29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША гавораць з Шайгу: чаму Пуціну пара нервавацца

8
ЗША гавораць з Шайгу: чаму Пуціну пара нервавацца

Міністры абароны дзвюх краін гаварылі не толькі аб Украіне.

Міністр абароны ЗША Лойд Осцін упершыню з пачатку расейскага ўварвання пагаварыў з расейскім міністрам абароны Сяргеем Шайгу. У афіцыйных прэс-рэлізах ёсць толькі даволі бедныя дэталі іх размовы. Паведамляецца што, Осцін заклікаў да неадкладнага спынення агню ва Украіне і адзначыў важнасць падтрымкі сувязі. У сваю чаргу міністэрства абароны РФ паведаміла, што Шайгу і Осцін абмеркавалі «актуальныя пытанні міжнароднай бяспекі, у тым ліку сітуацыю ва Украіне», падкрэсліўшы, што размова адбылася на ініцыятыву ЗША. Аб тым, што азначае факт стасункаў міністраў для Украіны, "Апострофу" распавёў палітычны экспэрт Ігар Пятрэнка.

Хутчэй за ўсё, кантакты паміж ЗША і Расеяй не спыняліся, але вяліся не на ўзроўні афіцыйных асоб. Трэба разумець, што бакі заўсёды шукалі нейкія варыянты і пункты судакранання для таго, каб спыніць вайну і знайсці спосаб, які будзе прымальным для ўсіх. Улічваючы абставіны і паводзіны расейскіх войскаў ва Украіне, гэта ўсё, вядома ж, ускладнялася. На сёння ўжо ёсць пэўная стабілізацыя на фронце, і ёсць разуменне таго, што Украіна цяпер заняла пэўную пазіцыю, у той час як ЗША ўключыліся на такім узроўні, што саступіць яны ўжо не могуць.

Таму яны праводзяць кансультацыі для таго, каб Расея не закопвала сябе яшчэ далей. Зрэшты, размова ідзе аб растыражаваным пытанні ўжыванні ядзернай зброі - калі не стратэгічнай, то тактычнай. І хаця ЗША зацікаўленыя ў тым, каб Расея развалілася, але таксама іх хвалюе пытанне кантролю за ядзерным узбраеннем, частка якога знаходзіцца ў нестабільных рэгіёнах. У Вашынгтона відавочна ёсць разуменне таго, што цяперашняя ўлада Расеі і Пуцін - не самы найлепшы для іх варыянт. Таму тут у ЗША прысутнічае такая дылема выбару. Гэта значыць, з аднаго боку амерыканцы робяць усё, каб Пуцін сышоў, але з другога боку - пытанне пераемніка застаецца адкрытым. Гэта не значыць, што варта разглядаць Шайгу як пераемніка.

Хутчэй за ўсё, менавіта гэтая размова з'яўляецца чарадой сігналаў пасля рэзкіх дзеянняў ЗША ў бок Расеі, прынамсі, пасля закона аб ленд-лізе. Мэтай такіх сігналаў з'яўляецца выхад на пэўныя чырвоныя лініі далейшых дзеянняў у пытанні вайны ва Украіне і не толькі.

Паводле непацверджанай інфармацыі, у размове Осціна і Шайгу фігуравала Сірыя, адкуль Расея перакідвае войскі і частка тэрыторый можа пайсці да талібаў, што так ці інакш прывядзе да дэстабілізацыі ў блізкаўсходнім рэгіёне. Безумоўна, калі Расея заходзіла ў Сірыю, не ўсе былі рады такому кроку Масквы, але цяпер там ужо склаўся пэўны баланс, і таму калі цяпер у Сірыю зойдуць новыя гульцы, то гэта створыць пэўныя праблемы. Таму шырыня стасункаў ЗША і Расеі не вычэрпваецца толькі пытаннем вайны ва Украіне.

Што ж да самой сітуацыі, у якой апынуўся расейскі міністр абароны, то давайце скажам проста - Шайгу абрабіўся. Ён з'яўляецца міністрам абароны РФ, адным з «ястрабаў», якога ўважаюць за аднаго з ініцыятараў гэтай вайны. Але ў канчатковым выніку, замест 3-4 дзён ідзе ўжо 79-ы дзень вайны, і няма ніякіх дасягненняў.

Расея выключна займаецца тым, што мяняе свае мэты, а не чагосьці дасягае. Вядома ж, гэта выклікае вялізнае раздражненне ў Пуціна. Але проста памяняць Шайгу Пуцін не можа з некалькіх прычын. Шайгу - больш даўні чалавек у палітыцы, чым Пуцін, а такіх у прынцыпе засталося ў Расеі вельмі мала. Таму ў Шайгу ёсць свае пэўныя сувязі і пазіцыі. У дадатак адстаўка Шайгу будзе служыць прызнаннем памылкі або пройгрышу Пуціна, што не ўпісваецца ў пазіцыю Крамля, што «ўсё ідзе паводле плану». Але як падкрэсліў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім нядаўнім інтэрв'ю аднаму італійскаму тэлеканалу, цяпер Пуціну трэба думаць не пра захаванне свайго твару, а пра захаванне дзяржавы. І гэта фактычна цяпер - квінтэсенцыя таго, што сягоння адбываецца з Расеяй.

Таму, вядома, Пуцін незадаволены і не выключае таго, што альбо Осцін, альбо іншыя амерыканскія прадстаўнікі могуць намякаць Шайгу на малаімавернасць вялікіх поспехаў у вайне з Украінай найбліжэйшым часам, у тым ліку праз амерыканскія пастаўкі цяжкага ўзбраення, што ў сваю чаргу пагоршыць як сітуацыю на фронце, так і стаўленне Пуціна да Шайгу.

На фоне гэтага Шайгу могуць паступаць намёкі пра нейкія радыкальныя дзеянні, аж да адхілення Пуціна і засяроджвання ўлады ўжо ў руках Шайгу, каб дамаўляцца больш канструктыўна. Аднак такія камунікацыі, хутчэй, магчымыя не ў рамках тэлефоннай размовы, а пры асабістай сустрэчы двух міністраў абароны.

Зрэшты, пакуль што для Украіны факт гутаркі Осціна з Шайгу не ўплывае ні на што. Цяпер украінскі ўрад знаходзіцца ў сітуацыі, пры якой максімальнай саступкай для патэнцыйнай мірнай дамовы мог бы быць вынас пытання Крыма за дужкі, а самай крайняй тэарэтычнай саступкай - вынас тэрыторый АРДЛА за дужкі ў тым выглядзе, які існаваў да 24 лютага. У сваю чаргу Расея, прызнаўшы незалежнасць так званых «рэспублік», не можа дасягнуць поспеху ў гэтым кірунку, і спрабуе дасягнуць хоць чагосьці, што можна было б выставіць як перамогу і пасадзіць Украіну за стол перамоваў. Вось толькі чара шаляў у гэтай вайне паступова ссоўваецца ў бок Украіны.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках