У Партугаліі арыштаваны дом Абрамовіча вартасцю 10 мільёнаў еўраў
10- 14.05.2022, 19:28
- 7,208

Расейскі алігарх спрабаваў прадаць яго незадоўга да пачатку вайны.
У партугальскім рэгіёне Альгарві арыштаваны дом расейскага алігарха Рамана Абрамовіча вартасцю 10 млн еўраў, паведаміла газэта Público (пераклад - dw.com).
Паводле звестак выдання, за 15 дзён да ўварвання Расеі ва Украіну кампанія Millhouse Views LLC, якая належыць інвестыцыйнаму холдынгу Абрамовіча, спрабавала прадаць гэтую нерухомасць, але партугальская дзяржаўная банкавая карпарацыя Caixa Geral de Depósitos паведаміла аб гэтым паліцыі. На патрабаванне МЗС Партугаліі рэгістрацыя ўласнасці была замарожаная з 25 сакавіка.
Пасля пачатку вайны ва Украіне Раман Абрамовіч трапіў пад жорсткія санкцыі Еўразвязу і Вялікай Брытаніі. Ягоныя актывы, у тым ліку лонданскі футбольны клуб "Чэлсі", былі замарожаныя. Тады Абрамовіч падпісаў умову пра продаж клуба кансорцыюму, у які ўваходзяць амэрыканскія бізнэсоўцы Тод Боэлі і Марк Уолтар, швайцарскі мільярдэр Ганс-Ёрг Віс ды інвестыцыйная кампанія Clearlake Capital.
Замарожванне актываў Абрамовіча
У сярэдзіне красавіка суд брытанскага вострава Джэрсі замарозіў актывы на агульную суму 7,3 млрд даляраў, якія маюць дачыненне да Рамана Абрамовіча. Гэта больш за палову багацця алігарха, якое ацэньваецца на 13,9 млрд даляраў. Акрамя таго, французскія ўлады сканфіскавалі дом Абрамовіча на Рыверы вартасцю 120 млн даляраў. Паводле звестак Daily Mail, гэта адна з 12 французскіх рэзідэнцый, сканфіскаваных у Абрамовіча.
У той жа час расейскі мільярдэр здалеў вывесці за межы ЕЗ дзве раскошныя яхты, якія знаходзіліся пад пагрозай арышту.