23 траўня 2022, панядзелак, 3:02
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэвід Крамер: Захад будзе ціснуць на Лукашэнку, пакуль ён не сыдзе

35
Дэвід Крамер: Захад будзе ціснуць на Лукашэнку, пакуль ён не сыдзе
ДЭВІД КРАМЕР
ФОТА: OPENUKRAINE.ORG

Лідары дэмакратычнага свету больш ніколі не паціснуць дыктатару руку.

Як Захад можа дапамагчы Украіне? Чаму Лукашэнку трэба прызнаць спонсарам тэрарызму? Ці ёсць магчымасць прыцягнуць яго да адказнасці?

Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з навуковым супрацоўнікам Міжнароднага Універсітэта штата Фларыда, былым памочнікам дзяржсакратара ЗША ў пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека ў адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага, экс-дырэктарам Freedom House Дэвідам Крамерам.

- У сваім нядаўнім выступе ў Палаце прадстаўнікоў вы адзначылі, што адміністрацыя Байдэна зрабіла выдатную працу, але трэба зрабіць яшчэ больш. Што яшчэ могуць зрабіць ЗША для дапамогі Украіне?

- Пачну з таго, над чым, на мой погляд, адміністрацыя папрацавала вельмі добра: узровень каардынацыі з хаўруснікамі быў беспрэцэдэнтным. Мы бачылі ўнікальны рэжым санкцый, якія былі накладзеныя на рэжым Пуціна і на Расею. Гэта адбылося дзякуючы вялікай дыпламатычнай рабоце, праведзенай дзяржсакратаром Блінкенам і іншымі прадстаўнікамі адміністрацыі Байдэна ў падрыхтоўцы да такога варыянта развіцця падзей.

Варта пахваліць адміністрацыю за павелічэнне вайсковай прысутнасці ЗША ў рэгіёне, у краінах, якія мяжуюць як з Украінай, так і з Расеяй. Таксама адміністрацыя прэзідэнта ЗША заслугоўвае падзякі за няспыннае наданне вайсковай дапамогі Украіне.

Аднак у гэтым аспекце ў мяне ёсць некаторая крытыка: мяркую, што ў адміністрацыі былі звесткі, якія паказвалі, што Пуцін планаваў уварванне, нягледзячы на тое, што б ні зрабілі Злучаныя Штаты. І калі гэта сапраўды так, то я б сказаў, што Вашынгтону і ягоным хаўруснікам трэба было даць больш вайсковай дапамогі Украіне.

Вайсковая дапамога значная: блізу 3,4 мільярда даляраў з пачатку вайны, але мне б хацелася, каб значная частка гэтай дапамогі была выдадзеная загадзя.

Таксама думаю, што адміністрацыя павінна быць асцярожнай, кажучы пра тое, чаго яна не будзе рабіць. Няма прычын тэлеграфаваць Пуціну, дзе нашыя абмежаванні. І таму я уважаў за лепшае, каб Пуцін задаваўся пытаннем, што Злучаныя Штаты будуць рабіць, замест таго, каб ён ведаў, чаго мы рабіць не будзем.

І затым (гэта тычыцца не столькі адміністрацыі Байдэна, колькі нашых еўрапейскіх хаўруснікаў), думаю, што санкцыі ў дачыненні да ўсяго расейскага энэргетычнага сектара крытычна важныя. Злучаныя Штаты забаранілі імпарт расейскага вугалю, нафты і газу, але Еўропа яшчэ не пайшла на гэты крок. Хаця ўсё часцей ідуць размовы аб забароне і ўвядзенні санкцый на расейскія нафту і газ. Яны забаранілі імпарт расейскага вугалю, але Пуцін атрымлівае ў сярэднім мільярд даляраў прыбытку за дзень ад экспарту расейскіх энэргарэсурсаў у Еўропу. Гэта значна больш за тую вайсковую і эканамічную дапамогу, якую еўрапейцы надаюць Украіне. Так што, думаю, у гэтым кірунку трэба зрабіць значна больш.

Вяртаючыся да пытання аб вайсковай дапамозе, яна павялічваецца, але мы бачым, як украінцаў масава забіваюць у такіх месцах, як Марыюпаль, Буча і іншых. І пакуль гэта адбываецца, мы павінны працягваць у значных маштабах павялічваць узровень вайсковай дапамогі Украіне.

- Можа, ЗША і хаўруснікам варта закрыць неба над Украінай, каб зменшыць колькасць ахвяр?

- Беспалётная зона - гэта складанае пытанне. У расейскай авіяцыі няма дамінацыі ў гэтым канфлікце. Шмат у чым - дзякуючы ўкраінскім сістэмам СПА. Расейцы не змаглі разгарнуць свае ВПС у такой ступені, як гэтага чакалі многія аналітыкі. Замест гэтага мы бачылі артылерыйскія абстрэлы з расейскага боку. Гаворачы аб бескарыснай зоне, гэта значыць аргументы як "за", так і "супраць". Аргументам "за" будзе тое, што гэта можа спыніць паветраныя бамбаванні супраць украінцаў. Кантраргументам з'яўляецца тое, што гэта можа прывесці да прамога канфлікту паміж Злучанымі Штатамі і Расеяй.

Мне здаецца, што гэтая дыскусія не такая вострая, як раней, зноў жа, збольшага таму, што расейскія ВПС не адыгралі ў гэтым канфлікце вельмі істотнай ролі, прынамсі – пакуль. І гэта адбываецца зноў жа дзякуючы ўкраінцам.

- Калі Захад выпусціў апошнюю магчымасць спыніць Пуціна?

- Мы павінны памятаць, як Пуцін прыйшоў да ўлады. Гэта было ў 1999-2000 гадах падчас жорсткай вайсковай кампаніі супраць Чачэніі, якая з'яўляецца часткай Расейскай Федэрацыі. Гэта паказвае, як мала каштоўнасці Пуцін надае чалавечаму жыццю, калі ён так абыходзіцца з уласнымі расейскімі грамадзянамі, раўняючы з зямлёй Грозны. Потым мы бачылі гэта ў сірыйскім Алепа.

Думаю, што выпушчаная магчымасць была з Грузіяй, з уварваннем у 2008 годзе, калі праз некалькі месяцаў адміністрацыя Абамы выступіла з палітыкай "перазагрузкі", якая, фактычна, дала Пуціну сігнал аб тым, што яго дзеянні ў Грузіі засталіся ў мінулым, што ЗША будуць глядзець наперад.

І я думаю, што тады стварылася ўражанне, што яму можа сысці з рук нешта такое ж ва Украіне, што ён і паспрабаваў зрабіць у 2014 годзе. Такім чынам, ёсць паслужны спіс абуральных парушэнняў правоў чалавека, жудаснага абыходжання з цывільнымі асобамі. Наўмысная палітыка расейскіх вайскоўцаў і расейскіх сіл бяспекі ў забойстве мірных жыхароў.

- Калі б Захаду ўдалося спыніць Лукашэнку ў 2020 годзе, маштабнай вайны супраць Украіны можна было б пазбегнуць?

- Думаю, гэта так. Уважаю Лукашэнку за памагатага ў пуцінскай агрэсіі ва Украіне. Ён поўнасцю падтрымліваў тое, што зрабіў Пуцін, неаднаразова сустракаўся з ім да і нават пасля 24 лютага. Думаю, што Лукашэнка даў расейскім сілам дадатковую платформу для пачатку аперацый. Варта патлумачыць: большасць з іх не былі вельмі паспяховымі, але яны адцягнулі ўкраінскія сілы, якія эфектыўна адбілі наступленне расейскіх войск, якія прыйшлі з тэрыторыі Беларусі.

Калі б іх не было ў Беларусі з самага пачатку, Украіна была б у яшчэ больш выгадным становішчы для абароны сваіх усходніх тэрыторый. Хаця Расея не атрымала перамогу ў выніку выкарыстання тэрыторыі Беларусі, не сумняваюся, што Лукашэнка нясе адказнасць за тое, што дазволіў расейскім сілам выкарыстоўваць сваю краіну (фактычна, Беларусь ужо нават не ягоная краіна, бо легітымнасць ён страціў задоўга да гэтага) як пляцоўку для расейскіх аперацый.

- Цяпер шмат размоў аб трыбунале над Пуціным, але Лукашэнка ў гэтых размовах чамусьці губляецца. Ці павінны яны апынуцца на адной лаве падсудных?

- Мяркую, што Лукашэнка павінен паўстаць перад трыбуналам за грубыя парушэнні правоў чалавека. Але я б зрабіў гэты працэс асобным. Таму што я думаю, што ён нясе адказнасць за падзеі жніўня 2020 года, калі ён скраў выбары, а затым жорстка разагнаў мірных дэманстрантаў у Беларусі.

Я б выставіў яму абвінавачанні ў злачынствах супраць чалавечнасці. Разумею, што ў некаторых экспэртаў у галіне права можа быць іншае вызначэнне гэтага паняцця, але гэта было жорсткае і злоснае прыгнечанне пратэстаў, якое ўключала ў сябе гібель пратэстоўцаў, жорсткія катаванні людзей, кінутых у турмы толькі за тое, што яны скарысталіся сваім правам на свабоду слова і сходаў.

Так што, мне здаецца, Лукашэнка заслугоўвае выстаўлення такіх абвінавачанняў, у тым ліку — у выкраданні рэйса Ryanair, які накіроўваўся з Афінаў у Вільню ў траўні мінулага года. У тым ліку - у выкарыстанні мігрантаў з Блізкага Усходу і Паўднёвай Азіі ў якасці зброі мінулым летам і мінулай восенню, прычым пэўная колькасць людзей памерла ў выніку ўмоў, у якіх яны былі змешчаныя.

Такім чынам, у Лукашэнкі шмат крыві на руках і, на мой погляд, яго трэба судзіць асобным судом, у тым ліку - праз падтрымку вайны Пуціна супраць Украіны і злачынстваў, якія Пуцін там чыніць. Лукашэнка падтрымлівае яго з першага дня.

- Заходнія краіны выкарыстоўваюць тэрмін "суагрэсар". Гэта больш палітычная заява ці вы бачыце нейкія шляхі для судовага пераследу ў гэтым пытанні?

- Лукашэнка - адзін з нямногіх "лідараў" (адзначу, што ён нелегітымны лідар), якія падтрымалі тое, што робіць Пуцін, не толькі рытарычна, але і даўшы тэрыторыю і прастору для дзеянняў расейскіх сіл. Так што, на мой погляд, ён стоадсоткава вінаваты ва ўдзеле ў гэтай агрэсіі і абсалютна заслугоўвае таго, каб паўстаць перад судом за суўдзел у пуцінскай вайне і ўварванні ва Украіну.

У той жа час, думаю, як я ўжо сказаў, што ён заслугоўвае таго, каб паўстаць перад асобным судом, акрамя яго падтрымкі пуцінскай агрэсіі, за тое, што ён зрабіў з народам Беларусі, а ўжо потым за яго дачыненне да пуцінскай вайны і ўварвання ва Украіну.

- Ці варта прызнаць рэжым Лукашэнкі спонсарам тэрарызму?

- Думаю, што прыйшоў час пазначыць "дзяржаўны" тэрор Лукашэнкі, выкарыстоўваючы "дзяржаўны" ў двукоссі, паколькі ён не з'яўляецца легітымным лідарам дзяржавы, але ўсё ж - гэта найлепшы спосаб пазначыць яго як тэрарыста.

Ён скраў цывільны авіялайнер. Ён падставіў пад небяспеку 126 пасажыраў і чальцоў экіпажа гэтага рэйса. Таксама ён выкарыстоўваў мігрантаў у якасці зброі. Ён прыцягнуў іх у Беларусь, а затым вымусіў перасекчы межы Польшчы і Літвы, падставіўшы іх пад сур'ёзную небяспеку. Так што, на мой погляд, ён займаўся тэрарыстычнай дзейнасцю, ён павінен быць названы такім і панесці пакаранне.

- Як дамагчыся таго, каб дыктатар сапраўды быў прыцягнуты да адказнасці?

- Думаю, хоць гэта і не прыцягненне да адказнасці, ёсць спосаб пазбавіць яго падтрымкі - увесці санкцыі супраць усіх расейскіх спонсараў: прыватных асоб, банкаў і іншых. Некаторыя з іх ужо пад санкцыямі ў выніку пуцінскага ўварвання ва Украіну, але Лукашэнка, на мой погляд, не стаў бы тым, кім ён ёсць, без падтрымкі Расеі. Такім чынам, калі вы хочаце аслабіць уладу Лукашэнкі, я б сказаў, што правільны шлях гэта - дабрацца да расейскіх крыніц падтрымкі.

Ён таксама атрымлівае фінансаванне і падтрымку ад краін Персідскай затокі, сярод іншага - ад ААЭ. І вось, мне здаецца, што гэтым краінам (ААЭ) трэба выставіць свайго кшталту ультыматум: вы можаце быць у добрых стасунках з ЗША і можаце быць з Лукашэнкам, з адным ці з другім, але не з абодвума. Так што я думаю, што прыйшоў час таксама ціснуць на гэтыя вонкавыя крыніцы падтрымкі Лукашэнкі, што не абавязкова прывядзе да адказнасці, але калі гэта паслабіць вагары ягонай ўлады, то ён, магчыма, не будзе знаходзіцца ва ўладзе цягам доўгага часу.

- У інтэрв'ю нашаму сайту вы заявілі, што дні Лукашэнкі палічаныя. Апошнія падзеі наблізілі развязку?

- Ён сапраўды (і ўжо даўно) нелегітымны лідар. Не думаю, што ён быў легітымным лідарам да жніўня 2020 года, але дакладна пасля жніўня 2020 года ніхто ў дэмакратычным свеце не ўважае яго за легітымнага лідара.

У лютым таго ж года яго наведаў дзяржсакратар Майк Пампэа. Ёсць фатаграфіі поціскаў рукі і ўсмешак. Не думаю, што вы калі-небудзь яшчэ ўбачыце дзяржсакратара ЗША, які едзе ў Менск і сустракаецца з Лукашэнкам. Думаю, гэта была памылка з боку Пампэа. Джон Болтан таксама сустракаўся з ім за некалькі месяцаў да гэтага, у 2019 годзе. Вы больш ніколі не ўбачыце, як афіцыйныя асобы ЗША сустракаюцца, паціскаюць руку і жартуюць разам з Аляксандрам Лукашэнкам. Не думаю, што вы калі-небудзь убачыце, каб так рабілі якія-небудзь заходнія лідары. Канцлерка Мэркель тэлефанавала Лукашэнку падчас міграцыйнага крызісу - гэта, думаю, было памылкай, гэтага рабіць не варта.

Ніхто ў паважаных краінах не ўважае Лукашэнку за легітымнага лідара. Думаю, гэта азначае, што яго дні злічаныя. Проста не ведаю, калі менавіта гэта скончыцца. І чым больш мы зможам аслабіць Расею і ўвесці санкцыі супраць яе, тым менш у Пуціна будзе магчымасцяў падтрымліваць Лукашэнку ва ўладзе.

Спадзяюся, што народ Беларусі разумее, што ягоныя намаганні ў 2020 годзе былі не марныя, што Захад па-ранейшаму на ягоным баку, прызнае Лукашэнку нелегітымнай пагрозай для краіны і працягне ціснуць.

Мы не вернемся да таго, чым мы грашылі раней, а менавіта да санкцый і ізаляцыі, а пасля да паўторнага супрацоўніцтва. Фаза паўторнага супрацоўніцтва скончылася. Мы застанёмся ў фазе санкцый і ізаляцыі да таго часу, пакуль Лукашэнка не сыдзе.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».