29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якіх «сюрпрызаў» чакаць ад беларускага рубля?

28
Якіх «сюрпрызаў» чакаць ад беларускага рубля?

Прагноз эканаміста.

Якіх сюрпрызаў нам чакаць ад беларускага рубля, ці будуць далей расці кошты і наколькі ўскладніцца жыццё беларусаў, расказала myfin.by акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова.

Беларусы здаюць менш валюты праз праблемы з банкамі

- Статыстыка Нацбанку паказвае, што аб'ём продажу валюты беларусамі падае ўжо трэці месяц запар, і ў красавіку ён дасягнуў гадавога мінімуму. Калі раней насельніцтва здавала прыкладна па $1 млрд штомесяц, то цяпер продаж валюты крыху перавышае $730 млн. У чым прычына такога зніжэння?

- Напраўду аб'ём продажу валюты ўпаў не так моцна. Асабліва на фоне моцных ваганняў курса беларускага рубля ў лютым-сакавіку. Звычайная рэакцыя беларускага рынку ў такіх сітуацыях - хуткі рост куплі валюты і зніжэнне продажу. Тое, што сітуацыю ўдалося хутка купіраваць і беларускі рубель пачаў умацоўвацца, забяспечыла перавышэнне продажу валюты над купляй.

Што да падзення аб'ёмаў продажу валюты, то тут гуляе ролю некалькі фактараў. На мой погляд, цяпер істотная частка продажу валюты фізічнымі асобамі - гэта не столькі продаж валютных запасаў, колькі паступлення валютных пераводаў з-за мяжы. Многія беларусы цяпер працуюць за мяжой і пераводзяць валюту сваякам. Але апошнім часам у банкаў пачаліся сур'ёзныя праблемы з такімі пераводамі. Да таго ж, шмат хто думае, што наперадзе нас чакаюць сур'ёзныя праблемы з валютай, таму прытрымліваюць яе на потым. Думаю, што з часам людзі знойдуць альтэрнатыўныя спосабы пераводу сродкаў у Беларусь і сітуацыя ў гэтым кірунку будзе выраўноўвацца: продаж валюты будзе расці.

Падстаў для ўмацавання беларускага рубля няма

- Мяркуючы з апошніх публікацый Нацбанку і Белстату аб інфляцыі ў Беларусі, асноўным фактарам росту цэн называюцца вонкавыя ўмовы. Ці можна чакаць працягу інфляцыйнага ралі ці мы дасягнулі нейкага пункта раўнавагі?

- Добрым індыкатарам інфляцыі для нас з'яўляецца расейскі рынак. Там публікацыя звестак аб інфляцыі адбываецца штотыдзень. Мы бачым, што ў РФ ужо адбылося істотнае запаволенне росту коштаў у пачатку траўня. Тое, што Нацбанк асноўную ролю ў росце коштаў адводзіць вонкавым фактарам, не зусім карэктна. У высокай інфляцыі сваю ролю адыграў і скачок курса беларускага рубля. Цяпер пачынаюць гуляць ролю больш фундаментальныя фактары: парушэнне лагістычных ланцужкоў, рост выдаткаў на транспарт і новую лагістыку і інш. У падручніках па эканоміцы гэта называецца інфляцыя выдаткаў. Такім чынам рост інфляцыі выдаткаў будзе прадаўжацца, але хуткага скоку коштаў, як гэта было ў сакавіку, ужо не будзе.

У красавіку ў нас усё яшчэ высокая інфляцыя, але ў траўні яна будзе ўжо ніжэйшай. Ацаніць далейшыя перспектывы пакуль складана, бо не зусім зразумелыя канчатковыя лічбы росту выдаткаў. Іх пакуль цяжка ацаніць. Але, калі арыентавацца на прагнозы расейскага Цэнтрабанка аб інфляцыі, то і ў Беларусі яна ўжо дакладна будзе двухзначнай і цалкам магчыма, што дабяромся да значэння 20% за год.

Другі фактар інфляцыйнага ціску - гэта валютны курс. На гэты момант беларускі рубель умацоўваецца ўслед за расейскім. А расейскі рубель расце праз два фактары, якіх у Беларусі няма: адміністрацыйныя абмежаванні валютнага рынку і значнае скарачэнне імпарту. У Расеі імпарт падае значна хутчэй за экспарт. У Беларусі адваротная сітуацыя: экспарт будзе скарачацца хутчэй за імпарт. Таму што, па-першае, Беларусь не такая таксічная, каб замежныя кампаніі масава пакінулі рынак, як у РФ. Па-другое, асноўныя экспартныя пазіцыі Беларусі патрапілі пад санкцыі, у адрозненне ад расейскіх нафты і газу.

Таму падтрымліваючага фактара для беларускага рубля з боку замежнага гандлю ў нас няма, і цяперашняя сітуацыя з умацаваннем беларускага рубля часовая. Ёсць немалая імавернасць, што беларускі рубель у выніку пойдзе ў супрацьлеглы ад расейскага рубля бок і зноў пакажа дэвальвацыйную дынаміку.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках