне санкцый. На складах знаходзяцца, у тым ліку, запчасткі для самалётаў, паўправаднікі і хімікаты для Расеі. Агульны аб'ём затрыманага грузу складае бязмала 1 тысячу кантэйнераў.

Генеральная сакратарка Еўрапейскай арганізацыі марскіх партоў (ESPO) Ізабэль Рыкбаст заявіла аб блытаніне, звязанай са складанасцямі ў разуменні ўведзеных супраць Расеі санкцый. Аператары партоў часта не разумеюць, як дакладна інтэрпрэтаваць абмежаванні, бо правілы могуць збіць з панталыку праз вялікую колькасць выключэнняў.

Плюс да ўсяго такая праблема ўзнікла і ў іншых буйных еўрапейскіх экспартных хабах. Напрыклад, некалькі тысяч аўтамабіляў, прызначаных расейскім пакупнікам, затрымаліся ў Фінляндыі. Зрэшты, гаворка ідзе аб машынах BMW, а таксама аб пазадарожніках Toyota і Lexus.

Нагадаем, у сярэдзіне сакавіка Еўразвяз наклаў эмбарга на пастаўкі ў Расею прадметаў раскошы. У санкцыйны спіс патрапілі і транспартныя сродкі коштам 50 тысяч еўраў і больш. Такім чынам, пад санкцыі трапляюць «старэйшыя» мадэлі прэміяльных нямецкіх брэндаў BMW, Mercedes-Benz і Audi, а таксама ўсе аўтамабілі раскошных марак, такіх як Lamborghini і Ferrari. Пры гэтым усе гэтыя кампаніі ўжо абвясцілі аб часовым прыпыненні паставак машын расейскім дылерам.

Акрамя таго, раней аб забароне паставак у Расею прадметаў раскошы на фоне падзей на Украіне абвясцілі ЗША. У спіс санкцыйных тавараў, дарэчы, патрапіла адзенне, абутак, парфумерыя, а таксама легкавыя аўтамабілі і электракары. Нарэшце, у пачатку красавіка эмбарга на пастаўку дарагіх аўтамабіляў увяла Японія. У «чорны спіс» унеслі новыя і патрыманыя машыны коштам ад 6 млн ен (блізу 46,6 тыс даляраў цяперашнім курсам).

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».