19 красавiка 2024, Пятніца, 9:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NYT: Саміт АДКБ прадэманстраваў ізаляцыю Пуціна нават сярод суседзяў

28
NYT: Саміт АДКБ прадэманстраваў ізаляцыю Пуціна нават сярод суседзяў

Вайну падтрымаў толькі рэжым Лукашэнкі.

Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін паклікаў «аднадумцаў» з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана на юбілейны саміт АДКБ. Падчас сустрэчы ён расказаў пра вайну ва Украіне, але падтрымку знайшоў толькі ў Беларусі.

Пра гэта паведамляе The New York Times.

«У пазалочанай зале Крамля Пуцін правёў саміт Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы, што з'яўляецца адказам NATO. АДКБ адзначала 30-годдзе свайго заснавання, але тое, што павінна было быць святочнай сустрэчай, хутка ператварылася ў дэманстрацыю ізаляцыі Пуціна нават сярод суседзяў Расеі», - піша NYT.

Дзеянні Пуціна ва Украіне падтрымаў, здаецца, толькі Аляксандр Лукашэнка. Выступаючы першым у тэлевізійнай частцы саміту, Лукашэнка раскрытыкаваў іншых сябраў АДКБ за недастатковую падтрымку Расеі і Беларусі перад заходнімі санкцыямі.

Ён нагадаў, што ў студзені АДКБ накіравала сілы ў Казахстан, каб падтрымаць урад краіны на фоне пратэстаў, але «пакінула Расею сам-насам падчас вайны ва Украіне».

«Ці з'яўляемся мы цяпер гэтак жа звязаны сувяззю салідарнасці і падтрымкі? Магчыма, я памыляюся, але, як паказалі апошнія падзеі, здаецца, што адказ - не», - сказаў ён, намякнуўшы на нядаўнюю адмову ўрада Казахстана дапамагаць РФ абыходзіць санкцыі.

Падчас галасавання ў ААН 2 сакавіка ў асуджэнні ўварвання РФ ва Украіну, Беларусь была адзінай постсавецкай краінай, якая прыняла бок Расеі.

«Паглядзіце, як маналітна галасуе і дзейнічае Еўрапейскі Звяз. Калі мы падзяляемся, нас проста раздушаць і разарвуць», - дадаў Лукашэнка.

Лідары чатырох іншых сябраў АДКБ - Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана - нават не згадалі Украіну ў сваіх тэлевізійных выступах.

Выданне адзначае, што ўварванне РФ ва Украіну паставіла краіны-сябры АДКБ у цяжкае становішча. Усе яны маюць цесныя эканамічныя і вайсковыя сувязі з Расеяй, але ўварванне Пуціна на тэрыторыю суверэннай Украіны стварае прэцэдэнт для краін, якія імкнуцца дыверсіфікаваць сваю знешнюю палітыку за межамі Масквы.

«Пуцін, выступаючы на саміце, зноў паспрабаваў апраўдаць сваё ўварванне, зманіўшы, што «ва Украіне даўно пануе неанацызм». Але ён прыняў больш узважаны тон у абмеркаванні верагоднага ўступлення Швецыі і Фінляндыі ў NATO - гэта доказ таго, што Пуцін, здаецца, спрабуе абмежаваць эскалацыю свайго канфлікту з Захадам», - піша выданне.

Адносна пастановы Фінляндыі і Швецыі аб уступленні ў NATO Пуцін зазначыў, што Расея «не мае праблем з гэтымі дзяржавамі», а пашырэнне NATO за кошт гэтых дзвюх дзяржаў «не нясе нам прамой пагрозы».

Як паведамляў УНИАН, у панядзелак, 16 траўня, у Маскве пачаўся першы з 2019 года вочны саміт Арганізацыі Дамовы калектыўнай бяспекі (АДКБ), у якую ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках