МУС Літвы: Атака мігрантамі з Беларусі не скончылася
11- 16.05.2022, 17:26
- 9,148

У Вільні заявілі, што праз Расею сфармаваны новы маршрут нелегальнай міграцыі.
Таму атака мігрантамі з Беларусі не скончылася, піша Delfi.
Прадстаўнік МУС Літвы Дарус Дамаркас кажа, што «людзі прыбываюць у Маскву, а паколькі доступ у Беларусь не абмежаваны, яны прыбываюць у Беларусь». А далей «прадстаўнікі беларускага рэжыму накіроўваюць іх у Еўразвяз».
Літоўскія сілавікі фіксуюць нелегалаў не толькі з краінаў Блізкага Усходу, з Беларусі прыходзяць нават кубінцы. «У нас ёсць такія звесткі, што адбываюцца рэйсы ў Маскву не толькі з Блізкага Усходу, напрыклад, з Кубы, а потым цягніком у Беларусь, а з Беларусі ў Еўразвяз», — гаворыць Дамаркас.
Новую тэндэнцыю, калі мігранты дабіраліся ў Беларусь праз Расею, Міністэрства ўнутраных спраў Літвы заўважыла яшчэ ў сакавіку.
Сёлета літоўскія памежнікі адправілі назад у Беларусь 1621 замежніка, якія спрабавалі нелегальна перайсці мяжу. З пятніцы не было ніводнай спробы пераходу мяжы. Прадстаўнік МУС Літвы заклікае не супакойвацца і не страчваць пільнасці.
Захад усклаў адказнасць за міграцыйны крызіс на межах краін ЕЗ на ўладу Беларусі. Улетку 2021-га мігранты сотнямі ішлі ў Літву, з восені - у Польшчу. Польскія памежнікі штодзень фіксуюць спробы пераходу мяжы.