29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Капуста даражэйшая за бензін: Што адбываецца з гароднінай у Беларусі?

18
Капуста даражэйшая за бензін: Што адбываецца з гароднінай у Беларусі?

Пакупнікі на рынках і ў крамах шакаваныя цэтлікамі.

У красавіку гэтага года гародніна ў Беларусі зноў падаражэла, дадаўшы ў кошце 13,17% у параўнанні з сакавіком, піша выданне «Беларусы і рынак». Ці пойдуць кошты на спад у найбліжэйшай будучыні ці прадоўжаць рух у бок павелічэння?

Капуста – плюс 2 рублі за месяц

Паводле звестак Белстата, у красавіку 2022 года гародніна ў нашай краіне стала даражэйшай на 13,17% у параўнанні з папярэднім месяцам. Такая сітуацыя была і ў сакавіку – рост коштаў гародніны склаў 12,03% да лютага гэтага года. У гадавым выразе кошт садавінагароднінай прадукцыі павялічыўся да 41,6% (сакавік 2022 года да сакавіка 2021 года).

Сярод гародніны ў красавіку падаражэлі больш за ўсё:

белакачанная капуста (95,98%),

свежыя агуркі (9,89%),

замарожаная гародніна (8,47%),

морква (4,15%),

рэпчатая цыбуля (3,89%),

буракі (2,11%).

У той самы час знізіўся кошт свежых памідораў (-15,34%) і салодкага перцу (-2,81%).

У коштавым выразе асабліва кідаецца ў вочы павелічэнне кошту белакачаннай капусты – плюс 2 рублі за месяц. Замарожаная гародніна дадала ў кошце 1,91 руб., свежыя агуркі – 0,59 руб.

Менш за ўсё белакачанная капуста ў красавіку 2022 года каштавала ў Гарадзенскай вобласці – 3,39 руб. (за кілаграм), даражэй за ўсё – у Магілёўскай вобласці (4,26 руб.). Мінімальны кошт замарожанай гародніны зафіксаваны ў Віцебскай вобласці – 7,78 руб., максімальны – у Гарадзенскай вобласці (9,82 руб.).

Як змяніліся кошты з пачатку года?

У студзені гэтага года ў параўнанні са снежнем 2021 года гародніна ў Беларусі прыбавіла ў кошце. Потым, у лютым 2022-га, пазначыўся адкат коштаў некаторых таварных пазіцыяў (бульба, капуста, буракі, замарожаная гародніна).

У сакавіку садавінагародніная прадукцыя зноў стала даражэйшай, а ў красавіку рост коштаў прадоўжыўся.

За студзень-красавік гэтага года кошт шэрагу гародніны ні разу не прадэманстраваў адкату назад, а стабільна павялічваўся кожны месяц. Такая тэндэнцыя характэрная для рэпчатай цыбулі, часнаку і морквы.

Тры месяцы запар (пачынаючы са студзеня) рос кошт свежых памідораў і салодкага перцу, і толькі ў красавіку пазначылася падзенне кошту ў параўнанні з сакавіком 2022 года.

Што далей?

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў заявіў, што кошты гародніны ў Беларусі ўжо з гэтага месяца будуць зніжацца.

«Прагназуючы сітуацыю гэтага месяца, з улікам умацавання курсу беларускага і расейскага рубля, [спадзяемся, што] кошты гародніны будуць зніжацца. Да таго ж атрымаем новы ўраджай. Гародніна будзе таннець, бо самі будзем яе больш вырабляць. Паўднёвыя рэгіёны, той жа Столінскі раён прапануе пакупніку свае агуркі і памідоры, таму кошты будуць падаць», – запэўніў кіраўнік МАРГ.

Аляксей Багданаў таксама патлумачыў, чаму вясной кошты рванулі ўгору. Паводле словаў міністра, сакавік у пытаннях коштаў прадуктаў быў не самым простым месяцам.

«Сакавік быў нестандартным месяцам, пакутавала, у прынцыпе, усё, не толькі кошты гародніны і садавіны. І ў сакавіку мы адчулі ўвесь эфект ад цяжкасці і падаражання лагістыкі, закрыцця межаў. Гэта ўсё ў комплексе паўплывала на кошт імпартных тавараў. Але для нашых пакупнікоў заўсёды быў выбар: хочаш – набываў даражэйшыя імпартныя тавары, хочаш – што было закладзена ў стабілізацыйныя фонды. Сёння ўсё гэта ёсць у крамах», – адзначыў Багданаў.

Міністр падкрэсліў, што ў красавіку ў параўнанні з тым, што было ў сакавіку, сітуацыя карэнным чынам змянілася. Напрыклад, кошты цытрусавых знізіліся на 8%, бананы ўпалі ў кошце на 9%.

Сапраўды, сітуацыя з садавіной у красавіку была значна лепшай, чым месяц таму. Кошт садавіны вырас у красавіку ўсяго на 1,14%, а многія таварныя пазіцыі (грушы, цытрусавыя, бананы, вінаград) збавілі ў кошце.

Але вось сітуацыя з гароднінай ніяк не змянілася. Наадварот, адбыўся далейшы рост коштаў. Калі ў сакавіку гэтага года гародніна падаражэла на 12,03% (да лютага), то ў красавіку – на 13,17% (да сакавіка).

На сёння вялікая верагоднасць таго, што кошты гародніны і надалей будуць расці. Беручы да ўвагі, што гадавая інфляцыя ў красавіку 2022 года разагналася да 16,8% (у сакавіку яна была на ўзроўні 15,9%).

Страта ўкраінскага рынку таксама не спрыяе стабілізацыі коштаў і ў цэлым сітуацыі на спажывецкім рынку. Бо значную частку гародніны Беларусь набывала ў паўднёвай суседкі. З Украіны актыўна ўвозілі бульбу (43% усяго імпарту ў 2021 годзе), буракі і моркву (56%), капусту (27%).

Новы ўраджай, вядома, у нейкай ступені нармалізуе сітуацыю. І на прылаўках крамаў (калі не здарыцца форс-мажору) будзе дастатковая колькасць айчыннай бульбы, морквы ці цыбулі. Аднак пытанне ж не толькі ў колькасці, але і ў якасці.

Ці не здарыцца так, што найлепшая садавінагароднінная прадукцыя адправіцца на экспарт, а падгнілая бульбачка, млявая капуста і морква памерам з мезенец апынуцца на прылаўках беларускіх крамаў?

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках